Чарговыя рэсурсы дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Хронікі рэпрэсій 27 кастрычніка
Суд Смалявіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкай» TikTok-старонку Сяргея Ціханоўскага. Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі TikTok-старонка «volyabela» і старонка ў Threads «free_zhlobin», Telegram-акаўнты «Dzmitryj Spirydай», «Ихтиандры Бреста», сайт «1pr.lіvе», старонка ва «Укантакце» «ДОЛОЙ ЛУКАШЕНКО», сайт «Militant Zone», а таксама старонка ва «Укантакце» «MILITANT BLACK METAL – SHOP».

У Гродне затрымалі былога палітвязня Аляксандра Лаўрэнцьева
Яго арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Ён павінен выйсці на волю 1 лістапада, піша «Гарадзенская Праваабарона».
Мужчыну ў 2022 годзе асудзілі да 3 гадоў і 4 месяцаў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады». Улетку 2024 года Аляксандру дадалі яшчэ 1 год зняволення паводле артыкула 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Лаўрэнцьеў цалкам адбыў тэрмін і гэтым летам выйшаў на волю.
Аляксандр — палітычны актывіст з Гродна. У 2017 годзе ён выступаў на акцыях пратэсту, звязаных з увядзеннем «падатку на дармаедства». У 2019 годзе паставіў намёт перад адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Гродна, каб вырашыць жыллёвае пытанне. У 2020 годзе правёў шэраг акцый за ўвядзенне каранціну ў Беларусі падчас пандэміі COVID-19.
Кватэру завочна асуджанага палітыка Яўгена Вільскага выставілі на аўкцыён
Летась выконваючага абавязкі старшыню «Народнай Грамады» асудзілі завочна на 12 гадоў калоніі і прызначылі штраф у 480 000 рублёў.
Цяпер на аўкцыёне з'явіўся лот з ягонай 3-пакаёвай кватэрай у наваполацкай 10-павярхоўцы, піша @vitebsk_info.
У лоце пазначана, што ў кватэры зарэгістравана трое чалавек. Стартавая цана — 141 710 рублёў.
Прызначылі дату завочнага суда па справе ініцыятывы «Сумленныя людзі»
Віцебскі абласны суд 5 лістапада пачне разгляд завочнай справы ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага.
Ім інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК); «абраза і паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 368, ч. 1 арт. 367 КК); «закліка да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і іншыя.
Па версіі Генпракуратуры, удзельнікі ініцыятывы «Сумленныя людзі» з ліпеня 2020 года па верасень 2025 года «ажыццяўлялі злачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы».