Асудзілі былога ганаровага консула Беларусі ў Мексіцы. Хронікі рэпрэсій 29 кастрычніка

Беларускія суды працягваюць выносіць жорсткія прысуды паводле палітычных артыкулаў. У Мінску асудзілі былога ганаровага консула Беларусі ў Мексіцы Юрыя Марозава, у «спіс тэрарыстаў» унеслі яшчэ восем чалавек, а колькасць палітвязняў павялічылася яшчэ на дванаццаць. Праваабаронцы фіксуюць рост рэпрэсій на фоне працяглай палітычнай напружанасці ў краіне.

1_1097_1.png

Вядомага бізнесмена Юрыя Марозава асудзілі ў Мінску паводле палітычнай справы. Крымінальную справу супраць 60-гадовага бізнесмена і былога ганаровага консула Беларусі ў Мексіцы Юрыя Марозава разгледзелі ў Мінскім гарадскім судзе 29 кастрычніка. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая. Юрыю прызначылі 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Нядаўна да двух гадоў пазбаўлення волі асудзілі яго жонку Марыну.

У Гродне завочна асудзілі мужчыну на 13 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»

У Гродзенскім абласным судзе 9 чэрвеня судовая калегія вынесла завочны прысуд Віктару Дамарацкаму паводле ч.1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).

Віктару прызначылі 13 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў (12600 рублёў). Таксама Дамарацкага пазбавілі воінскага звання «старшы лейтэнант запасу».

Мужчыну абвінавацілі ў «іншым аказанні дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, якая накіраваная на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

У Беларусі +12 новых палітвязняў

Праваабаронцам стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пазбаўлення волі ў сувязі з узаемадзеяннем з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» Валянціна Талкача, Андрэя Вусіка, Сяргея Шкодзіна, Фёдара Кандыранды, Аляксандра Махнача, Ілоны Гарбуновіч, Алега Пінчука, Дзмітрыя Рожына, Аляксандра Маркіна, Юрыя Марозава, Віталя Марэцкага, а таксама ў зняволенні па артыкулах 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады), 368 (абраза Лукашэнкі), 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) — Галіны Латугоўскай. Усе гэтыя людзі прызнаныя палітычнымі зняволеннымі.

Следчы папрасіў беларуску ў эміграцыі напісаць тлумачэнне, што яна не вернецца ў Беларусь

Пасля ад'езду з Беларусі жанчына даведалася, што ў дачыненні да яе распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020-га. Пасля ад'езду сілавікі ёю не цікавіліся — да кастрычніка гэтага года.

Пазней следчы, які прадставіўся Іванам Бойкам, сам знайшоў жанчыну ў Viber і папрасіў і яе, і мужа запоўніць дакумент з назвай «Тлумачэнне» і даслаў яго шаблон.

У дакуменце трэба было ўказаць прозвішча, імя, імя па бацьку і год нараджэння, адрас рэгістрацыі ў Беларусі. А таксама новы адрас у Польшчы і польскі нумар тэлефона, піша «Люстэрка».

«Калі зразумеў, што я ўсё ж нічога не напішу, знерваваўся. І сказаў, што "з'ехаўшыя занадта шмат сваіх правоў ведаюць", таму мужу майму ён нават тэлефанаваць не будзе. І праз нейкі час выдаліў фатаграфію заявы».

Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва адзначае, што падобнае «тлумачэнне» не стане падставай для закрыцця «крыміналкі».

У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 8 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы васьмі чалавек.

Гэта Чукарава Вольга, Пяткевіч Дзяніс, Цімашэнка Сяргей, Шабалін Віктар, Кавалёў Андрэй, Васільева Наталля, Зароўская Юлія, Лысенка Сяргей. 

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1400 чалавек, з іх 658 — беларусы.

Жыхара Пінска завочна асудзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

54-гадовага жыхара Пінска Андрэя Кузьменчука завочна асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе. Інфармацыю аб прысудзе размясцілі на сайце Вярхоўнага суда 18 ліпеня, але заўважылі яго толькі цяпер.

Суд Пінскага раёна і Пінска прызнаў мясцовага жыхара вінаватым «ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія выявіліся ў непасрэдным здзяйсненні гвалту над асобай, пагромаў, знішчэння маёмасці» (ч. 2 арт. 293 КК) і прызначылі 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Мужчыну ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».

Усяго за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года ў Пінску асудзілі больш за 68 чалавек, палову з іх — да пазбаўлення волі.

Асудзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі, які падтрымаў народ у 2020-м

Фёдару Кандыранда 47 гадоў. Вучыўся ў Вайсковай акадэміі, якую скончыў у 1999 годзе. У Фёдара ёсць жонка і 17‑гадовая дачка.

Са жніўня 2008 года па кастрычнік 2020 года Кандыранда працаваў на пасадзе старшага выкладчыка Вайсковай акадэміі. Усе 12 гадоў выкладчыцкай дзейнасці займаўся падрыхтоўкай вайсковых спецыялістаў на кафедры тактыкі.

У жніўні 2020 Кандыранда не падтрымаў гвалт на вуліцах і паспрабаваў звольніцца. У звальненні па згодзе бакоў яму адмовілі, таму давялося ісці на канфлікт. У выніку ў яго атрымалася звольніцца з 29 кастрычніка, але па артыкуле. Пасля звальнення ён пайшоў у IT, піша «Наша Ніва».

Фёдара пазбавілі звання падпалкоўніка запаса асабістым указам Лукашэнкі ў шэрагу яшчэ 80 сілавікоў.

Мужчыну арыштавалі ў сакавіку. Паводле інфармацыі «Вясны», у верасні яму прысудзілі 2,5 гады калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК).