YouTube-канал з дзіцячымі казкамі прызнаны «экстрэмісцкім». Хронікі рэпрэсій 30 кастрычніка
Улады прызналі «экстрэмісцкім» YouTube-канал з беларускамоўнымі дзіцячымі казкамі «Будзьма дзецям». У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» таксама трапілі старонкі і відэа на розных платформах, у тым ліку TikTok, Instagram, Telegram і «Аднакласнікі». Тым часам у краіне з’явілася яшчэ пяць новых палітвязняў.

YouTube-канал «Будзьма дзецям», на якім апублікавана 5 частак беларускамоўнага лялечнага відэаспектаклю «Прыгоды мышак», прызнаны «экстрэмісцкім». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Пружанскага раёну 29 кастрычніка.
Акрамя таго, «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі TikTok-старонкі «Budzma_razam», «LAGERTHA», «Советская Белоруссия», «Dark_Mindset», «deadmanriseup», «anatoliy17287», «siarhei.sparysh», «Маладая Грамада», «коНа», YouTube-канал «Маладая Грамада», старонка ў Instagram «kiraboyarenko1927», Telegram-канал «ТипГанц | Ганцевичи», відэаролік «Термоядерный Лукашенко | RYTP», старонка ў «Аднакласніках» «Будзьма Беларусамі! Budzma Belarusami!», а таксама старонка «Budzma» на платформе данатаў «Ko-fi».
У Беларусі +5 новых палітвязняў
Сёння праваабарончая супольнасць прыняла сумесную заяву, паводле якой палітычнымі зняволенымі прызнаныя яшчэ пяць чалавек.
Алег Кульпановіч — асуджаны па арт. 368 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў абразе А. Лукашэнкі да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі;
Васіль Краўчук — змешчаны пад варту па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады;
Сяргей Лысенка — асуджаны па арт. 361 КК па абвінавачанні ў «закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» да пазбаўлення волі ў калоніі;
Аркадзь Кайчурэнка — асуджаны па арт. 369, 368, 361, 130 КК за каментары да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі;
Уладзімір Кушнер — асуджаны па арт. 368 і 130 КК за абразу А. Лукашэнкі і каментары пра вайну ва Украіне да двух гадоў пазбаўлення волі.
Па стане на сёння ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі больш за 1250 чалавек, з іх 155 чалавек – за апошнія два месяцы. Агулам жа праваабаронцам вядома пра больш за 7000 фігурантаў крымінальных палітычных справаў з 2020 году. І гэта далёка не ўсе людзі, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам у Беларусі за апошнія гады.
Праваабаронцы даведаліся прысуд палітзняволенаму фатографу з Мазыра
Аляксей Кайдаш быў затрыманы 20 лютага 2025 года. Спачатку яму прызначылі адміністрацыйны арышт па арт. 19.11 КаАП, а пазней у дачыненні да яго была распачата крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Некалькі дзён таму Аляксею вынеслі прысуд — мужчыну асудзілі да 3 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Аляксей Кайдаш у Мазыры займаўся прафесійнымі фотаздымкамі, рабіў вясельныя, дзіцячыя, партрэтныя фота, партфоліа і фота для меню і каталогаў, піша «Гомельская Вясна».
Затрыманага ў Пецярбургу пінчука ўжо экстрадзіравалі ў Беларусь
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Васіль Краўчук знаходзіцца ў адным з беларускіх СІЗА.
Тры гады таму мужчыну асудзілі на радзіме да двух гадоў «хатняй хіміі» за каментарый у тэлеграме — ён пажартаваў пра супрацоўніцу Інспекцыі па справах непаўналетніх.
Праз тры месяцы пасля прысуду мужчына перастаў выходзіць на сувязь і быў абвешчаны ў вышук. Знайсці яго ўдалося толькі праз тры гады — у расійскім Пецярбургу.