«Прадай сябра на вайну»: у рэгіёнах РФ марнуюць рэзервовыя фонды, каб выканаць план па завербаваных у войска

У Расіі набіраюць жаўнераў на вайну «з апошніх сіл і сродкаў». Такім жа чынам расіяне ўжо год штурмуюць Пакроўск — а гэта нават не абласны цэнтр. Тым часам «санкцыі не працуюць» да таго, што Лукойл пачаў прадаваць свае замежныя актывы. Ідуць 1343-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

518408078_1096914455954965_4940114184027881369_n.jpg

Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 218 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 28 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 79 штурмаў расіян у раёнах Ніканораўкі, Панкоўкі, Сухецкага, Радзінскага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Зверава, Маладзецкага, Котліна, Удачнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 32 атакі ў раёнах Александра-Калінавага, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Яблонаўкі і Русінага Яру.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 28 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Філіі, Паддубнага, Аляксандраграду, Навасёлаўкі, Вербавага, Аляксееўкі, Успеніўкі.

На Славянскім і Паўднёва-Слабажанскім кірунках расійцы здзейснілі 11 атак на кожным.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Ліманскім кірунках абаронцы Украіны адбілі 10 па атак расіян на кожным.

* * *

Расійская армія нарасціла інтэнсіўнасць атак у Данецкай вобласці, актывізаваўшы аперацыю на ўсходнім кірунку на фоне беспаспяховых мірных ініцыятыў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, піша The Financial Times.

Па інфармацыі СМІ, Уладзімір Пуцін паставіў перад ваенным камандаваннем задачу ўстанавіць кантроль над Пакроўскам да сярэдзіны лістапада 2025 года.

Financial Times адзначае, што Пакроўск да 2024 года адыгрываў ключавую ролю як транспартна-лагістычны вузел, і яго страта магла б стаць для Украіны стратэгічным ударам, адкрыўшы ворагу шлях да новых кірункаў наступлення.

У Генштабе Украіны пацвердзілі, што ў горад сапраўды зайшло каля 200 расійскіх вайскоўцаў. Пры гэтым на працягу ўсёй тысячы кіламетраў лініі фронту фіксуюцца інтэнсіўныя сутыкненні. Лагістычная абстаноўка ўскладнена з-за пастаянных атак і разбуранай інфраструктуры.

Паведамляецца, што групы баявога назірання пацвердзілі прысутнасць расійскіх падраздзяленняў на поўдзень ад чыгуначных пуцей, якія дзеляць Пакроўск напалову.

У цэлым наступленне Расіі, якое доўжыцца ўжо некалькі месяцаў, суправаджаецца павольным прасоўваннем расійскіх войскаў у бок Лімана і Канстанцінаўкі.

Асноўную ўвагу праціўнік засяродзіў на агламерацыі Пакроўск–Мірнаград — буйных шахцёрскіх цэнтрах з даваенным насельніцтвам каля 100 тысяч чалавек. Расійскія сілы спрабуюць прарвацца да стратэгічна важных трас і вывесці пад удар беспілотнікаў украінскія лініі забеспячэння.

* * *

7-мы корпус Дэсантна-штурмавых войскаў УСУ паведамляе, што ў Пакроўску працягваюцца гарадскія баі з групамі ворага, якія здолелі прасачыцца ў горад і назапасіцца на розных частках населенага пункта.

Абаронцы Пакроўска ажыццяўляюць актыўнае процідзеянне расіянам у горадзе. На днях украінскую абарону ўзмацнілі новымі падраздзяленнямі.

Расіяне, якія трапілі ў горад, не спрабуюць замацавацца, а маюць намер прасунуцца далей на поўнач. «Тым самым вораг хоча распыліць сілы нашай абароны і заблакаваць сухапутныя лагістычныя калідоры ў горад. Таму цяпер аб паўнавартасным кантролі над адным з раёнаў Пакроўска гаворка не ідзе», — адзначылі ў 7 корпусе ДШВ.

Ваенныя падкрэслілі, што адначасова расіяне праводзяць класічныя масіраваныя штурмавыя дзеянні па ўсёй паласе абароны. Мэта — зламаць абарону ўкраінскіх войскаў, наблізіць лінію размежавання да Пакроўска і Мірнаграда, паступова ўстанаўліваць паўнавартасны кантроль над кварталамі абодвух гарадоў.

* * *

27 кастрычніка і ў ноч на 28 кастрычніка пад ударамі расійскіх акупантаў былі чатыры населеныя пункты Херсонскай грамады — Херсон, Садовае, Прыдняпроўскае і Антонаўка. Расіяне білі па жылых раёнах з артылерыі і ўжывалі ўдарныя дроны. Загінуў адзін чалавек, яшчэ 6 атрымалі раненні.

У цэнтры Чарнігава зафіксавалі падзенне ўдарнага беспілотніка тыпу «Шахед». У Чарнігаўскай вобласці расійскія войскі здзейснілі атаку трыма ўдарнымі дронамі па базе адпачынку ў Ноўгарад-Северскім. У выніку атакі пачаўся пажар, падчас якога пацярпела пажылая жанчына.

* * *

571437191_1176738927972517_9159725313110969425_n.jpg

* * *

Зіма 2025 года можа стаць паваротнай у вайне, і міжнародная падтрымка Украіны выходзіць на новы ўзровень. Еўрапейскія саюзнікі абмяркоўваюць узмацненне дапамогі, каб краіна змагла вытрымаць расійскія ўдары і захаваць устойлівасць сваёй энергетычнай сістэмы, піша br.de.

Міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль заявіў, што «гэтая зіма мае вырашальнае значэнне. Украіна павінна заставацца здольнай абараняцца».

Па словах Вадэфуля, Германія ўсведамляе сваю асаблівую адказнасць у каардынацыі намаганняў партнёраў. Ён нагадаў, што «Кааліцыя рашучых» дамовілася «мабілізаваць усе сілы, каб Украіна змагла вытрымаць гэтую зіму». Міністр падкрэсліў: «Украіна можа разлічваць на Германію ў любы час».

Такая заява прагучала на фоне новай хвалі масіраваных атак Расіі па крытычнай інфраструктуры, накіраваных на падрыў сістэмы энергазабеспячэння Украіны перад халодным сезонам. Берлін і партнёры NATO імкнуцца не дапусціць, каб удары Расіі аслабілі абароназдольнасць краіны і паставілі пад пагрозу забеспячэнне насельніцтва.

* * *

27 кастрычніка расійская нафтавая кампанія «Лукойл» абвясціла аб намеры прадаць міжнародныя актывы пасля таго, як супраць яе і яе даччыных прадпрыемстваў увялі санкцыі з боку Злучаных Штатаў і іншых дзяржаў.

«У сувязі з увядзеннем абмежавальных мер супраць кампаніі і яе даччыных прадпрыемстваў некаторымі дзяржавамі, кампанія аб'яўляе аб сваім намеры прадаць свае міжнародныя актывы. Разгляд прапаноў ад патэнцыйных пакупнікоў распачаты», — гаворыцца на сайце кампаніі.

У «Лукойле» адзначаюць, што продаж будзе адбывацца ў рамках ліцэнзіі, выдадзенай Упраўленнем па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Мінфіна ЗША. Пры неабходнасці кампанія плануе звярнуцца аб падаўжэнні дзеяння ліцэнзіі, каб забяспечыць бесперабойную працу міжнародных актываў да завяршэння здзелак.

* * *

У кожным трэцім рэгіёне Расіі ўвялі выплаты вярбоўшчыкам на вайну. На іх ужо выдаткавалі як мінімум 2 млрд рублёў (25,2 млн долараў) у 11 рэгіёнах, што абнародавалі справаздачы, пішуць расСМІ.

Расіяне атрымалі магчымасць зарабіць, адправіўшы кагосьці іншага на вайну, летам 2024 года. Да кастрычніка 2025 года ў кожным трэцім рэгіёне РФ былі афіцыйныя выплаты вярбоўшчыкам.

Сумы адрозніваюцца ў залежнасці ад катэгорыі завербаванага. За чалавека з іншага рэгіёну ці з-за мяжы плацяць больш, чым за мясцовага. У Разанскай вобласці такія катэгорыі «цягнуць» на 574,7 тысячы рублёў (7250 долараў), , а за саміх разанцаў у 10 разоў менш — 57,4 тысяч рублёў (725 долараў). Мігранты з постсавецкіх краін ацэньваюцца ў 80,4 тысяч рублёў (1000 долараў).

Аднак паўмільёна плацяць за мясцовых жыхароў у рэгіёнах, дзе план па вярбоўцы людзей на вайну праваліўся.

11 суб'ектаў афіцыйна адсправаздачыліся аб выплатах вярбоўшчыкам у расходах бюджэту — да 20 кастрычніка яны выплацілі не менш за 2,03 млрд рублёў (25,2 млн долараў). На самай справе гэтая сума можа быць значна вышэй, бо іншыя рэгіёны не абнародавалі гэтых даных.

Адзначаецца, што палова рэгіёнаў (шэсць з 11) для выплат вярбоўшчыкам бралі сродкі з рэзервовых фондаў. У іх збіраюцца грошы на розныя экстранныя выпадкі, напрыклад, ліквідацыю надзвычайных сітуацый і наступстваў стыхійных бедстваў.

Больш за ўсё грошай выдаткавала Саратаўская вобласць — там вярбоўшчыкі «напрацавалі» на 400 млн рублёў (5 млн долараў). Для параўнання, такую ж суму вобласць выдаткавала ў 2025 годзе на будаўніцтва жылля ў рамках праграмы перасялення грамадзян з аварыйных дамоў.