Анастасія Рыдлеўская прадставіла гіпнатычны саўндтрэк да новага рамана Макара «Ніці»
У беларускага пісьменніка Макара, вядомага па кнізе «Апошняе пакаленне», выходзіць новы раман «Ніці» — дэтэктыўны габелен, у якім сплятаецца фальклор і сучаснасць, будзённая злабадзённасць і магічны рэалізм, гарадскія абстракцыі і вясковая хтонь. Каб узбагаціць досвед чытання, мультыдысцыплінарная мастачка Анастасія Рыдлеўская стварыла для кнігі песню Oj Da Nočy. У яе аснову лёг радок з кнігі. У выніку нарадзіўся шматкроць узмоцнены заклён, які па ўсяму свету разносіць няўмольны вецер.

— Мне напісала сяброўка Аліна Мазавец, менеджарка і рэжысёрка праекта па выданні “Ніцей”, — расказвае Рыдлеўская пра калабарацыю, — і прапанавала напісаць саўндтрэк да кнігі, якая, паводле яе апісання, ідэальна пасуе да маёй эстэтыкі, да таго, што я люблю: цёмнае, балотнае, паганскае. І я зразумела: гэта match made in heaven. У мінулым жыцці я філолаг, таму маю асаблівыя пачуцці да ўсяго, што звязана з літаратурай.
Мелодыя прыйшла ў галаву імгненна, як толькі я пагадзілася. Я ехала ў аўтобусе, і яна настолькі дакучліва пачала мяне пераследаваць, што я вырашыла запісаць яе на рэкордэр. Не тое каб я часта так раблю, але гэтым разам гэта спрацавала. Мог здарыцца фатальны факап, бо я яшчэ не бачыла тэксту замовы і не ведала, ці атрымаецца іх злучыць. Але ўсё сышлося ідэальна — мелодыя і словы ляглі адзін на аднаго, як быццам чакалі сустрэчы.
Песня атрымалася медытатыўнай, хаця я першапачаткова хацела зрабіць яе больш драйвовай. Усе гукі, якія я дадавала, аказаліся густымі, цёмнымі, балотнымі. Адзінае, чаго бракавала, — гэта паступовага нарастання, і тут вельмі дапамог Ілля Фамін, з якім мы разам працуем над прадакшнам. Ён узяў цалкам гатовую дэмку і дадаў тое, што я чула ўнутрана, але не ведала, як тэхнічна ўвасобіць, — ударныя барабаны. Яны завяршылі трэк, давёўшы яго да таго стану, калі мне самой хочацца пераслухоўваць песню зноў і зноў. А гэта ўжо дакладная прыкмета таго, што яна мне сапраўды падабаецца.

Пра калабарацыю працягвае распавядаць аўтар кнігі Макар:
— Калі я дамовіўся пра выданне “Ніцей”, то адразу зразумеў, што хачу, каб у кнігі быў саўндтрэк, і каб яго напісала Наста. Яе стыль — гэта акурат тое, што я адчуваю ў гэтай кнізе: спалучэнне фальклору і сучаснага, якаснага гучання. Мая кніга таксама пра гэтае сутыкненне і сужыццё старога і новага: малады настаўнік з Менска прыязджае ў далёкую, забытую вёску, дзе людзі жывуць паводле сваіх правілаў і вераць у забабоны кшталту “трэба правесці абрад, каб нябожчык скіраваўся да Пана Бога”. Для гарадскога жыхара гэта абсурд, а для тамтэйшых — звычайная справа, як схадзіць у краму.
Па словах пісьменніка, у музыцы Анастасіі ёсць тое пачуццё варажбы, якое важнае для атмасферы кнігі.
— Трэк атрымаўся проста фантастычным, магічным, — дадае Макар. — Ён ахутвае, зацягвае, трывожыць; яго хочацца пераслухоўваць, а потым — спяваць на паўторы сабе пад нос. Ён стварае менавіта тую атмасферу, якую я хацеў, і дакладна дапаўняе кнігу.
Слухаць песню Oj Da Nočy на стрымінг-платформах.
А 18 кастрычніка ў выдавецтве Янушкевіч выходзіць кніга Макара “Ніці”. Знайсці больш інфармацыі можна ў інстаграме пісьменніка: