Трамп скароціць тэрмін выканання яго ўльтыматуму Расіі. Што будзе праз два тыдні?

Дональд Трамп заявіў, што моцна расчараваны Пуціным і скароціць свой тэрмін ультыматуму Расіі да 10 або 12 дзён, і ацаніў эканоміку Расіі як «слабую». У Сенаце ЗША ўсе гатовыя да санкцыяў, а Украіна, тым часам, працягвае атрымліваць еўрапейскую ваенную дапамогу. Ідзе 1252-гі дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

518408078_1096914455954965_4940114184027881369_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 172 боесутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 ліпеня.

Па-ранейшаму найбольшая колькасць штурмаў прыходзіцца на Пакроўскі кірункак, дзе абаронцы Украіны спынілі 57 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Папова Яру, Маяка, Разіна, Лісоўкі, Чунышына, Зверава, Котліна, Удалага, Арэхавага, Дачнага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 32 разы, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Новаегораўкі, Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Ямпалоўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 17 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Зялёнага Поля, Паддубнага, Аляксандраграду, Шаўчэнка, Васкрасенкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 10 боесутыкненняў. На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расійцы сем разоў штурмавалі пазіцыі УСУ.

* * *

На Пакроўскім кірунку знаходзяцца больш за 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў, што дазваляе ім развіваць наступ нават нягледзячы на вялікія страты, заявіў спікер аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Хорціца» Віктар Трэгубаў у эфіры тэлеканала «Кіеў».

«Трэба разумець, што такой колькасці войскаў хапіла б, каб захапіць пэўныя еўрапейскія краіны. У нас яны засяроджаныя на ўсход ад Пакроўска, на вузкім участку і актыўна спрабуюць захапіць некалькі вёсак», — заявіў Трэгубаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што расійская армія бесперапынна папаўняе свае рэсурсы і гэта дазваляе пастаянна ціснуць на пазіцыі УСУ ўздоўж усёй лініі фронту. Ён таксама дадаў, што расійцы гэтым летам планавалі прасоўвацца ў Сумскай вобласці і на Новапаўлаўскім кірунку ў Днепрапятроўскай вобласці. Аднак ім гэта не ўдалося, і колькасць атак там знізілася.

* * *

16 чалавек загінулі і яшчэ 35 атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару па папраўчай калоніі ў Запарожскай вобласці ўначы 29 ліпеня. Удар быў нанесены, папярэдне, плануючымі авіябомбамі.

У выніку ракетнага ўдару па горадзе Каменское ў Днепрапятроўскай вобласці ноччу 29 ліпеня былі ўражаныя медустановы — радзільня і аддзяленне гарадской бальніцы. Два чалавекі загінулі і яшчэ 5 пацярпелі. Дзве жанчыны — у цяжкім стане, адна з іх цяжарная.

У ноч на 29 ліпеня горад Сальск Растоўскай вобласці Расіі атакавалі беспілотнікі. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра маштабны пажар паблізу чыгуначнай станцыі. Рух цягнікоў праз станцыю Сальск прыпынены.

* * *

525241069_1101718348807909_774863453233273044_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які даў расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну 50 дзён, каб той заключыў мірнае пагадненне з Украінай, зрабіў новую заяву. Ён сказаў, што ўжо расчараваны дзеяннямі кіраўніка Крамля і гатовы скараціць гэты тэрмін.

Дамоўленасці для спынення вайны «дасягалі ўжо неаднаразова», але потым Пуцін іх парушаў «абстрэламі Украіны», заявіў Трамп перад перамовамі з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам.

«Мы шмат разоў думалі, што мы гэта ўрэгулявалі, а потым Пуцін выходзіць і пачынае запускаць ракеты па нейкім горадзе, такім як Кіеў, і забівае шмат людзей...Так што паглядзім, што будзе», — сказаў Трамп.

«Я расчараваны прэзідэнтам Пуціным... Я скарачу тыя 50 дзён, якія я яму даў, да меншай колькасці, таму што думаю, што ўжо ведаю адказ на пытанне, што адбудзецца», — заявіў Трамп.

«Я ўсталюю новы тэрмін, прыкладна 10 або 12 дзён. Няма прычын чакаць. Гэта было 50 дзён, я хацеў быць шчодрым, але мы проста не бачым ніякага прагрэсу», — адзначыў ён і ўдакладніў, што дакладныя новыя тэрміны абвесціць сёння ці заўтра.

* * *

Падчас размовы з журналістамі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распавёў, на што ён спадзяваўся, пачынаючы перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Трамп распавёў, што ў яго з Пуціным «былі добрыя стасункі». «Я ніколі, ведаеце, я ніколі не думаў, што гэта адбудзецца (адмова Масквы ад міру). Я думаў, што мы зможам пра нешта дамовіцца. І, верагодна, гэта ўсё яшчэ магчыма. Але ўжо занадта позна. Так што я расчараваны», — дадаў ён.

Амерыканскі лідар звярнуў увагу, што эканоміка Расіі «не такая ўжо і вялікая і яна перажывае цяжкасці». «Раней эканоміка была моцнай. Цяпер — не. Яму цяпер цяжка. Эканамічна — гэта няпроста. Але эканоміка ў іх даволі маленькая, асабліва ў параўнанні з велізарнай тэрыторыяй. Гэтая зямля — каласальная», — удакладніў прэзідэнт ЗША.

Трамп мяркуе, што Расія магла б быць «неверагодна квітнеючай», але ўлады РФ самі сябе шкодзяць. «Расія магла б цяпер быць вельмі, вельмі багатай. Замест гэтага яны марнуюць усе грошы на вайну. Яны марнуюць усё на вайну і забойствы. Для мяне гэта не мае сэнсу. Я думаў, што ён (Пуцін) захоча хутка ўсё скончыць. Я сапраўды верыў, што гэта скончыцца. Але кожны раз, калі мне здаецца, што канец блізкі — ён забівае людзей», — заявіў Трамп.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін сур'ёзна пралічыўся ў сваім стаўленні да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, напісаў у сацсетцы Х сенатар ад Рэспубліканскай партыі ЗША Ліндсі Грэм.

Грэм заявіў, што цалкам разумее расчараванне Трампа адносна пастаянных атак Расіі на Украіну, што сведчыць аб адсутнасці рэальнага жадання сесці за стол мірных перамоваў.

«Пуцін сур'ёзна пралічыўся з прэзідэнтам Трампам. Я спадзяюся, што такія краіны, як Кітай, Індыя і Бразілія, якія падтрымліваюць вайсковую машыну Пуціна, неўзабаве заплацяць даўно наспелую цану», — адзначыў сенатар.

Ён дадаў, што Кангрэс ЗША, у пераважнай большасці двухпартыйны, гатовы дапамагчы Трампу ў яго намаганнях «па прыцягненні бакоў да мірных перамоваў».

* * *

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган лічыць, што Украіне і Расіі ўдасца дамовіцца аб завяршэнні вайны. У Турцыі «накрыюць стол міру», заявіў ён у інтэрв'ю Hurriyet.

Эрдаган нагадаў, што яго краіна актывізавала дыпламатычныя намаганні дзеля міру на фоне таго, як у суседніх для Турцыі краінах працягваюць узмацняцца крызісы і войны. Са слоў прэзідэнта Турцыі, у вайне Расіі супраць Украіны Анкара «прытрымліваецца палітыкі, якая выступае за мір».

«Мы лічым, што гэтая вайна павінна скончыцца. Як перамоўны стол быў накрыты ў Стамбуле, так і стол міру зноў будзе накрыты ў Турцыі — і гэтая кровапралітная вайна будзе завершана», — заявіў Эрдаган.

* * *

Украіна атрымала ад Латвіі першую партыю бронетранспарцёраў Patria 6х6, заявіў міністр абароны Украіны Дзяніс Шмыгаль у сваім Telegram.

Міністр не агучыў колькасць бронетранспарцёраў, атрыманых у першай партыі, але вядома, што ўсяго будзе перададзена 42 машыны.

Бронетранспарцёр Patria 6x6 распрацаваны ў Фінляндыі, яго серыйная вытворчасць наладжана ў Латвіі. Patria 6x6 знаходзіцца на ўзбраенні Узброеных Сіл Фінляндыі, Швецыі і Латвіі.

Машына прызначана перш за ўсё для транспарціроўкі асабовага складу, аднак яна можа адаптавацца для выканання іншых задач. У залежнасці ад камплектацыі, машына можа быць абсталяваная кулямётамі, 25/30-мм баявымі модулямі або 120-мм мінамётнай сістэмай Patria Nemo. Агульная маса бронетранспарцёра — каля 24 тон, з якіх да 8,5 тоны прыпадае на баявую нагрузку. Максімальная хуткасць — да 100 км/г.