«Зрабіць дабро са зла»: як урад прыдумляе добрыя навіны, каб схаваць дрэнныя
Усе стаміліся ад дрэнных навін. Не толькі мы, якія пішуць гэтыя навіны, і людзі, якія нас чытаюць. Ад дрэнных навін стаміліся нават ва ўрадзе Беларусі. Але іншых навін там няма. І іх даводзіцца прыдумляць.

Вось у нас, напрыклад, вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, і яшчэ 13 іншых палітвязняў. І гэтая навіна была, безумоўна, топ-добрай навіной для нас на мінулым тыдні. А «на тым баку» добрых навін як няма, так і не было. А нешта сказаць прэм'ер-міністру краіны Аляксандру Турчыну, адкрываючы Еўразійскі эканамічны форум, трэба было. Як было сказана ў класічнай кнізе Роберта Пена Уорэна «Уся каралеўская раць» — «Ты павінен зрабіць дабро са зла, таму што яго больш няма з чаго зрабіць».
«Беларусь у аснову сваёй знешняй палітыкі ставіць эканамічную дыпламатыю... На аснове названых прынцыпаў будуецца інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў рамках ЕАЭС, якое за мінулыя 10 гадоў прынесла прыкметныя вынікі і стала важным інструментам развіцця для ўсіх дзяржаў-членаў, у тым ліку і для Рэспублікі Беларусь. Так, з 2015 па 2024 год экспарт у Беларусі ў краіны ЕАЭС вырас больш чым у 2,5 разы. За 10 гадоў у рамках ЕАЭС аб'ём прамысловай вытворчасці нашай краіны павялічыўся амаль на 20% і склаў 62 млрд долараў», — сказаў Турчын.
І зразумела, што не верыць лічбам Турчына няма ніякіх падстаў, і вось гэта і ёсць тое самае «рабленне дабра са зла». Бо мы тысячы разоў пісалі, напрыклад, пра тое, што цяпер прадаць прадукцыю важней, чым стварыць яе, і са слоў нашага прэм'ера, вядома, зусім не бачна, колькі з «аб'ёму прамысловай вытворчасці нашай краіны» засталося на складах.
А таксама якую ролю ў экспарце ў «краіны ЕАЭС», які вырас у 2,5 разы, для нас адыгрывае Расія. Таму што як мінімум з 2022 года мы страцілі еўрапейскі і ўкраінскі рынкі. І, калі паглядзець больш уважліва, ці не атрымаецца так, што экспарт у краіны ЕАЭС, які вырас у 2,5 разы, прыпадае, у асноўным, на Расію?
Паводле прэм'ера, Беларусі ёсць што прапанаваць ЕАЭС і ў далейшым. Не будзем казаць пра «вопыт у машынабудаванні, нафтахіміі, дрэваапрацоўцы, развіцці аграпрамысловага комплексу», на якія звярнуў увагу Турчын, і якія набілі аскому. Мы ж нават «Джылі» дагэтуль збіраем з машынакамплектаў, беларуская лакалізацыя там мізерная. Нафты ў нас сваёй амаль няма, а дрэваапрацоўка і аграпрамысловы комплекс не жывуць без дзяржаўных датацый.
Але прэм'ер канстатаваў, што Беларусь знаходзіцца «ў ліку лідараў па экспарце IT-паслуг на душу насельніцтва», і заявіў, што «мабільны дадатак, створаны рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, выкарыстоўвае звыш 1 млрд людзей у больш чым 190 краінах свету».
Зноўку ў мяне пытанне. Згодна ААН, ў свеце ўсяго 195 краін. Таксама ёсць тэрыторыі, які заявілі пра сваю «краінавасць», але не прызнаныя такімі: Тайвань, Косава, Абхазія, Паўднёвая Асеція… Калі ўлічваць гэтыя тэрыторыі, агульная колькасць «дзяржаў» можа перавысіць 200, але ненамнога.
І ў гэтай сувязі як зразумець турчыноўсукае «больш за 190 краін свету»? Гэта азначае «амаль усе»? І чаму тады ўсяго 1 млрд людзей у 8-мільярдным свеце?
Праўда, які гэта дадатак, ён не сказаў. На розум адразу ж прыходзіць Viber, які ўжо даўно сышоў з Беларусі, але ён як бы існаваў яшчэ да з'яўлення ПВТ. Ці, можа, World Of Tanks, які таксама знік з беларускай прасторы? Ці, можа, прадукцыя PandaDoc, топ-мэнэджараў якога абвінавацілі ў «нясплаце падаткаў» па палітычных матывах?
Глядзіце таксама

Хацелася б ведаць, які ўсё ж дадатак на 1 млрд чалавек быў створаны ў ПВТ Беларусі. Менавіта ў ПВТ, а не «да яго» ці ў «мінскім офісе», ды такое, што знаходзіцца ў Беларусі дагэтуль?
А што яшчэ мог сказаць Турчын? Ён жа не мог на ўрачыстым адкрыцці форуму казаць пра рэальны стан спраў… Напрыклад, пра тое, што ў траўні зноў знізілася колькасць занятых у беларускай эканоміцы — працуючых беларусаў стала на 13,7 тысячы чалавек менш, чым у красавіку. У красавіку паказчык таксама зніжаўся — на 10,4 тысячы чалавек у параўнанні з сакавіком. Праз гэта Белстат нават наважыўся супакоіць людзей, напісаўшы, што «зніжэнне колькасці занятага насельніцтва ў эканоміцы ў траўні ў параўнанні з красавіком гэтага года абумоўленае сезонным фактарам».
Звычайна статыстычны камітэт не суправаджае рэлізы пра колькасць занятых у эканоміцы якімі-небудзь каментарамі. А цяпер спадобіўся. І ад гэтага тлумачэння становіцца яшчэ больш трывожна.
Ці пра тое, што, нягледзячы на «экспарт, які вырас у 2,5 разы», дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў Беларусі дасягнуў 856 млн долараў за студзень-красавік гэтага года. Экспарт скараціўся на 0,3% да 15,4 млрд долараў, а імпарт вырас 4,7% да 16,27 млрд долараў.
У выніку, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі вырас больш чым у дзевяць разоў! Толькі за красавік гэтага года ён павялічыўся на 223,4 млн долараў.
Або вось «Беларусбанк» з 4 жніўня ўводзіць шэраг абмежаванняў на аперацыі з выкарыстаннем картак, эмітаваных фінансавай установай. «З 4 жніўня пры зняцці грошай з выкарыстаннем лічбавых рэквізітаў картак "Беларусбанка" (токенаў, згенераваных у мабільных плацежных сэрвісах) у банкаматах і пунктах выдачы наяўных уводзяцца абмежаванні: на працягу аднаго дня можна будзе атрымаць не больш за 600 рублёў з карт «аксаміт» і не больш за 1000 рублёў — з іншых картак банка», — гаворыцца ў паведамленні ўстановы.
Як супакойваюць у банку, рашэнне прынята «з мэтай перашкодзіць ашуканцам здзяйсняць крадзяжы з рахункаў, пазнаючы ў кліентаў інфармацыю для рэгістрацыі іх картак у мабільных плацежных прыкладаннях».
Пагадзіцеся, зусім непраўдападобнае тлумачэнне. А праўдападобнае тлумачэнне мы можам дадумаць, калі ўлічваць, што менавіта крэдытамі «Беларусбанка» фінансуюцца ўсякія дзяржаўныя «інвестыцыйныя праекты», пазыкі па якіх урад потым тупа спісвае. І, магчыма, надыходзіць момант, калі грошай у банку можа не хапіць.
Добрыя навіны — гэта добра. Але толькі не тады, калі яны маскіруюць рэальнасць. Наша кіраўніцтва і так ужо вельмі даўно жыве ў сваёй, выдуманай рэальнасці, і вымушана «перапісваць» яе зноў і зноў. І сутыкненне з сапраўдным станам рэчаў для іх будзе вельмі хваравітым працэсам. Аж да таго, што хтосьці можа яго і не перажыць.