Бульба Шродзінгера: ці то ёсць, ці то няма, ці то яшчэ будзе
Цікава, ці ведаюць у нашым міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання анекдот пра чукчу, які садзіў бульбу, а на наступны дзень яе выкопваў? Калі яго спыталі, няўжо бульба так хутка расце, ён адказаў, што не, але яму чакаць, пакуль яна вырасце, няма калі, бо «есці вельмі хочацца». Вось і ў Мінхарчы, падобна, паступаюць сапраўды гэтак жа.

Фота з pikabu.ru
Мы, вядома, разумеем, што бульба ўжо набіла аскому, але не звяртаць на яе ўвагі нельга, таму што на яе звяртаюць увагу ўлады. Падобна, «бульбяны крызіс» аказаўся настолькі хваравіты, што ад яго яшчэ не хутка ачуняюць.
Вось, напрыклад, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў заявіў днямі, што беларуская бульба новага ўраджаю павінна з'явіцца на прылаўках крамаў «у найбліжэйшыя тыдні». Паводле яго слоў, у нас «дастаткова нашай беларускай бульбы, ранняй бульбы, якую мы высадзілі ў красавіку».
Праўда, як заўсёды нашым аграрыям перашкодзіла надвор'е. «З-за замаразкаў вегетацыя вялася не такімі тэмпамі, як фізіялагічна павінна было быць. Таму мы цяпер чакаем і прыступаем да ўборкі нашай беларускай бульбы, якая задаволіць патрэбы ўсяго нашага ўнутранага рынку», — сказаў міністр.
У нашага міністра вельмі цікавыя заявы. Дапусцім, усё будзе так, як ён сказаў. Але «бліжэйшыя тыдні» — гэта колькі? Два? Тры? Пяць? Да верасня ў нас таксама «некалькі тыдняў» засталося, ці не так?
Або, мы «чакаем і прыступаем да ўборкі». Чакаем колькі? Прыступаем — а калі прыступім, калі скончым?
І атрымліваецца, што міністр нам нешта сказаў, але насамрэч — не сказаў нічога.
Але ў той жа час той жа міністр у рамках 35-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2025» заявіў, што Беларусь цалкам закрывае сваю патрэбнасць у бульбе і гатовая экспартаваць неабходныя аб'ёмы ў РФ.
«У нас самая лепшая і смачная бульба. Мы адчуваем наш рынак і бачым, што патрэбы растуць. Сёлета мы плануем атрымаць больш за мільён тон бульбы», — сказаў чыноўнік. І запэўніў, што яго хопіць «і для ўнутранага спажывання — патрэба краіны складае 90 тысяч тон — і для рэалізацыі яго ў РФ». І яшчэ раз сказаў, што летась у Беларусі выгадавалі 780 тысяч тон бульбы.
Такім чынам: летась мы выгадавалі бульбы ў 8,5 разы больш, чым агучаная міністрам «патрэба краіны», але нам гэта не дапамагло — сёлета паўстаў бульбяны дэфіцыт. Цяпер мы плануем вырасціць у 10-11 разоў больш таго, што трэба для ўнутранага спажывання. Пытанне: ці ўзнікне дэфіцыт у наступным годзе?
Асабліва на фоне заяў міністра, што Беларусь «цалкам закрывае сваю патрэбу ў бульбе». І зноў у нас пытанне да міністра: што ён укладваў у паняцце слова «закрывае»? «Задавальняе»? Або «больш гэтага вырабляць не будзем»? Мяркуючы па ўзніклым дэфіцыце — другое, праўда?
І вось, параўноўваючы дзве заявы аднаго і таго ж чалавека, нашая бульба ператвараецца ў «бульбу Шродзінгера». З аднаго боку ў нас яе яшчэ няма, а з іншага — яна ў нас самая лепшая.
Зрэшты, праблемы ў нас не толькі з бульбай. Пакуль бульба нам усё засцінае, і мы яшчэ не вельмі бачым іншыя званочкі. Але, магчыма, гэтыя маленькія сігналы стануць вельмі балючымі ў будучыні. Магчыма, нават бліжэйшай будучыні.
Расійскае агенцтва «Аўтастат» паведаміла, што ў траўні продажы аўтамабіляў BelGee ў Расіі дасягнулі плато — выраслі ўсяго на 0,4%, або на 14 машын у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года.
Доля беларускай маркі на расійскім рынку ў траўні склала 3,96%. Але ў цэлым расійскі рынак новых легкавых аўтамабіляў у траўні асеў на 28,3%. Яго лідарам засталася «Лада», у тройку трапілі HAVAL і Chery. Марка Geely стала чацвёртай. З пачатку года расійскі рынак легкавых аўтамабіляў скараціўся на 26%.
Па сутнасці, скарачэнне пакупак машын у Расіі паказвае, што ў расійцаў заканчваюцца грошы. І заканчваюцца яны, нягледзячы на шалёныя, па мерках рэгіёнаў РФ, «мабілізацыйныя» выплаты ды «разагнаныя» заробкі — не толькі ў ВПК. Бо ў Расіі сітуацыя з працоўнай сілай — прыкладна як у нас. Толькі ў нас дэфіцыт узнік праз масавую эміграцыю пасля 2020-га, а ў іх праз тое, што «ўсіх сышлі на фронт». І тым, хто застаўся, трэба добра плаціць, каб яны не збеглі — што ў РФ, што ў РБ.
Але, як бачым, нават гэтых грошай не хапае. Спачатку іх не хопіць на беларускія аўтамабілі, а потым — і на іншыя беларускія тавары. А ў нас экспарт у Расію — да 70%, уключаючы тую ж самую бульбу (вось жа ж прывязалася!)
І яшчэ раптоўны выкрут статыстыкі. У красавіку ці не ўпершыню за доўгі час беларускія прадпрыемствы звальнялі людзей часцей, чым бралі на працу. Звальненняў аказалася на 13,13 тысяч больш, чым працаўладкаванняў.
Праблема з кадрамі, канешне, нікуды не знікла. А вось павялічаную колькасць звальненняў можна растлумачыць толькі адным: у прадпрыемстваў няма грошай плаціць рабочым — і яны іх звальняюць. Гэта такі асцярожны званочак аб магчымым банкруцтве нашага «беларускага эканамічнага цуду».
Асабліва калі ўзгадаць, што ў тыя ж дні — у красавіку, — шмат паведамлялася пра тое, што прадпрыемствы адпраўляюць людзей у вымушаныя адпачынкі.
Паглядзім, наколькі гэтая тэндэнцыя захаваецца ў будучыні.