Ад «бульбяной змовы» да «залатых рэкордаў»: беларускія чыноўнікі як майстры ігнараваць рэальнасць

Беларускія ўлады, як і многія аўтарытарныя ўлады, прывыклі дзейнічаць у парадыгме, што яны ні ў чым не вінаватыя, а ва ўсіх нашых праблемах вінаватыя «ворагі». Зрэшты, ёсць праблемы, якія нельга зваліць на тых «ворагаў». І тады яны робяць выгляд, што праблем проста няма. А раз няма праблемы — яны і не вінаватыя. Увесь мінулы тыдзень быў доказам гэтага.

Калаж з fishki.net

Калаж з fishki.net

Вось, напрыклад, інфляцыя ў Беларусі разагналася да 7,1% пры мэтавым паказчыку не больш за 5% — і гэта ва ўмовах, калі кошты падвышаць «забараняецца». Здавалася б, праблема? І ні на якіх «ворагаў» яе не зваліць. Але…

Але былы наш прэм'ер і цяпер кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка заявіў, што ніякай праблемы няма, і стаўку рэфінансавання Нацбанк мяняць не збіраецца. 

«Ключавая стаўка расійскага Цэнтрабанка цяпер — на ўзроўні 20%, што тлумачыцца высокімі тэмпамі росту спажывецкіх цэн — каля 10%. Гэта ў два з паловай разы вышэй за мэту Банка Расіі ў 4%. Адрыў ад мэты назіраецца досыць даўно — з ліпеня 2023 года. Каб пераламаць тэндэнцыю, рэгулятар вымушаны праводзіць жорсткую працэнтную палітыку. Так робяць усе цэнтральныя банкі, калі інфляцыя ўстойліва перавышае свой мэтавы ўзровень. У Беларусі ж сітуацыя іншая. Па-першае, у нас інфляцыя ніжэй, па-другое, яна бліжэй да свайго мэтавага значэння ў 5%. У цяперашні час тэмп прыросту спажывецкіх цэн вышэй мэты, але не крытычна. Ва ўмовах запаволення эканамічнага росту і паскарэння інфляцыйных працэсаў у нашых асноўных гандлёвых партнёраў гэта цалкам дапушчальна», — сказаў ён.

Гэта значыць, у росце інфляцыі, па Галоўчанку, няма ніякай праблемы. Але праўда, ад самага пачатку і да сённяшняга дня мяне здзіўляе такі падыход, калі нам прыводзяць у прыклад тых, каму горш, чым нам. Чаму б Раману Галоўчанку не параўнаць нашу эканамічную сітуацыю з Польшчай? Ці з краінамі Балтыі? Нам жа ўвесь час распавядаюць, як у іх усё дрэнна, як яны вывозяць з Беларусі грэчку і соль, а калі справа даходзіць да параўнанняў, у прыклад прыводзяць чамусьці Расію.

Вось бы Галоўчанка нам распавёў, чаму ў краінах Балтыі ўзровень інфляцыі ў 3-4%, калі ў іх няма Лукашэнкі, які «катэгарычна і жэстачайшэ» забараніў падвышаць кошты яшчэ ў 2022 годзе. Як так атрымліваецца, што там, дзе кошты падвышаць забараняецца, інфляцыя расце, а там, дзе кошты падвышаць дазволена, інфляцыя, наадварот, падае?

Ці вось наша Міністэрства аховы здароўя. Адток медыкаў за мяжу і іх дэфіцыт у Беларусі даўно стаў сумным фактам. Але вось кіраўніца Галоўнага ўпраўлення кадравай работы і прафесійнай адукацыі нашага Мінздароўя Вольга Калюпанава лічыць, што ў Беларусі праблем з медыцынскімі работнікамі, у тым ліку ў рэгіёнах і з вузкімі спецыялістамі, няма і не бывае.

«Нельга сказаць, што ў нас ёсць праблема, дэфіцыт кадраў, асабліва ў рэгіёнах і з вузкімі спецыялістамі. У нас маецца досыць добры кадравы рэсурс. У нас самая вялікая задача — гэта рацыянальнае іх выкарыстанне.

Мы ўкаранілі такую сістэму, як спрошчаны допуск да занятку сумежных спецыяльнасцяў. Таму што па праграмах павышэння кваліфікацыі, асабліва гэта тычыцца такіх, на думку насельніцтва праблемных пытанняў, гэта лекары ультрагукавой дыягностыкі, дыягнастычных метадаў даследавання. Урач-спецыяліст можа прайсці павышэнне кваліфікацыі і займацца УГД-даследаваннямі ў той вобласці, у якой ён працуе... Ён у звычайны свой прыём праводзіць не толькі агляд і абследаванне пацыента, але і дыягнастычнае, і скрынінг, што забяспечвае даступнасць медыцынскай дапамогі ў адзін прыём і забяспечвае адразу ўсталяванне дыягназу і прызначэння неабходнага лячэння», — сказала чыноўніца.

Кажучы простай мовай, калі адзін і той жа лекар робіць вам не адну працэдуру, а тры, гэта, на думку спадарыні Калюпанавай, не адзін лекар, а тры розных лекара. І таму дэфіцыту лекараў у нас няма.

Але ведаеце, што хочацца спытаць? Чаму тады гэтаму лекару не плацяць аклад ўсіх трох лекараў? А тое, атрымліваецца, што ў кабінеце доктара, па Калюпанавай, працуе тры лекары, а калі справа даходзіць да бухгалтэрыі, яны рэзка зліваюцца ў адну асобу. Несправядліва ж, так?

Зрэшты, такое «мадэляванне рэальнасці» тычыцца не толькі праблем, але і ўяўных дасягненняў. Вось нашы золатавалютныя рэзервы па выніках траўня паставілі новы рэкорд, павялічыліся да 11,16 млрд долараў. У эфіры БТ першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Ягораў раскрыў прычыны такога росту. Паводле яго слоў яны — у «паслядоўнай палітыцы нацыянальнага банка па ўкладанні часткі сродкаў у золата». Рост кошту золата за тройскую ўнцыю з пачатку года склаў прыкладна 667 долараў, гэта і «дазволіла нарасціць рэзервы», патлумачыў ён.

Праўда, ён не сказаў, што будзе, калі кошт золата будзе падаць. Хто тады будзе вінаваты?

Але тут жа чыноўнік абмовіўся, што нашы ЗВР пакрываюць 2,6 месяца імпарту краіны —і гэта пацешная агаворка. Таму што недзе ў 2019-м нам распавядалі, што 8 млрд долараў ЗВР у нас пакрывалі тры месяцы імпарту. Так што альбо за гэты час імпарт крытычна вырас у цане, альбо чыноўнік разумее, што прадаць золата са сховішчаў нашага Нацбанка немагчыма з-за санкцый. І таму — так, фармальна ЗВР растуць з-за росту коштаў на золата. Але калі справа дойдзе да пераводу золата ў «жывыя» грошы, атрымаецца, што наша золата ляжыць у сховішчах мёртвым грузам. А значыць, на паперы ЗВР растуць, а па-факце наша золата прадаць немагчыма, а таму яно не каштуе нічога. Нуль.

Але ўсё ж без ворагаў на тыдні не абышлося. Лукашэнка, наведваючы кінастудыю «Беларусьфільм» 10 чэрвеня, распавёў, што асабіста раскрыў «бульбяную змову».

Ён заявіў, што ў Беларусі няма недахопу бульбы, а дэфіцыт быў створаны штучна, каб паказаць негатыўныя наступствы яго ўмяшання ў цэнаўтварэнне. «Усяго хапае ў нас. Калі праверыў Камітэт дзяржкантролю некаторых дзеячаў, аказваецца ў палітыцы была справа. Бульбы хапала, але дзесьці прытрымалі, каб паказаць, што вось прэзідэнт у цэнаўтварэнне ўмяшаўся, таму вось вынік. А калі ён з кайданкамі прыйшоў, на стол паклаў — бульба з'явілася. Таму мы гэта ўсё ведаем і разумеем, але я не прымаю вось такіх рэчаў», — заявіў Лукашэнка.

Шчыра кажучы, ад самага пачатку «бульбянога крызісу» я чакаў гэтага моманту — калі Лукашэнка скажа, што яго нам «падкінулі ворагі». І ўсё ж дачакаўся.

І цяпер трошкі шкадую. Таму што Лукашэнка ўсё больш аказваецца прадказальным, а значыць, нецікавым. Настолькі нецікавым і сумным, што з гэтай нагоды нават мемаў няма.

Глядзіце таксама