Дэфіцыт гародніны ў СССР. Дасье ў карыкатурах
Цяперашні прыкметны ажыятаж вакол бульбы верагодна таксама абумоўлены калектыўнай памяццю пра часы СССР, калі дэфіцыт памідораў, бульбы, цыбулі і да т.п. быў звычайнай справай. Тагачасная прапаганда любіла адлюстроўваць савецкія рэаліі як нейкі спажывецкі рай, дзе працоўным былі даступныя ўсе тавары. У рамках гэтага шаблону ствараліся многія графічныя агітацыйныя матэрыялы.

Аднак рэальнасць, як бывае заўсёды, моцна адрознівалася ад таго, што паказвалі па тэлевізары. Многія тавары былі хранічна дэфіцытнымі. У тым ліку гэта датычылася гародніны. Савецкая сатыра неаднаразова фіксавала адсутнасць самых элементарных прадуктаў у агароднінных крамах.

Прычым няздольнасць дзяржсектару забяспечыць грамадзян цыбуляй і бульбай мела выразны прысмак ідэалагічнай правакацыі. Справа ў тым, што ў прыватных вытворцаў можна было лёгка набыць тую самую дэфіцытную агародніну.

Праглядаючы архівы карыкатур, выпадкова ўзнікае думка, што ў нечым савецкім людзям было нават прасцей, чым цяперашнім беларусам, якія зараз бессістэмна ганяюцца за бульбай. Усё таму, што ў СССР паралельна рублю курсавала нефармальная валюта — алкаголь. Праблема дэфіцыту агародніны, як бачым на гэтым малюнку, лёгка вырашалася за кошт адной-дзвюх бутэлек.

Як і лукашэнкаўскім прапагандыстам савецкім калегам даводзілася шукаць «стрэлачнікаў». Калі сёння ўсю віну ўскладаюць на ўладальнікаў гандлёвых сетак, то ў той час крайнімі былі часта самі звычайныя прадаўцы…

…або дырэктары агароднінных баз.

Зрэшты, крытыка ў адрас прадаўцоў і дырэктараў нараўне з іншымі мерамі (пастановы, узмацненне адказнасці, грамадскі і дзяржаўны кантроль) слаба дапамагалі. У апошнія гады СССР дэфіцыт набыў татальны характар. Мяркуючы па гэтай карыкатуры ўкраінскага часопісу Перець таго часу, людзям было ўжо ўсё роўна што купляць — галоўнае нешта набыць.

Застаецца спадзявацца, што вырашэнне бульбянога пытання кіраўніцтвам РБ не прывядзе да падобных сцэн. Хаця, вядома, усё магчыма.