Хто з'еў беларускую бульбу і пры чым тут Дональд Трамп
Куды падзелася бульба? Куды падзелася цыбуля? Ці знікнуць у Беларусі яйкі? Гэтыя пытанні былі ў краіне значна больш актуальныя, чым «мірныя перамовы» Дональда Трампа, якія праваліліся на тыдні. І — не паверыце, але перамовы Трампа, як ні дзіўна, наўпрост уплываюць на наяўнасць бульбы ў беларускіх крамах. Сапраўды не верыце? Зараз растлумачым.

Архіўнае фота. Калісьці ў Беларусі бульбы было шмат, і таннай...
Але спачатку паглядзім на істэрыку нашых чыноўнікаў з нагоды знікнення бульбы і цыбулі. Вядома, гэты дэфіцыт моцна б'е па аўтарытэце ўлады. І мы ў чарговы раз пераконваемся, што генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулых бітваў, а беларускі Мінсельгасхарч — да мінулага попыту.
Вядома, што найперш намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун пачаў апраўдвацца. Маўляў, яны забяспечылі пастаўкі неабходных аб'ёмаў бульбы ў гандлёвыя сеткі, але ў нас жа народзец — самі разумееце. І недахоп бульбы на прылаўках крам звязаны найперш «з павелічэннем попыту».
Гэта значыць, людзі пачалі больш есці бульбы, таму яна і знікла. А, убачыўшы такое бязладдзе, Мінсельгасхарч павялічыў плошчу пасадкі бульбы на 3 тысячы гектараў. І не толькі бульбы. «Мы павялічылі плошчу пасеву цыбулі, агароднінных культур. Больш за тое, па заяўцы гандлёвых сетак мы пасеялі цыбулю не толькі жоўтую, звыклую нам, але і белую, чырвоную, ялцінскую цыбулю. Пад замову гандлёвых сетак мы можам вырасціць любую прадукцыю. Я хачу супакоіць насельніцтва. У нас дастаткова тэхналогій, метадаў і ўсяго для таго, каб атрымаць і забяспечыць сваё насельніцтва», — адзначыў Гракун.
Праўда, павялічылі плошчу пад бульбу толькі цяпер, і яна яшчэ павінна вырасці. Магчыма, у будучым ў нас будзе бульба. А можа і не, таму што вырасціць бульбу мала — яе яшчэ трэба захаваць.
Наогул, сітуацыя атрымліваецца вельмі цікавая. Па словах Гракуна, Беларусь вырошчвае (у залежнасці ад надвор'я) у сярэднім 1 мільён тон бульбы на год. Летась быў неўраджай, і мы сабралі 800 тысяч тон караняплода. У 2023 годзе быў добры год — сабрана 1,2 мільёна тон бульбы.
А для забеспячэння насельніцтва бульбай, згодна з разлікамі Міністэрства антыманамольнага рэгулявання і гандлю, нам патрабуецца максімум 100 тысяч тон бульбы на год. Гэта значыць, сабралі мы бульбы летась у восем (!) разоў больш, чым яно нам «прагнозна» трэба. І ўсё роўна нам не хапіла.
Дык, можа быць, гэта ў МАРГ з прагнозамі нешта не тое? Як у савецкі час, калі быў Дзяржплан, які вызначаў, колькі і чаго трэба савецкаму чалавеку. І гэты Дзяржплан пастаянна памыляўся з-за таго, што чалавек — нават савецкі, — аказаўся істотай надзіва непрадказальнай, і яго патрэбы не заўсёды супадалі з патрэбамі Дзяржплана. А праз гэта ўзнікалі дэфіцыты, — як цяпер з бульбай.
Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец прызнаў, што сітуацыя з бульбай была, але не патлумачыў, чаму яна была, калі ў нас тэарэтычна бульбы было ў восем разоў больш за спажыванне.
«Бульба прапала, цыбуля прапала, макароны прапалі. Гэта ўсё залежыць ад пераваг пакупніка. Чалавек прыходзіць і звяртае ўвагу на негатыў у асноўным. Калі мы кажам пра тое, што цыбулі няма, то трэба разумець, што ўжо травень месяц, і міжсезонны перыяд, ён заканчваецца» — таксама паскардзіўся Вежнавец на «перавагі пакупніка» і «народзец», які бачыць толькі негатыў. Бо не хоча беларус есці бручку — макароны яму падавай!
А цяпер — пра Трампа. Вы не паверыце, але, насуперак прылепленаму да беларусаў цэтліку «бульбаш» Беларусь практычна заўсёды частку бульбы закупляла ва Украіне. Напрыклад, у 2019-м Беларусь купіла ва Украіне бульбы на 2,6 мільёнаў долараў. У 2020-м мы купілі ва Украіне караняплодаў усяго на 652 тысячы долараў. У 2021-м у Беларусі зноў узнікаў неўраджай, і мы набылі ва Украіне бульбы на 1,58 мільёна «зялёных».
А ў 2022-м Лукашэнка падтрымаў Пуціна ў яго агрэсіі супраць Украіны, і добрай і хуткадаступнай у крызісны момант бульбы ў Беларусі не стала. Бо Украіна не хоча карміць хаўрусніка агрэсара, што лагічна.
Тое ж самае можна сказаць і пра згаданую МАРГам і Мінсельгасхарчам цыбулю — некаторыя яе гатункі нездарма называюцца «ялцінскімі», і яны ехалі да Беларусі з якога-небудзь Херсону (і таматы былі адтуль жа), але…
І макароны. Макароны, якія робяцца з цвёрдых гатункаў пшаніцы, якая, у сваю чаргу, у Беларусі не расце, затое выдатна расла ва ўкраінскім чарназем'і. Цяпер гэтае чарназем'е недзе абсыпана мінамі, а недзе па ім ездзяць танкі.
Таму праваленая ініцыятыва Трампа і мір ва Украіне наўпрост тычыцца нашага з вамі стала і лядоўні. Як наўпрост наш стол закрануў і саўдзел Лукашэнкі ў вайне.
Ну а пакуль усё разбіраліся з бульбай, МАРГ адрэагаваў на яшчэ адну пагрозу. Гандлёвым арганізацыям Беларусі рэкамендавалі знізіць гандлёвыя надбаўкі на курыныя яйкі і забяспечыць шырокі асартымент прадукцыі, якая рэалізуецца. А вытворцам — праводзіць акцыйныя мерапрыемствы з акцэнтам на спажыўца. Пра гэта ішла размова на рабочай сустрэчы ў МАРГ з удзелам прадстаўнікоў Мінсельгасхарча, мясцовых органаў улады, найбуйнейшых гандлёвых сетак і імпарцёраў.
Мэтай нарады было «забеспячэнне стабільных паставак у гандлёвыя аб'екты плодаагародніннай прадукцыі, садавіны і ягад, курыных яек». І як вы думаеце, пасля гэтай нарады ці ўзнікнуць у Беларусі праблемы з яйкамі?
Ды напэўна! Таму што забяспечыць шырокі асартымент, зніжаючы гандлёвыя надбаўкі папросту немагчыма. Толькі атрымліваючы прыбытак гандлёвыя арганізацыі могуць дазволіць сабе закупляць новую прадукцыю. Зніжэнне гандлёвых надбавак —менш грошай у крамы. Менш грошай у крамы — больш бедны асартымент.
Здавалася б, лагічна? Але ў МАРГ — іншая логіка, альтэрнатыўная здароваму сэнсу.