«Колькі ж можна трываць гэты народ з яго бульбай?»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае пра тое, як народ Беларусі навучыўся алегарычна думаць пра сваё кіраўніцтва. Таму што казаць тое, што думаеш, у неалегарычнай форме ГУБАЗіК не дазваляе. І таму, кажучы пра бульбу, народ кажа не пра бульбу.

Архіўнае фота. Цяпер няма ні такой бульбы, ні такіх коштаў )

Архіўнае фота. Цяпер няма ні такой бульбы, ні такіх коштаў )

У чацвер, прызначаючы начальства мясцовага звяна, сёй-той сказаў, што начальству мясцовага звяна трэба больш глядзець ціктокаў. Але не падумай нічога дрэннага. Глядзець ціктокаў не проста так, а з асабліва практычнай мэтай. Каб быць у курсе, што там сабе думае гэты народ.

Ну проста неяк іншых спосабаў даведацца, што ён сабе думае не засталося. Начальства разнастайнага звяна дакладвае ў асноўным пра шчаслівыя сваім гарантам народныя масы. А калі народ пачынае дзе-небудзь гучна думаць тое, што ён думае на самай справе, то на народ адразу знаходзяцца ГУБАЗіК з палкамі.

Таму народ думае ў асноўным пра сябе. І, як сёй-той справядліва падазрае, калі народ думае пра сябе, ён нічога добрага не думае пра свайго мінаючага гаранта.

А хтосьці ж не ў курсе. Ну гэта значыць, сёй-той, вядома, здагадваецца, што нічога добрага народ пра яго не думае. Ну, таму што такі ўжо народ яму дастаўся. Але што канкрэтна народ пра яго думае дрэннага, мінаючы гарант не ведае. А вельмі хацелася б ведаць. Таму што гэта ў прынцыпе карысна для персанальнай стабільнасці.

А ў ціктоках народ, атрымліваецца, бывае гучна думае пра свайго мінаючага гаранта. Не ў прамой, вядома, форме. Гучна думаць пра мінаючага гаранта багата непрыемнымі крымінальна-адміністрацыйнымі наступствамі. 

Таму народ думае пра свайго гаранта ў такой трошкі алегарычнай форме. Вось калі людзі ў ціктоках абураюцца прыездам пакістанцаў, ці, скажам, бульбай, то не бульбай яны насамрэч абураюцца. Проста бульбай пакуль яшчэ абурацца можна. 

Таму ў такой вось алегарычнай форме бульбы людзі кажуць беларускім уладам тое, што яны думаюць пра беларускія ўлады наогул і пра гаранта ў прыватнасці. Не ўсё, вядома, што хацелася б сказаць. Усё, што народ думае пра беларускія ўлады і іх гаранта, ён не можа сказаць нават у выключна алегарычнай форме бульбы. Але сёе-тое ў алегарычнай форме бульбы народ пакуль яшчэ сказаць можа. І, што характэрна, ён жа, падлюга, гэтым карыстаецца.

І вось як я сабе разумею, беларускія ўлады, хоць і не адразу, гэтую алегорыю ўлавілі. Што калі людзі абураюцца адсутнай бульбай, яны насамрэч кажуць гаранту: «Ты дастаў». Проста сказаць гаранту «ты дастаў» у неалегарычнай форме ГУБАЗіК не дазваляе. Ну прыкладна як маскі падчас эпідэміі кавіду былі пратэстам супраць гаранта і яго лячэння трактарам.

І ты ж памятаеш, чым тады ўсё скончылася. А гарант і сведкі яго стабільнасці — яны ж таксама памятаюць. Таму яны цяпер так шалеюць з-за бульбы, не саромеючыся ніякіх выразаў у сваім тэлевізары.

Можна было б, вядома, проста забараніць бульбу, як яны забаранілі ўсё астатняе. Ну хоць бы ў ціктоках. І я, дарэчы, падазраю, што ўрэшце яны так і зробяць. Прыраўняюць прызнанне дэфіцыту бульбы да адмаўлення генацыду беларускага народа. Таму што, колькі ж можна трываць гэты народ з яго бульбай?

Але тады не застанецца ніякіх спосабаў ацаніць бягучы ўзровень народнай любові. Хоць беларускі народ крэатыўны. Я ўпэўнены, ён нешта прыдумае.

Не горш чым прыдумаў пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.