«Кропкава», але паўсюдна: ці ёсць перадумовы для «вызвалення» цэн?

Яшчэ з савецкіх часоў актуальная прымаўка, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовыя цяжкасці. Так і ў Беларусі: усе выхваляюцца стабільнасцю, не ўдакладняючы, у чым гэтая стабільнасць заключаецца. А заключаецца яна, падобна, менавіта ў тых самых часовых цяжкасцях.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Лукашэнка неаднаразова «клапаціўся» пра сельскую гаспадарку, і асабліва — жывёлагадоўлю. Памятаеце пра ягоныя «абасраныя каровы», якія ператварыліся ў мем? Шмат разоў ён разам з Камітэтам дзяржкантролю і пракуратурай казаў пра тое, як хавалі нейкія адказныя асобы падзеж жывёлы. Шмат людзей за гэта пасадзілі — і напэўна, цалкам заслужана. І якія вынікі далі гэты клопат і гэтыя пасадкі? Вынік адзін — падобна, у нас ёсць новы рэкорд.

На тыдні Лукашэнка сабраў нараду з новым складам Савета Міністраў, на якую былі вынесены глабальныя пытанні: продаж арэнднага жылля, рэгуляванне ігральнага бізнесу, стварэнне беларускага касмічнага агенцтва. Аднак асаблівую заклапочанасць Лукашэнкі выклікаў не космас, а цалкам сабе зямная сітуацыя з сконам жывёлы.

«Скананне дасягнуў гістарычнага максімуму. Віцэ-прэм'ер, які курыруе гэтае пытанне, міністр сельскай гаспадаркі даложаць аб прымаемых мерах па выпраўленні сітуацыі», — заявіў Лукашэнка.

Раней Лукашэнка за гэта саджаў кіраўнікоў гаспадарак. «Узбуйняў» саўгасы, далучаючы стратныя прадпрыемствы да паспяховых (вынік быў супрацьлеглы — паспяховыя прадпрыемствы, спрабуючы выцягнуць стратныя, самі сыходзілі «ў мінус»). Прымацоўваў сельгасарганізацыі да«флагманаў прамысловасці». Нічога не дапамагло. Цяпер у Лукашэнкі новая ідэя: перадаваць жывёлу туды, дзе ўмеюць пра яе клапаціцца.

«У нас жа скананне у асобных гаспадарках знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні, калі можна сказаць, а то і наогул няма. І гэтыя гаспадаркі займаюцца і адкормам, і ўзнаўленнем статка. Калі ў Віцебскай, Магілёўскай або ў іншых абласцях у нас прыстойнае скананне, мы дамаўляліся, што гэтых цялятаў... пераводзім у нармальную гаспадарку для таго, каб ажыццявіць вырошчванне, адкорм, а цялушак перадаць ва ўзнаўленне... Ну, не проста забраць, а заплаціць тым, якія перадаюць гэтых, гэты маладняк», — выдаў простую ідэю Лукашэнка. І сказаў, што ён віцэ-прэм'еру «10 разоў пра гэта казаў».

Простыя ідэі Лукашэнкі, як звычайна, прывядуць да таго, што мы зусім без жывёлы застанемся. Гэтаксама, як далучыць стратны калгас да паспяховага. Дапусцім, перададзім (а дакладней, прададзім) мы той самы маладняк «паспяховым». Адсюль адразу некалькі пытанняў нават для неадмыслоўца.

Калі ў паспяховых свайго быдла дастаткова, навошта ім плаціць за нейкі «левы» маладняк? З якіх грошай? Ці будзе ў паспяховых месца, каб забяспечыць гэтаму новаму маладняку нармальныя ўмовы? Ці ёсць рэсурсы на яго вырошчванне: тыя ж ветэрынары, якія не могуць працаваць кругласутачна, 24/7. Ці ёсць корм для новых галоў жывёлы, ці ёсць магчымасць уборкі за ім, магчымасць выпасу ўзрослага статка і гэтак далей, далей, далей... Спачатку трэба вырашыць усе гэтыя пытанні, а потым ужо кагосьці кудысьці перавозіць.

Гэта чалавек можа з'ехаць у іншую краіну з адным чамаданам, і там пра сябе паклапаціцца. Жывёла на тое і жывёла, што яна паклапаціцца пра сябе не можа — ёй трэба стварыць умовы. А калі яны не створаныя, то жывёла будзе хварэць. І можа быць, нават памрэ, асабліва калі яе не карміць.

І калі ў «паспяховых» гаспадарак няма магчымасці займацца новым маладняком, а ім гэты маладняк усё роўна ўсунуць — наступствы будуць... Самі разумееце. Наш рэкорд скону жывёлы яшчэ не скончаны, — і ўсё дзякуючы «простым рашэнням» Лукашэнкі.

І добра, што ў нас ёсць віцэ-прэм'ер, якому Лукашэнка 10 разоў нешта казаў, а той 10 разоў гэтыя непрадуманыя ўказанні праігнараваў. Шкада, вядома, што кіраўнік Беларусі не назваў імя героя. Такіх людзей трэба ведаць!

Бо насамрэч сітуацыя ў краіне не вельмі. Асабліва фінансавая. Вось і на тым самым Саўміне было вырашана адмовіцца ад стварэння ўласнага касмічнага агенцтва, каардынаваць касмічныя праекты працягне Акадэмія навук. Грошай на «беларускае НАСА» не знайшлося — нягледзячы на тое, што яны заўсёды знаходзіліся на стварэнне цёплых месцаў для бюракратаў. Але цяпер — не.

Таксама на Саўміне Лукашэнка запатрабаваў забараніць пераводы замежным арганізатарам азартных гульняў. «Грошы ад прайграных кватэр і машын сыходзяць замежным арганізатарам азартных гульняў. А вось гэта ўжо прынцыповае пытанне... Таму трэба забараніць наогул для пачатку банкам ажыццяўляць такія пераводы за межы краіны», — сказаў ён.

І вось тут пытанне: няўжо грошы заканчваюцца нават у «сям'і»? Таму што ў 2009 годзе хадзілі чуткі, што на азартных гульнях у Беларусі нажываюцца менавіта дзеці Аляксандра Лукашэнкі — Віктар і Дзмітрый. А адносна нядаўна Беларускі расследавальніцкі цэнтр публікаваў матэрыялы ў дачыненні да Н Casino — у ім, паводле звестак журналістаў, адмываліся грошы ці не з усёй Еўропы. А «курыравалі» схему экс-супрацоўнікі Мінабароны, КДБ і службы бяспекі Лукашэнкі. Зразумела, ніхто не паверыць, што казіно (як бізнэс) і «сям'я» Лукашэнкі ніяк не звязаныя.

Таму грошай няма, але іх вельмі хочацца. Іх трэба дзесьці браць. А браць іх няма дзе. Ёсць, праўда, адзін спосаб — выняць іх з кішэняў грамадзян. Але для гэтага трэба зрабіць вельмі простую рэч — адпусціць заціснутыя кошты. І вось калі яны ўзляцяць уверх, грошы з кішэняў беларусаў будуць высмактаныя, як пыласосам.

Не, гэта не неверагодны сцэнар. Мы раз-пораз чуем пра рост цэн, проста мы чуем пра нібыта «кропкавыя павышэнні». Вось і цяпер кандытарская фабрыка «Спартак» (у свой час таксама «адціснутая» ў замежнага інвестара) з 31 траўня павышае цэны на шакаладную групу прадукцыі. Павышэнне аргументуецца ростам кошту какава-прадуктаў. Абяцаюць, што павышэнне будзе нязначным, але…

Гэта як са стабільнасцю і «цяжкасцямі». Павышэнне коштаў, можа быць, будзе «кропкава», але, верагодна, — паўсюдна. Бо чаму «Спартаку» можна, а іншым — не?