Новыя затрыманні, аўкцыёны і невядомасць пра лёс Статкевіча. Хронікі рэпрэсій 25 лістападаі

У Беларусі працягваюцца затрыманні, суды і ціск на палітвязняў і іх сем’і. Што з Статкевічам дагэтуль невядома, кватэры палітвязняў канфіскуюць, а ў «справе Гаюна» з'яўляюцца новыя фігуранты.

1_1097_1.png

Пасля «сутак» не выйшаў на волю вядомы магілёўскі рэканструктар

Як паведамляе канал @MAYDAYMog, кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен», рэканструктар Павел Станкевіч не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту, якія ён атрымаў пасля затрымання 3 лістапада. Прычыны затрымання і падрабязнасці адміністрацыйнай справы пакуль невядомыя.

У гэтыя ж дні былі затрыманыя яшчэ двое чалавек, якія маюць дачыненне да «Барысфена». Пра іх становішча інфармацыі няма.

4 лістапада стала вядома, што асабістыя акаўнты Паўла Станкевіча і старонкі праектаў «Рыцарскі клуб “Барысфен”», «Сярэднявечны шоу-тэатр “Барысфен”» і «Падарожжа ў сярэднявечча — тур выходнага дня» былі ўнесеныя ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Суды па “справе Гаюна” ідуць штодня

Праваабаронцы з «Вясны» паведамляюць пра як мінімум 124 пацверджаных фігурантаў “справы Гаюна”, змешчаных пад варту. Паводле іх звестак, сапраўдная колькасць затрыманых значна вышэйшая. Затрыманні адбываюцца па ўсёй краіне і працягваюцца цяпер.

Некаторых затрыманых адпускаюць да суда пад залог. Па выніках працэсаў фігуранты атрымліваюць як «хатнюю хімію», так і «хімію» з накіраваннем, а таксама рэальныя тэрміны ў калоніі. Учора суды прайшлі ў некалькіх гарадах Беларусі.

Сваякі Міколы Статкевіча атрымалі адказ ад МУС

Родныя палітвязня Міколы Статкевіча паведамілі, што атрымалі ліст з МУС: у ім пазначана, што «Статкевіч М.В. адбывае пакаранне згодна з прыгаворам ад 14.12.2021». Дзе менавіта знаходзіцца палітвязень — не ўдакладняецца.

Нагадаем, што 11 верасня Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 асуджанага. Усе, акрамя Міколы, былі прымусова вывезеныя на тэрыторыю Літвы. Статкевіч адмовіўся ад дэпартацыі і па дарозе выбіў дзверы аўтобуса, выскачыўшы на нейтральнай паласе. Праз некалькі гадзін ён самастойна вярнуўся ў Беларусь.

Пазней з’явілася непацверджаная інфармацыя, што яго даставілі ў Глыбоцкую калонію, але афіцыйнага пацвярджэння няма.

Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва адзначыла «Радыё Свабода», што дзеянні ўладаў не адпавядаюць заканадаўству: памілаванне не прадугледжвае адмену або дадатковых умоў пры наяўнасці згоды асуджанага.

Кватэру палітвязня з Берасця прадалі на аўкцыёне

У Берасці сёння прайшоў аўкцыён па продажы двухпакаёвай кватэры палітвязня Віталя Чопіка. За ходам працэсу сачыла «Берасцейская Вясна». У ўдзеле было заяўлена толькі два пакупнікі, і кватэра была прададзеная за 112 270 рублёў.

Пераможца павінен аплаціць пакупку на працягу 10 працоўных дзён.

Нагадаем, Віталь Чопік адбывае 7 гадоў пазбаўлення волі па палітычнай справе — за тое, што наведваў суды па іншых палітвязнях. Акрамя гэтага, ён атрымаў штраф у памеры 40 тысяч рублёў, з-за чаго ўлады прынялі рашэнне прадаць яго жыллё з аўкцыёну.