Максім Знак: 1000 дзён без звестак. Хронікі рэпрэсій 24 лістапада
Ад палітвязня Максіма Знака няма ніякіх звестак ужо 1000 дзён — з лютага 2023 года. На гэтым фоне працягваюцца новыя выпадкі інкамунікада, прызнанні «экстрэмісцкімі» рэсурсаў, абмежаванні для сваякоў асуджаных і палітычна матываваныя прысуды. Мы сабралі галоўнае за сёння.

1000 дзён няма звестак пра Максіма Знака
Былы адвакат Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў зняволення. Ніякіх вестак ад яго няма з лютага 2023 году — тады ў «чорны спіс» трапілі Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Мікола Статкевіч, піша Свабода. Ціханоўскага і Лосіка вызвалілі, вывезшы за мяжу. Калеснікаву і Бабарыку прынамсі паказалі ў тэлевізіі: Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам 12 лістапада 2024 году, а ў студзені 2025 году з'явілася відэа з Віктарам Бабарыкам.
Ад Максіма Знака няма звестак ужо 1000 дзён.
У рэжым інкамунікада зноў трапіў палітвязень Мікола Статкевіч, якога раней трымалі ў ім больш за 900 дзён. Пасля 11 верасня, калі Статкевіча вывезлі з беларуска-літоўскай мяжы ў невядомым кірунку, ад яго няма ніякіх вестак і невядома, дзе ён знаходзіцца.
Акаунт выдавецтва прызнаны «экстрэмісцкім»
Instаgrаm-аккаунт незалежнага беларускага выдавецтва «rozum.media» прызнаў «экстрэмісцкім» 18 лістапада суд Лідскага раёна.
Сваякам палітвязняў цяпер больш складана адправіць пасылку ў калонію
Пошта больш не аказвае паслугу кур'ера, які забірае пасылкі па хатнім адрасе ў грамадзян. Гэтая опцыя зараз даступная толькі для юрыдычных асоб. Раней сваякі асуджаных карысталіся кур'ерам, каб адправіць 50 кг рэжымнай перадачы ў месцы пазбаўлення волі — гэта максімальна дазволеная поштай вага, піша @MAYDAYMog.
Праблема ў тым, што большасць паштовых аддзяленняў у Беларусі маюць шалі са шкалой да 30 кг, бо вялікія пасылкі гэта рэдкасць і выкарыстоўваюцца толькі для пенітэнцыярных устаноў. Зараз, каб адправіць пасылку ў калонію, трэба спачатку знайсці паштовае аддзяленне, якое працуе з вагой 50 кг, а потым туды яшчэ і дацягнуць цяжкі груз.
У Мінску адмянілі выставу мастака Сяргея Рымашэўскага
У сталіцы адмянілі мастацкую выставу Сяргея Рымашэўскага «Кардыяграма», піша @euroradio.
«Дарагія сябры! Мая выстава адменена і гэта не жарт. Не пытайцеся: "Чаму?" Шчыра дзякую ўсім, хто праявіў цікавасць да мерапрыемства, якое не адбудзецца», — напісаў Рымашэўскі ў сацсетках.
Выстава мелася адбыцца з 25 лістапада па 13 снежня ў галерэі «Мастацтва» Саюза мастакоў на праспекце Незалежнасці.
Гродзенскага бізнэсмена асудзілі па палітычнай справе
Сяргею Цвікевічу 44 гады. Ён з Гродна. Мяркуючы з сацсетак, вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
Мужчына ўсё жыццё займаўся бізнесам. У 2002 годзе ён адкрыў першае ІП. Адна са сфераў дзейнасці ІП — «здача нерухомасці». Апошнім часам Цвікевіч быў дырэктарам ва ўласнай фірме.
У Сяргея двое непаўналетніх сыноў. Мужчына будуе дом і нядаўна купіў новы кітайскі красовер. Таксама ён любіць актыўны адпачынак — незадоўга да затрымання ездзіў з сынам на адпачынак у Эльбрус, а пасля катаўся з гор у Сілічах, піша «Наша Ніва».
Сяргея затрымалі напрыканцы лютага ці ў пачатку сакавіка 2025 года. Яго асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе паводле двух артыкулаў — «заклікі да прычынення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Прысуд Сяргею набыў моц у лістападзе. Сутнасць абвінавачанняў невядомая, як і дакладны прысуд. Але цяпер Цвікевіч, верагодна, за кратамі.