Маленькі прынц Ніку: як сын Чаўшэску рыхтаваўся стаць пераемнікам дыктатара

 У 1980-х гадах Нікалае Чаўшэску фактычна рыхтаваў малодшага сына Ніку да ролі пераемніка. Але замест новай дынастыі краіну чакала рэвалюцыя — і скандальны «маленькі прынц» стаў сімвалам заняпаду рэжыму.

Ніку Чаўшэску з бацькамі. Фота: Ion Chibzii, commons.wikimedia.org

Ніку Чаўшэску з бацькамі. Фота: Ion Chibzii, commons.wikimedia.org

«У чым розніца паміж Ніку і Богам? Бог не лічыць сябе Ніку».

— народны анекдот у Румыніі 1980-х гадоў

Пачатак дынастыі

У апошнія гады свайго кіравання Нікалае Чаўшэску не хаваў, што рыхтуе малодшага сына Ніку да пасады пераемніка.

Сам Ніку ўжо пасля рэвалюцыі сцвярджаў у інтэрв’ю, што чуткі пра тое, нібыта ён павінен быў змяніць бацьку на чале ўлады, былі перабольшаныя. Сапраўды, фармальна пра план перадачы ўлады сыну румынскі дыктатар ніколі публічна не абвяшчаў.

Аднак гісторыкі перакананыя ў адваротным. Пра тое, што з Ніку рабілі прынца, сведчаць шырокія гістарычныя матэрыялы, дыпламатычныя справаздачы і журналісцкія аналізы 1980-х гадоў.

Працэс падрыхтоўкі падобнага «транзіту» быў лагічным вынікам узмацнення кумаўства і дынастычных тэндэнцый у рэжыме Чаўшэску ў апошнія гады яго існавання.

Любімчык дыктатара

Ніку Чаўшэску (у цэнтры) з невядомымі жанчынамі падчас вечарынкі 1976 года. 

Ніку Чаўшэску (у цэнтры) з невядомымі жанчынамі падчас вечарынкі 1976 года. 

Мяркуюць, што ідэя перадаць уладу Ніку з’явілася яшчэ ў 1960–70-х. Нікалае і Алена Чаўшэску адкрыта аддавалі перавагу Ніку перад іншымі дзецьмі (Валянцінам і Зояй), укладваючы сродкі ў яго адукацыю: ён вывучаў фізіку ў Румыніі і Германіі.

Канкрэтныя здагадкі пра тое, што Ніку пазіцыянуюць як пераемніка, узніклі ў 1980-х — на фоне яго беспрэцэдэнтнай кар’еры. У гэты перыяд Ніку (нар. 1951) хутка прасоўваўся па партыйнай лесвіцы, нягледзячы на маладосць і адсутнасць істотнага досведу.

Шлях Ніку ад лідара мясцовага аддзялення камсамола (1975) да кандыдата ў члены выканкаму кампартыі (1989) заняў усяго 14 гадоў — незвычайна хутка для сацыялістычнай Румыніі, дзе чыноўнікі чакалі сваёй чаргі дзесяцігоддзямі.

«Надзея сацыялістычнай моладзі»

Дзяржаўныя СМІ пачалі ўсё часцей паказваць Ніку побач з бацькам, якога ён суправаджаў у афіцыйных паездках. Газета Scînteia Tineretului называла яго «надзеяй сацыялістычнай моладзі».

Румыны ўспрынялі гэта як брутальны фаварытызм, што прывяло да жартаў пра «сацыялізм у адной сям’і». На кухнях Ніку называлі «маленькім прынцам».

Народны анекдот таго часу:

«У чым розніца паміж Ніку і Богам? Бог не лічыць сябе Ніку».

Скандалы і беспакаранасць

Алена Чаушэску абдымае свайго сына Ніку. Крыніца: rferl.org

Алена Чаушэску абдымае свайго сына Ніку. Крыніца: rferl.org

Чаўшэску, відаць, было ўсё роўна, што думае народ. Хутчэй яго хвалявала іншае: сын меў скандальны, непрадказальны характар.

Яшчэ студэнтам фізфака Бухарэсцкага ўніверсітэта Ніку збіў прафесара, які не паставіў яму залік. У 1976 годзе падчас палявання п’яны Ніку застрэліў мясцовага лесніка. Сям’ю ахвяры прымусілі маўчаць — грашыма і пагрозамі.

Кіруючы камсамолам на фабрыцы ў Брашаве, ён быў абвінавачаны некалькімі работніцамі ў сэксуальным гвалце. Секурытаце схаваў скаргі, адну з жанчын адправілі ў псіхлякарню.

У 1981 годзе ў элітным бары Бухарэста Ніку ўдарыў афіцыянта пабітай бутэлькай — за «маруднае абслугоўванне». Праз два гады яго «мерседэс» збіў пешахода, але справа таксама знікла.

Глядзіце таксама

У 1986 годзе Ніку спрабаваў згвалтаваць сусветна вядомую гімнастку Надзю Каманечы, якой тады было 24. Ён нават выкарыстаў дзяржаўны самалёт, каб даставіць дзяўчыну на сваю вілу.

Усе гэтыя злачынствы не мелі наступстваў: Алена Чаўшэску асабіста праз кіраўніка Секурытаце закрывала ўсе справы супраць сына.

Алкаголь і канец дынастыі

Злоўжыванне алкаголем суправаджала Ніку з маладосці — пра гэта рэгулярна згадвалі медыцынскія даведкі Секурытаце з 1978 года. Не дзіўна, што цыроз печані і стаў прычынай яго смерці ў 1996 годзе, калі яму было толькі 45.

Калі б ён сапраўды стаў кіраўніком Румыніі — краіну чакалі б «вясёлыя часы». Зразумела, шмат хто з партыйнай эліты быў супраць яго кандыдатуры.

Так ці інакш, крах рэжыму ў снежні 1989 года пахаваў амбіцыі Чаўшэску стварыць дынастыю. Пасля рэвалюцыі Ніку трапіў у турму за ўдзел у старым рэжыме, але хутка выйшаў і жыў у невядомасці да смерці.

Глядзіце таксама

Погляд з Захаду

Заходнія разведкі і медыя яшчэ ў 1980-х — у тым ліку дэпешы Дзярждэпартамента ЗША — разглядалі падрыхтоўку Ніку да ўлады як прыкмету адчайнай спробы кансалідацыі рэжыму на фоне эканамічнага заняпаду і ідэалагічнага застою.