Каго свет страціў у 2025 годзе: развітанне ў карыкатурах

2025 год стаў годам гучных развітанняў. Рэжысёры, музыкі, акцёры, дызайнеры і спартсмены, якія фармавалі эпохі, сышлі, але засталіся ў памяці — і нават у іроніі карыкатур.

Дэвід Лінч

Выбітны амерыканскі рэжысёр Дэвід Лінч памёр ва ўзросце 78 гадоў. Лінч — лаўрэат «Залатой пальмавай галіны» Канскага кінафестывалю (2001) і ганаровага «Залатога льва» Венецыянскага кінафестывалю (2006). Многія аматары кіно лічаць яго адным з найвялікшых рэжысёраў, кожны фільм якога — шэдэўр. Ну а самы вядомы твор Лінча — безумоўна «Твін Пікс», у якім па сюжэце шукаюць забойцу Лоры Палмер. Нядзіўна, што на гэтым малюнку Святы Пётр на ўваходзе ў рай пытаецца ў нябожчыка-рэжысёра: «Хто забіў Лору Палмер?»

photo_2025_12_28_17_22_13.jpg

Папа Рымскі Францішак

У 2025 годзе не стала Папы Рымскага. Францішак нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе і пры нараджэнні насіў імя Хорхе Марыё Бергольё, а пазней прыняў імя Францішка. Папам рымскім ён стаў 13 сакавіка 2013 года. На гэтай карыкатуры Папа Францішак сустракае на тым свеце свайго куміра — Францішка Асізскага.

photo_2025_12_28_17_22_16.jpg

Барыс Спаскі

Легендарны шахматыст памёр на 89-м годзе жыцця. Тытул чэмпіёна свету Спаскі заваяваў у 1969 годзе, абгуляўшы Тыграна Петрасяна, але ў 1972-м не змог абараніць званне, саступіўшы амерыканцу Роберту Фішэру ў Рэйк’явіку. Уласна кажучы, менавіта дзякуючы гэтаму матчу ён і стаў сусветна вядомым. Яго двубой з вундэркіндам Робертам Фішэрам быў падзеяй глабальнага маштабу. Як прыклад — адна з карыкатур 1972 года.

photo_2025_12_28_17_22_19.jpg

Роберт Рэдфард

Легендарны галівудскі акцёр і рэжысёр Роберт Рэдфард памёр ва ўзросце 89 гадоў. Рэдфард вядомы па фільмах «Вялікі Гэтсбі», «З Афрыкі», «Тры дні Кондара». Кар’ера акцёра ахоплівала больш за шэсць дзесяцігоддзяў, а яго працы сталі класікай сусветнага кіно. На гэтым малюнку акцёр адпраўляецца ў рай проста з кінапляцоўкі.

photo_2025_12_28_17_22_21.jpg

Джорджа Армані

Італьянскі мадэльер памёр на 91-м годзе жыцця. У 1975 годзе разам з Сэрджыа Галеоці Армані заснаваў кампанію Giorgio Armani S.p.A. і пасля смерці партнёра развіваў брэнд самастойна. У 2024 годзе выручка кампаніі склала 2,4 мільярда еўра. На думку аднаго з мастакоў, папулярнасць Армані выходзіць за межы матэрыяльнага свету: на яго карыкатуры Бог таксама прымярае фірмовыя акуляры ад Armani.

photo_2025_12_28_17_22_24.jpg

Озі Осбарн

У гэтым годзе памёр легендарны рок-музыка, лідар гурта Black Sabbath. Джон Майкл Осбарн, больш вядомы пад псеўданімам Озі, нарадзіўся ў 1948 годзе ў Бірмінгеме, Вялікабрытанія. Рок-спявак, музыка, адзін з заснавальнікаў і ўдзельнікаў гурта Black Sabbath, які аказаў вялікі ўплыў на фармаванне такіх музычных стыляў, як хард-рок і хэві-метал. Неафіцыйна насіў тытул «Хроснага бацькі хэві-металу». Нягледзячы на змрочную эстэтыку, многія ўпэўненыя, што пасля смерці Озі трапіць у рай. Сярод іх — і аўтар гэтай карыкатуры.

photo_2025_12_28_17_22_26.jpg

Брыжыт Бардо

Ну і, будзем спадзявацца, апошняя сёлетняя трагедыя. 28 снежня стала вядома пра смерць вядомай актрысы і сэкс-сімвала 1960-х Брыжыт Бардо. Яна памерла на 92-м годзе жыцця. У фільмаграфіі Бардо каля 60 стужак, сярод якіх «І Бог стварыў жанчыну», «Пагарда», «Віва, Марыя», «Парыжанка». А аднойчы Брыжыт сыграла гераіню коміксу ў роліку, дзе яна спявае з Сержам Гінзбурам. Сыграла, трэба прызнаць, нядрэнна. Невыпадкова гэты ролік стаў асновай для асобнага коміксу.

photo_2025_12_28_17_22_29.jpg