«Для беларускіх генералаў у вайне галоўнае не ўдзел, а яе манетызацыя»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, чаму генералу Хрэніну нічога не страшна. Можа быць таму, што яны ў вайне ўдзельнічаць не збіраюцца? Але зарабіць на ёй не супраць любымі сродкамі і спосабамі.

Фота з digitalcombatsimulator.com
Учора генерал Хрэнін сказаў, што NATO яго палохае, але яму не страшна. Бо ён баявы генерал, а не парасячы хвосцік. Просты салдат, які не ведае слоў любові. (Хоць так-та ён слоў ведае). Рубака-хлопец, адчайная галава, абаронца Стэлы ад жанчын з кветкамі ў белым. Пасля таго як генерал Хрэнін абараніў Стэлу ад жанчын з кветкамі ў белым, генералу Хрэніну ўжо ніякае NATO не страшна. Хоць палохае.
Бо ты ж у курсе — навокал ворагі. Польшча закладвае наступальныя мінныя палі і будуе пасіўна-агрэсіўныя абарончыя збудаванні. Балтыйскія краіны ўварваюцца ў асабістую генеральскую прастору рэгулярнымі вербальнымі інтэрвенцыямі.
Германія рыхтуецца да вайны з Расіяй. Што, пагадзіся, з боку Германіі зусім абуральна. З боку Германіі было б міла не рыхтавацца ні да якой вайны з Расіяй, а мірна дачакацца, пакуль да яе дойдзе чарга. І генералу Хрэніну, зноў жа, было б тады значна спакайней.
А Украіна дык наогул ваюе ўжо чатыры гады. Хоць генерал Хрэнін і яго гарант асабіста шмат разоў раілі ёй капітуляваць. Бо самі яны, вядома, такімі дурасцямі не займаліся б. Самі б яны адразу капітулявалі. Магчыма, нават вераломна. Гэта значыць, без аб'яўлення вайны.
Бо ты ж разумееш, што ваяваць беларускім генералам нельга? Ну дык і генералы гэта разумеюць. Генералы ж не дурні. Яны шыхтом ходзяць. Яны разумеюць, што вайна можа нанесці незваротныя пашкоджанні генеральскім арганізмам.
Таму беларускія генералы вельмі міралюбныя. Беларускія генералы ні ў якой вайне не ўдзельнічаюць. Беларускія генералы ў вайне толькі саўдзельнічаюць. Але затое з самага пачатку і вельмі разнастайнымі спосабамі.
Вось прэзідэнт Зеленскі сказаў, што беларускія генералы дазваляюць ставіць абсталяванне для кіравання «Шахедамі», якія Расія запускае па Украіне, на дахі звычайных беларускіх жылых дамоў. Дык я думаю, што прэзідэнт Зеленскі тут крыху не мае рацыю. Я думаю, што беларускія генералы не дазваляюць ставіць абсталяванне для кіравання «Шахедамі» на дахі жылых дамоў. Я думаю, што беларускія генералы здаюць гэтыя дахі ў арэнду.
Бо беларускія генералы і іх гарант не толькі вельмі міралюбныя. Яны яшчэ і нягрэблівыя. Таму для беларускіх генералаў у вайне галоўнае не ўдзел, а яе манетызацыя.
Праўда, заўсёды ёсць рызыка, што вялікім манетызатарам за саўдзел таксама можа ўрэшце чым-небудзь прыляцець. І, як я падазраю, генерал Хрэнін адчувае гэтую рызыку ўсім сваім генеральскім арганізмам. А інакш чаму генерал Хрэнін увесь час нікога не баіцца?
Я думаю, не баіцца прыкладна з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.