Як пачаць новы год з радасці і ўнутранай лёгкасці
Пачатак года — гэта не толькі дата ў календары, але і ўнутраны выбар. Гэтая афірмацыя дапаможа мякка прыняць досвед мінулага года, адпусціць лішняе і ўвайсці ў новы этап з радасцю, яснасцю і даверам да жыцця.

Раней мы прапанавалі вам афірмацыю, каб дапамагчы свядома і годна завяршыць год. Новая афірмацыя «Я пачынаю свой год з радасці» накіраваная на аднаўленне ўнутранага рэсурсу, гармоніі з сабой і адкрытасці да новых магчымасцяў. Яна дапамагае пераключыць увагу з цяжару мінулага на свядомы і падтрымліваючы пачатак новага года.
Паўтарай афірмацыю ў спакойнай абстаноўцы, слухай свой унутраны водгук і дазваляй словам паступова фармаваць новы настрой і стан.
Крыніца: Беларуская Гармонія: Медытацыя і Рэлакс [ youtube ]
Што такое афірмацыі і як яны працуюць
Афірмацыя — гэта кароткае пазітыўнае сцвярджэнне, мэта якога — замяніць негатыўную ўстаноўку на падтрымліваючую і канструктыўную.
Часта ў нас ёсць унутраныя фразы кшталту «я — няўдаха». Яны могуць з’явіцца з дзяцінства: праз словы бацькоў, школьны досвед, жарты ці «падколы» значных людзей. У выніку чалавек пачынае заўважаць і запамінаць выключна свае памылкі, а поспехі проста не фіксуюцца.
Практыка афірмацый дапамагае «натрэніраваць» мозг звяртаць увагу на свае дасягненні і паступова замяніць устаноўку «я — няўдаха» на «ў мяне атрымліваецца» або «мне шанцуе».
Тут працуе эфект плацэба: мозг успрымае часта паўтаральныя сцвярджэнні як рэальнасць і паступова перабудоўвае мысленне. У выніку ўзрастае ўпэўненасць у сабе, паляпшаецца самаацэнка, настрой і агульны эмацыйны стан.
Каб афірмацыі сапраўды працавалі, важна ўлічваць некалькі момантаў:
1. Рэгулярнасць. Практыкаваць афірмацыі варта не менш за 7–10 дзён запар (аптымальна — 20–30). Спачатку мозг можа супраціўляцца і не верыць, але з кожным днём змены будуць адбывацца паступова.
2. Форма ад першай асобы. Афірмацыя павінна датычыцца толькі вас і фармулявацца праз «я», «у мяне».
3. Пазітыўны ключ і цяперашні час. Без «не», «але» і адкладання ў будучыню.
4. Праўдападобнасць. Фраза не павінна выклікаць моцны дысананс з рэальнасцю. Напрыклад, калі ваш даход 300 $, сцвярджэнне «я — мільярдэр» наўрад ці спрацуе. Больш эфектыўна сфармуляваць афірмацыю як працэс:
«Я раблю ўсё неабходнае, каб мой даход паступова рос».
5. Эмацыйнае пражыванне. Важна не проста вымаўляць словы, але і адчуваць стан, у якім афірмацыя ўжо стала рэальнасцю. Арганізм рэагуе не на словы, а на эмоцыі, цялесныя адчуванні і ўнутраны стан — менавіта яны становяцца сігналам да змен.
Найлепшы час для практыкі — раніца, пакуль мозг яшчэ не загружаны паўсядзённымі клопатамі. Важна вылучыць хаця б 5 хвілін цішыні і спакою. Афірмацыі «на бягу» — падчас збораў дзяцей ці планавання спраў — працуюць значна горш.
Добра падыходзіць і вечар: перад сном або, напрыклад, пад душам — у моманты, калі можна адпусціць напружанне дня і засяродзіцца на сваім унутраным стане.
Рэкамендуецца слухаць або прамаўляць афірмацыю ў цішыні, калі ёсць магчымасць пабыць сам-насам з сабой. Важна не проста чытаць словы, а дазволіць сабе адчуць спакой, удзячнасць і ўнутраную сілу, якія за імі стаяць.