СМАЧНА З «НОВЫМ ЧАСАМ»: Бульба па-сялянску

Сёння вас чакае сялянскі абед — бульбачка з часнаком, чабаром і салам. Проста, хутка і вельмі смачна. Дарэчы, ведаеце, што тапінамбур у нашых краях з'явіўся раней за бульбу?

bulbaczka_pa_sjaljansku.jpg


Беларускую нацыянальную кухню абавязкова трэба разглядаць з некалькіх бакоў — а менавіта сялянства і шляхецтва. Гэтыя супольнасці развіваліся амаль што асобна адна ад другой на працягу стагоддзяў. Адсюль і дзве нішы ў кулінарнай традыцыі. Кухня сялянства менш паддавалася модзе і з’яўляецца больш аўтэнтычнай.

Вясковая кухня была заўсёды сытнай і простай. Большасць страў падавалі да стала гарачымі.

Беларусы вельмі любяць бульбу. Бульбачку смажаць, запякаюць, вараць, тушаць. Гатуюць стравы, якія знакамітыя ва ўсім свеце. Кулінарныя эксперты спрабавалі падлічыць колькасць страў з любімай гародніны. Дакладна невядома, але ж налічылі больш за шэсцьсот.

Цікава, што бульба — адзін з апошніх караняплодаў, які з’явіўся на нашых землях. Толькі ў XVIII стагоддзі дзякуючы апошняму каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму беларусы пакаштавалі ўпершыню бульбу. Да таго нашы продкі ахвотна елі бабы, моркву, буракі, бручку. Бульбу сяляне палюбілі адразу, як паспрабавалі. Але ж гатавалі стравы з яе толькі ў паўсядзённым жыцці, на святочным стале бульбачцы не было месца. Беларусаў нават дражнілі «бацвінякамі», а не «бульбашамі». «Другім хлебам» бульба стала толькі ў ХХ стагоддзі.

Дарэчы, назва любімага беларусамі караняплода паходзіць ад слова «bulve», што азначае «цыбуліна» на лаціне. У літоўцаў таксама падобная назва — «бульвэ». У палякаў словам «бульвэ» называецца тапінамбур. Тапінамбур,  між тым, з’явіўся на тэрыторыі Беларусі раней за бульбу і называўся ў даўніну менавіта словам «бульвэ».


ІНГРЭДЫЕНТЫ:

6 клубняў бульбы;

150 г несалёнага сала;

3 зубчыкі часнаку;

30 мл алею;

соль, перац, чабор — на смак.

ГАТАВАННЕ:

Бульбу добра прамыць з дапамогай шчоткі. Высушыць. Зрабіць па тры глыбокія надрэзы ў кожным клубні. Крыху пасаліць, паперчыць і змазаць алеем, у кожны з надрэзаў укласці тонкі кавалак сала, пасыпаць дробна насечаным часныком і чабаром. Кожны клубень паасобку завярнуць у фольгу, прычым заварочваць трэба так, каб засталося знутры крыху паветра. Запякаць у духоўцы пры тэмпературы 200 градусаў 30-40 хвілін (залежыць ад гатунку бульбы). Падаём з квашанай капустай.  Каб смак капусты быў больш насычаны, дадамо да яе нацёртага на тарцы салодкага яблыку і крыху сланечнікавага алею.

СМАЧНА ЕСЦІ!