Дыктатар і гімнастка
На Захадзе выйшла новая біяграфія вядомай румынскай гімнасткі Надзі Каманэчы, у якой падрабязна распавядаецца пра яе ўзаемаадносіны з дыктатурай Нікалае Чаўшэску і яго спецслужбамі.
Можна сказаць, што Надзя Каманэчы пасля прыходу ў вялікі спорт заняла месца Вольгі Корбут. Калі беларуска была героем мюнхенскай алімпіяды 1972-га, то зоркай Манрэальскіх гульняў 1976-га стала адназначна румынка. На гэтых гульнях яна ўвайшла ў гісторыю, набраўшы ўпершыню 10 балаў за практыкаванне на брусах. Нават электроннае табло не было да гэтага гатова, паколькі не магло адлюстроўваць ацэнку вышэйшую за 9,99. Каманэчы з'ехала з Манрэаля з яшчэ двума залатымі медалямі — срэбрам і бронзай.
Такім чынам, ва ўзросце ўсяго 14 год яна стала вядома ўсяму свету. Журналісты параўноўвалі яе з Нілам Армстрангам, першым чалавекам на Месяцы, або савецкім касманаўтам Юрыем Гагарынам, першым чалавекам у космасе.
Сапраўдным трыумфам стаў яе прыём па вяртанні ў Румынію, калі яна ў Бухарэсце выйшла з самалёта з пяццю медалямі. Прысутны прэзідэнт Чаўшэску натуральна растлумачыў поспехі Надзі прарывамі свайго рэжыму і «не адыходзячы ад касы» прысвоіў ёй званне «Гераіня Сацыялістычнай Працы». Плюс узнагародзіў залатым медалём «Серп і Молат».
Аднак слава мела і адваротны бок. Пра што і распавядаецца ў кнізе «Надзя Каманэчы і сакрэтная паліцыя: уцёкі ад халоднай вайны» румынскага пісьменніка Алару (Stejarel Olaru). На падставе вывучэння справаздач сакрэтнай паліцыі Секурытатэ ён канстатуе, што з гэтага часу Каманэчы трапіла пад самую пільную ўвагу спецслужбаў. Увогуле за ёй сачылі і раней. Яшчэ ў 1975-м у школе, дзе яна вучылася, пара настаўнікаў былі завербаваны ў інфарматары.
Цяпер агенты сачылі за кожным яе крокам. Каб не толькі абараніць Надзю ад магчымага выкрадання, але і не дапусціць, каб яна падчас спаборніцтваў за мяжой не збегла і не папрасіла прытулку. У асяроддзі Чаўшэску таксама баяліся, што вельмі папулярная ў краіне спартсменка можа публічна рабіць нейкія палітычныя каментары.
Сачэнне вялося з дапамогай буйнога назіральнага апарата, у які ўваходзілі не толькі сакрэтныя агенты, але і сетка інфарматараў. Тую сетку складалі трэнеры, урачы, прадстаўнікі федэрацыі гімнастыкі і нават харэограф і піяніст каманды. Пад наглядам аказаўся і паштальён, які штомесяц дастаўляў на дом Каменэчы тысячы лістоў ад фанатаў.
Татальны кантроль неўзабаве адбіўся на асабістым жыцці спартсменкі. Калі ёй было 16 гадоў, яна зблізілася з гімнастам Куртам Сіліерам. Тут жа Sekuritate склала на яго дасье, прыйшоўшы да высновы, што «кавалер» не адпавядае нейкім крытэрыям. У выніку хлопец быў вымушаны дыстанцыявацца ад Каменэчы і хутка перабраўся ў другі трэніровачны цэнтр.
Сярод іншага інфарматары паведамлялі аб жудасных метадах Бела Кароі (Béla Károlyi), які трэніраваў румынскую жаночую зборную па гімнастыцы. Жорсткія трэніроўкі Кароі доўжыліся восем гадзін кожны дзень, шэсць дзён на тыдзень. Ён некалькі разоў на дзень кантраляваў вагу кожнага гімнаста і марыў іх голадам, калі лічыў, што яны занадта тоўстыя. Кароі звычайна ігнараваў парады лекараў і дыетолагаў, прымушаючы гімнастаў спаборнічаць, калі яны былі хворымі. У выніку булімія неўзабаве стала дзяжурнай праблемай у калектыве. 15-гадовыя дзяўчынкі нават пісалі лісты Чаўшэску з просьбай, каб іх кармілі падчас трэніровачных збораў і турніраў.
Калі верыць аўтару згаданай вышэй кніжкі, спецслужбы, здаецца, гэта інфармацыя не вельмі цікавіла. Галоўнае было тое, што Kaрoi дабіваўся вынікаў. Акрамя таго, сам Кароі быў аб'ектам назірання з боку інфарматараў, паколькі меў венгерскія карані, а румынскія ўлады традыцыйна з падазрэннем ставіліся да этнічных венграў.
Відавочна, што Надзя адчувала пастаянную прысутнасць людзей у цывільным, што яе вельмі раздражняла і аднойчы ледзь не прывяло да трагедыі. У 1978 годзе, знаходзячыся ў Будапешце, яна вырашыла пайсці на праменад, але агент не дазволіў ёй пакінуць гатэль. Для Каманэчы гэта стала апошняй кропляй. Яна кінулася назад у свой пакой і выпіла кубак пральнага парашка, што прывяло да шпіталізацыі. Паведамленні аб спробе суіцыду хутка пашырыліся. Прапагандыстам Чаўшэску прыйшлося прыдумаць сваю версію. Маўляў, гімнастка памылкова проста прыняла мыйны сродак замест соку.
На Алімпійскіх гульнях у Маскве ў 1980 годзе Надзя выйграла два залатыя і адзін срэбраны медалі. Але Чаўшэску расцаніў гэта дасягненне як правал, бо разлічваў на тры золаты. Тады ў 1982 годзе, ва ўзросце 20 гадоў, Надзя кінула спаборніцтвы і сама стала трэнерам.
Пасля сыходу з гімнастыкі ў 1984 годзе Каманэчы стала па сутнасці «вязнем» у сваёй краіне: ёй было забаронена выязджаць за мяжу, за выключэннем некаторых сацыялістычных краін.
Аднак у 1989 годзе ёй удалося збегчы ў Венгрыю, нелегальна перайшоўшы мяжу, адкуль яна адправілася спачатку ў Аўстрыю, а потым у ЗША, дзе папрасіла прытулку. Уцёкі Каманэчы выклікалі шок ва ўсім свеце, але асабліва ў яе роднай Румыніі. Дыктатар і яго жонка былі абураны і збянтэжаны фактам. Вельмі верагодна, што румынская агентура на Захадзе атрымала вусны загад пакараць бежанку. Апошняя справаздача службы бяспекі аб Каманэчы датавана 20 снежня 1989 года, за два дні да звяржэння Чаўшэску.
У заключэнне цікавы нюанс. Нягледзячы на тое, што аўтар кнігі дэталёва даследаваў матэрыялы архіваў, ён не адказаў на адно інтрыгуючае пытанне. Справа ў тым, што некаторыя з тых самых сілавікоў, якія павінны былі сачыць за самай вядомай спартыўнай іконай камуністычнага свету, дапамаглі Надзе збегчы ў Венгрыю. Чаму яны здрадзілі дыктатару? Дасюль ніякай аргументаванай версіі на гэты конт няма. Як тут не згадаць плётку, паводле якой уцёкі Надзі былі арганізаваны агентамі ЦРУ па загадзе самога прэзідэнта Джорджа Буша, які быў персанальным фанатам румынскай гімнасткі.