У Беларусі +9 новых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 15 кастрычніка

Сёння праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 9 чалавек. Гэта Яўген Валыхін, Юрый Рубашэнка, Наталля Васільева, Алег Кінеў, Павел Ясны — яны асуджаны ў тым ліку за распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт.130 КК), Канстанцін Міхайлоўскі, Ірына Буйневіч, Генрых Агееў, Юрый Юркоў — зняволеныя ў тым ліку па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве. 

1_1097_1.png

КДБ абнавіў «спіс тэрарыстаў»

Сёння Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы шасці чалавек. Гэта Праташчык Аляксей, Бойка Яўген, Кузьмянчук Андрэй, Невар Яўген, Сашнікава Крысціна, Калуеў Ігар.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1348 чалавек, з іх 651 — беларусы.

Па «справе Гаюна» асудзілі беларускую лёгкаатлетку, якая выступала на юнацкай Алімпіядзе

Палітзняволенай Ганне Шпак 28 гадоў. Родам яна з Гродзеншчыны. У апошнія гады жыла ў вёсцы Ваўчковічы Мінскага раёна.

Дзяўчына з дзяцінства займалася лёгкай атлетыкай, скокамі з шастом. Шмат гадоў Шпак была ў складзе нацыянальнай каманды па летніх відах спорту.

У 2014 годзе Ганна ўдзельнічала ў II летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях, дзе скокнула на 3.80 і заняла 4‑е месца ў агульным заліку. За гэта дзяўчына атрымала імянную стыпендыю ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта, піша «Наша Ніва».

Пазней Ганна працавала трэнерам-выкладчыкам у школе алімпійскага рэзерву «Буравеснік» у Мінску.

Дзяўчыну асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК) па «справе Гаюна». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ёй прызначылі пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, але на які тэрмін — невядома.

«Экстрэмісцкімі» прызналі старонкі гурта Naviband

Гаворка пра старонку ў Facebook «Naviband – Belarus», а таксама старонкі ў Instagram «naviband» і «ksunaviband». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Докшыцкага раёну 9 кастрычніка.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі старонка ў Instagram «boris_dudorev», старонкі праекту «Бел.Read» у сацсетках, старонкі ў Facebook «За свой Дрогичин», «Беларусы ў Львове», «Беларуская дыяспара ў Літве», «Дыяспара беларусаў у Польшчы па-беларуску», «Belarusians in Europe / Беларусы ў Еўропе», Telegram-стыкеры «kkksticks» і «nsdap», старонка ў Facebook «Николай Бондаренко», старонка ў Instagram «euro3a», а таксама TikTok-старонкі «inrule» і «mikalaibandarenka».

МЗС Украіны апублікавала заяву ў сувязі з рэпрэсіямі па «справе Гаюна»

Міністэрства замежных спраў Украіны звярнула ўвагу на інфармацыю «Вясны» пра чарговую хвалю рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзян Беларусі ў межах «справы Гаюна».

«Мы перакананыя, што такія адвольныя затрыманні маюць на мэце стварэнне «абменнага фонду», дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка разлічвае купляць сабе індульгенцыі ў абмен на невінаватых людзей, якіх ён кідае ў турмы.

Рэпрэсіі беларускага рэжыму з’яўляюцца сістэмным і грубым парушэннем правоў чалавека і асноватворных міжнародна-прававых дакументаў», такіх як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Хельсінкскі заключны акт. Масавыя арышты і затрыманні беларусаў па «справе Гаюна» гэта непасрэдна пацвярджаюць».

У МЗС Украіны заклікалі міжнародную супольнасць узмацніць ціск на Лукашэнку і ягоных паплечнікаў.

«Наша Ніва»: затрымалі дзясяткі сваякоў палітвязняў і тых, хто ім дапамагаў

Пра першых затрыманых «Нашай Ніве» стала вядома 12 кастрычніка.

Паведамляецца пра затрыманні сваякоў палітвязняў ды людзей, якія самі пацярпелі ад рэпрэсіяў, а таксама тых, хто сам дапамагаў пацярпелым. Некаторых аб'ядноўвае таксама тое, што яны параўнальна нядаўна атрымлівалі дапамогу.

Некаторых з затрыманых пасля допытаў адпусцілі, лёс іншых невядомы. Лік затрыманых, па інфармацыі выдання, ідзе на дзясяткі.

Гэтая хваля затрыманняў па сваім тыпе нагадвае «хапун» 2024 года, калі за дапамогу палітвязням і іх сем'ям ці атрыманне такой дапамогі адначасова затрымалі сотні чалавек.

ЗША дамовіліся з Лукашэнкам вызваліць польскіх грамадзян і супрацоўнікаў «Белсата» — МЗС Польшчы

Намеснік спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джон Коўл «дамовіўся пра наступныя траншы вызвалення палітычных зняволеных» у Беларусі, паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі, піша «Позірк».

Ён напярэдадні сустракаўся з Коўлам у Вашынгтоне. «Мы спадзяемся на новыя добрыя навіны ў найбліжэйшы час», — адзначыў Басацкі.

Ад лістапада 2020 года за кратамі знаходзіцца журналістка тэлеканала «Белсат», палітзняволеная Кацярына Андрэева ​​(Бахвалава). Такі ж статус у Беларусі мае грамадзянін Польшчы, манах Гжэгаж Гавэл.