Больш за 5000 беларусаў у расійскай базе вышуку. Хронікі рэпрэсій 9 кастрычніка
За апошнія паўгады ў базу вышуку РФ дадалі 1180 беларусаў— цяпер там больш за 5200 беларусаў. За гэты час у вышук абвясцілі некалькіх журналістаў і журналістак: Марыю Грыц, былога галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» і палітвязня Ягора Марціновіча, вядучую шоу «Звычайная раніца» Марыну Ментусаву, былую палітзняволеную Вольгу Класкоўскую, а таксама яе бацьку, журналіста і палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага.

Сярод беларусаў, якія трапілі ў вышук, ёсць былыя палітвязні: Паліна Шарэнда-Панасюк, Дзяніс Дземух, Антаніна Канавалава (і яе маці Ганна Канавалава), Данііл Чуль, Андрэй Чапюк, Дзмітрый Гопта і яго маці Вольга.
У спіс таксама дадалі праваабаронцаў «Вясны» Паўла Сапелку і Алега Мацкевіча, сябраў «Прававой ініцыятывы» Сяргея Усцінава і Вікторыю Фёдараву, былога адваката і дарадцу па прававых пытаннях НАУ Міхаіла Кірылюка.
Паглядзець базу можна на старонцы «Медыязоны»
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Telegram-канал «Врачи за правду и справедливость», старонкі ў Facebook «Evgeni Vilski», «Врачи за правду и справедливость», старонкі ў «Аднакласніках» «Tjigfd Jgrion», «Андрей Коробицын», YouTube-канал «Врачи за правду и справедливость», а таксама TikTok-старонкі «buromedia», «belaruswithukraine», «BYLeaks», «algizsoulu».
Ад Марыі Калеснікавай дайшоў ліст на волю
У ім яна піша свайму тату, узгадвае дзяцінства і сямейныя падарожжы, паведамляюць у Instagram.
«Я асабліва часта думаю пра тое, як нам з Танечкай пашанцавала быць вашымі і мамінымі дочкамі. З самага нараджэння вы акружылі нас такой любоўю, аб якой толькі марыць можна! Вы дарылі нам з Танечкай адна адну і навучылі нас любіць і сябраваць.
Штораніцы гляджу ў ранішняе, а ўвечар у зорнае неба, успамінаю вас і ўсіх дужа-моцна ў думках абдымаю! І заўсёды адчуваю вашую любоў і клопат, якія мяне абараняюць і ўсяляюць упэўненасць, што мы вытрымаем усё.
Час нашай сустрэчы няўмольна набліжаецца — і гэта будзе самы шчаслівы дзень».
Псіхалагіню з лагапедычнага цэнтра асудзілі па палітычнай справе
Дзіяна Міхайліна родам з Ліды. Пасля школы яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на кафедру псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук, якую скончыла ў 2020 годзе.
Дзяўчына пісала дыплом пра тое, як працаваць з малодшымі школьнікамі з цяжкімі парушэннямі маўлення. А пасля выпуску працавала псіхалагіняй у адным з лагапедычных цэнтраў, піша «Наша Ніва».
Дзіяну асудзілі ў 2025 годзе па ч. 3 арт. 361‑1 КК — «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання». Падрабязнасці справы невядомыя.
З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
Пасля таго, як два месяцы вернікі не атрымлівалі ніякіх вестак пра зняволенага каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, у пачатку кастрычніка пра яго зноў з'явілася свежая інфармацыя, піша katolik_life.
Як даведаліся вернікі, асуджаны на 11 гадоў ксёндз, які знаходзіцца ў калоніі ў Бабруйску, трымаецца ў добрым духу, часта трывае ў малітве, якая дапамагае яму супрацьстаяць спакусам:
«Сатана хоча аслабіць маю веру, пастаянна спакушае, спрабуе пераканаць, што ад мяне ўсе адвярнуліся і забыліся, што нібыта Касцёл, Папа Рымскі нічога не робяць, каб дапамагчы тым, хто нявінна асуджаны».
Але ў святара ёсць ружанец (пацеры для малітвы), і калі ён «перахрысціць Сатану ружанцам, той адразу перастае нападаць».
Следчы камітэт просіць установы адукацыі даносіць на незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі
Галоўнае ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкаму ў адказ на зварот Следчага камітэту разаслала падначаленым арганізацыям ліст з патрабаваннем даносіць на незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі. Тэкст гэтага ліста «Белсату» перадалі ў арганізацыі «BELPOL».
У лісце намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінскай вобласці Юрый Ларычаў звяртаецца да начальнікаў упраўленняў (аддзелаў) адукацыі, спорту і турызму раённых і гарадскіх выканкамаў, упраўленняў адукацыі райвыканкамаў і да дырэктараў установаў адукацыі абласнога падпарадкавання. Чыноўнік паведамляе, што ведамства атрымала ліст ад Следчага камітэту Мінскай вобласці ад 16 ліпеня аб выяўленні рэлігійных арганізацыяў, якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі. Падставай для ліста паслужыў крымінальны пераслед чальцоў арганізацыі «Расейская праваслаўная царква — Царская Імперыя» (РПЦ — ЦІ).
Таксама, паводле чыноўніка, неабходна праводзіць мерапрыемствы, «накіраваныя на павышэнне дасведчанасці аб прыкметах, метадах вербавання і патэнцыйнай небяспецы ад дзейнасці дэструктыўных фармаванняў, гэтых сектаў». Акрамя таго, патрабуецца давесці да кіраўніцтва ўстановаў адукацыі, педагагічных работнікаў «неабходнасць інфармавання кампетэнтных органаў пра факты выяўлення ўключэння грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у дзейнасць рэлігійных сектаў, дэструктыўных фармаванняў ці іншых аб'яднанняў, якія ўяўляюць пагрозу дзяржаве».