Чарговыя прысуды за «садзейнічанне экстрэмізму». Хронікі рэпрэсій 20 кастрычніка
За «садзейнічанне экстрэмізму» ў Гомельскім абласным судзе да пазбаўлення волі асудзілі галоўнага інжынера будаўнічай кампаніі з Мазыра 46-гадовага Сяргея Кебца. Які менавіта тэрміны прызначылі інжынеру — невядома, піша «Гомельская Вясна».

Сяргей Кебец працаваў галоўным інжынерам ТАА «Інтэрмеа», якое займалася будаўніцтвам. Таксама Сяргей захапляўся спевамі пад гітару, вёў свой YouTube-канал, дзе выкладаў песні ва ўласным выкананні.
У тым жа судзе за «садзейнічанне экстрэмізму» асудзілі прадпрымальніка, які ў 2020-м вывеў людзей на плошчу, 37-гадовага Дзмітрыя Хальцова. Які менавіта вынеслі прысуд жыхару Гомеля — таксама невядома.
Дзмітрый — індывідуальны прадпрымальнік. У 2020 годзе ў рэпартажы пра мітынгі ў Гомелі пасля пахавання забітага міліцыянтамі Аляксандра Віхора, пра яго згадвала выданне «Комсомольская правда».
Хальцоў за ўласныя грошы тады набыў мегафон, напісаў у мясцовым чаце прапанову сабрацца і выправіцца да аблвыканкаму. Тады людзі выклікалі на размову кіраўніка абласной улады, піша «Гомельская Вясна».
А ў Смілавічах (Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) за «садзейнічанне экстрэмізму» і «здраду дзяржаве» асудзілі 42‑гадовага Ігара Бродку. Мужчына паходзіць са Смілавічаў, але доўгі час жыў у Віцебску. Разам з былой жонкай мае непаўналетняе дзіця.
Ігар шмат гадоў працаваў ратавальнікам. Пасля гэтага ён быў кіроўцам — займаўся перавозкамі і таксі.
Бродка знік з сацсетак і месенджараў пасля лютага 2025 года. Імаверна, тады ён і быў затрыманы, піша «Наша Ніва».
Яго асудзілі ў 2025 годзе па двух артыкулах — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК) і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Яму прысудзілі калонію.
«Гомельскай Вясне» стала вядома, што ў Магілёўскім абласным судзе паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) асудзілі Ірыну Нядбайла. Вядома, што жанчыне вынеслі прысуд, які не звязаны з пазбаўленнем волі.
Верагодна, Ірына — жонка палітычнага зняволенага са Светлагорска Паўла Нядбайлы, якога ў 2021 годзе асудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі па справе чата.
Вядома, што ў студзені 2024 года Ірыну асудзілі паводле арт. 24.15 КаАП (парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе).
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапіў стыкерпарк «lukashenko_za***l», Telegram-каналы «Каманда Латушкi i Рух "За Свабоду"», «Беларусы DMV», старонка ў Facebook «Таварыства Беларускай Культуры ў Літве», старонкі ў Instagram «Моладзевы Наступ», «dzgolubeu».
У суд накіравалі завочную крымінальную справу супраць былога каліноўца Максіма Шабуцкага
Пра гэта паведамляе пракуратура.
Максіму інкрымінавана 18 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «здзек з дзяржаўных сімвалаў», «распальванне варожасці», «дыскрэдытацыя Беларусі» і «стварэнне злачыннай арганізацыі».
Паведамляецца, што ў выніку «супрацьпраўных дзеянняў Шабуцкага дзяржаве нанесены маёмасны ўрон у суме каля 31 млн рублёў, які падлягае спагнанню з абвінавачанага».
У Пецярбургу затрымалі ўдзельніка клуба КВЗ з Пінска
51‑гадовага Васіля Краўчука затрымалі ў Пецярбургу. Тры гады таму мужчыну асудзілі на радзіме да двух гадоў «хатняй хіміі» за каментарый у тэлеграме — ён пажартаваў пра супрацоўніцу Інспекцыі па справах непаўналетніх.
Праз тры месяцы пасля прысуду мужчына перастаў выходзіць на сувязь і быў абвешчаны ў вышук, піша «Наша Ніва» са спасылкай на расійскія СМІ. Знайсці яго ўдалося толькі праз тры гады — у Пецярбургу.
Цяпер Васіль знаходзіцца ў аддзяленні паліцыі Маскоўскага раёна, чакае экстрадыцыю ў Беларусь.
Таксама паліцыя Пецярбурга за пратэсты затрымала 27‑гадовага мінчаніна. У 2024 годзе ён быў аб'яўлены ў вышук, у сваёй краіне ён завочна арыштаваны. Іншых падрабязнасцяў пра яго пакуль няма.
65‑гадовай пенсіянерцы з Мінска прысудзілі чатыры гады за каментары ў інтэрнэце
Наталлі Васільевай 65 гадоў. Яна пенсіянерка. У яе ёсць дарослыя дзеці і падрастаюць унукі.
Па звестках праваабарончага цэнтра «Вясна», Наталлю затрымалі 9 мая 2025 года. Суд над жанчынай адбыўся 11 жніўня 2025 года.
Наталлі Васільевай прысудзілі 4 гады калоніі па чатырох крымінальных артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Цяпер яна ў гомельскай жаночай калоніі.