УСУ спынілі наступальную кампанію расіян — толькі ў верасні армія РФ страціла амаль 29 тысяч вайскойцаў
Украінскі Генштаб заявіў пра спыненне вясенне-летняй наступальнай кампаніі арміі РФ і падлічыў старты праціўніка ў восеньскім наступе. Расія губляе шмат людзей, не дасягаючы вялікіх поспехаў. Нават віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў, «што рускія схільныя думаць, што яны спраўляюцца на полі бою лепш, чым ёсць на самай справе». Ідуць 1332-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За ўчора ва Украіне зафіксавана 178 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 атак расіян ў раёнах Шахава, Ніканораўкі, Уладзіміраўкі, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Радзінскага, Пакроўску, Зверава, Котліна, Лісоўкі, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 33 атакі паблізу Зялёнага Гаю, Новахацкага, Студзеньскага, Сасноўкі, Новамікалаеўкі, Аляксандраграду і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі ў раёнах Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру, Палтаўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 15 баявых сутыкненняў паблізу Ваўчанска, Ваўчанскіх Хутароў, Каменкі.
На Купянскім кірунку адбылося 13 атак. Сілы абароны Украіны адбівалі штурмы ў раёнах Петрапаўлаўкі, Пясчанага, Багуслаўкі і ў кірунку Курылаўкі і Баравой.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў каля Дзерылава, Рэдкадубу, Торскага, Калодзежаў, Зарэчнага і іншых.
* * *
Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць расійскіх акупантаў на ўсіх кірунках, наносяць ім эфектыўнае агнявое паражэнне, знішчаючы жывую сілу і тэхніку, паведамляе Генштаб УСУ ў справаздачы па баявых дзеяннях за мінулы час.
Згодна паведамленню, «нягледзячы на тое, што абстаноўка ў раёнах вядзення баявых дзеянняў застаецца складанай, праціўнік не валодае стратэгічнай ініцыятывай у поўнай меры».
Па падліках Генштаба УСУ толькі ў верасні армія РФ страціла амаль 29 тысяч ваеннаслужачых, знішчана і пашкоджана 70 танкаў, 65 баявых машын, больш за 1050 артылерыйскіх сістэм, 6 рэактыўных сістэм залпавага агню і іншая тэхніка. З пачатку года ўзята ў палон 2060 ваеннаслужачых РФ.
«Планы Крамля адносна авалодання важнымі раёнамі мясцовасці і населенымі пунктамі не выконваюцца, а таму пастаянна пераглядаюцца і адтэрміноўваюцца. Можам канстатаваць, што ўкраінскія воіны спынілі вяснова-летнюю наступальную кампанію ворага і працягваюць разбураць і далейшыя планы Крамля», — паведамляе Генштаб УСУ.
Украінскія вайскоўцы тым часам праводзяць «меры актыўнай абароны», у ходзе якіх на асобных кірунках Сілы абароны Украіны працягваюць выціскаць расійскіх захопнікаў з тэрыторыі Сумскай вобласці, у Пакроўскім раёне Данецкай вобласці. «Маем пэўныя поспехі ў аднаўленні кантролю над тэрыторыяй у Запарожскай вобласці. Ёсць і іншыя ўчасткі фронту, дзе вораг не мае ніякіх дасягненняў», — канстатуе Генштаб УСУ.
* * *
У ноч на 17 кастрычніка расійскія войскі ажыццявілі масіраваную атаку дронамі тыпу «Шахед» па Крывым Рогу. У горадзе прагучала больш за дзесяць выбухаў. Пашкоджана энергетычная інфраструктура і прамысловае прадпрыемства.
Войскі РФ раніцай 17 кастрычніка атакавалі КАБамі (кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі) Сумы. У выніку ўдару па абласным цэнтры пад атаку трапіў аб'ект грамадзянскай інфраструктуры — нежылое памяшканне, пашкоджаны шматпавярховікі, раненні атрымаў 56-гадовы мужчына.
Ноччу 17 кастрычніка ў расійскім Сочы гучалі выбухі, улады заявілі, што СПА адбівае дронавую і ракетную атакі. Паведамлялася, што турыстаў з гатэляў спускалі ў падвалы і падземныя паркоўкі. Расійскія СМІ пісалі, што акрамя аэрапорта Сочы, абмежаванні на ўзлёт і пасадку самалётаў уводзілі яшчэ ў 8 аэрапортах: Краснадара, Самары, Калугі і Ніжняга Ноўгарада, Казані, Ніжнякамска, Уфы і Яраслаўля.
У ноч на 17 кастрычніка часова акупаваны Крым атакавалі беспілотнікі. У пасёлку Гвардзейскае Сімферопальскага раёна ўспыхнуў маштабны пажар на нафтабазе найбуйнейшай на паўвостраве сеткі АЗС. Таксама паведамляецца пра магчымае траплянне ў склад боепрыпасаў. Серыя выбухаў таксама прагучала непасрэдна ў Сімферопалі і Сімферопальскім раёне. Акупацыйныя ўлады сітуацыю пакуль не каментавалі.
* * *

* * *
Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт падчас брыфінгу заявіла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп усё яшчэ верыць у магчымасць правядзення сустрэчы лідараў Украіны і Расіі, каб пакласці канец поўнамаштабнай расійскай агрэсіі.
Левіт сказала, што Трамп лічыць магчымай сустрэчу лідараў Украіны і Расіі і, «вядома, ён бы вельмі хацеў, каб гэта адбылося». «Цяпер вядуцца дыскусіі і распрацоўваюцца планы па сустрэчы расійскага боку і нашай каманды на чале з дзяржсакратаром Марка Рубіё, а затым, магчыма, па новай сустрэчы Пуціна і Трампа», — дадала яна.
Па словах прэс-сакратаркі Белага дома, яна не думае, што Трамп «наогул паставіў крыж» на магчымасці сустрэчы Зяленскага і Пуціна.
* * *
Лідары ЗША і Расіі ў чацвер, 16 кастрычніка, правялі першую за амаль два месяцы гутарку. Дональд Трамп пасля яе сказаў, што яны правядуць яшчэ адну сустрэчу – у Будапешце. Пра гэта расказаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі ў Белым доме.
Ён заявіў, што не дапусціць эскалацыі вайны ва Украіне да ўзроўню глабальнага канфлікту. Трамп адзначыў, што мае намер «выратаваць жыцці» і спрыяць міру ў Еўропе. Цяперашні кіраўнік ЗША зноў заявіў, што адміністрацыя Байдэна дапусціла стратэгічныя памылкі, якія прывялі да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, тады як у яго прэзідэнцтва агрэсіі не адбылося б.
«Я раблю гэта, каб выратаваць душы. Гэта ўсё, для чаго я гэта раблю. Я раблю гэта не дзеля нас — паміж намі акіян. Але я хачу дапамагчы Еўропе. Яны хочуць, каб вайна скончылася, але не могуць гэтага зрабіць. А я магу», — заявіў Трамп.
Асобна прэзідэнт ЗША закрануў тэму адносін паміж лідарамі Украіны і Расіі, назваўшы іх «жудаснымі», што ўскладняе арганізацыю сумесных сустрэч. Ён таксама пацвердзіў, што абмяркоўваў з Пуціным пастаўкі ракет Tomahawk Украіне, адзначыўшы, што расійскі кіраўнік «вельмі не ўзрадаваўся» гэтай ідэі.
Адносна паставак ракет Tomahawk Украіне Трамп сказаў, што ў яго краіне шмат гэтых ракет, але Штатам яны таксама патрэбныя. У той жа час у размове з Пуціным Трамп сказаў, што можа даць Украіне «некалькі тысяч» такіх ракет.
У той жа час ён заявіў, што цяпер «не найлепшы час» для ўвядзення новых санкцый супраць Расіі, паколькі гэта можа сарваць запланаваную сустрэчу яго з Уладзімірам Пуціным.
«Магчыма, гэта будзе настолькі прадуктыўная гутарка, што ўсё скончыцца тым, што мы дасягнем міру», — сказаў Трамп, дадаўшы, што канчатковае рашэнне па санкцыях застаецца за ім.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі абароннай кампаніі Raytheon, якая вырабляе сістэмы Patriot.
Зяленскі падзякаваў за гэтыя сістэмы і падкрэсліў, што дзякуючы ім удалося выратаваць шмат жыццяў украінцаў, і абмеркаваў вытворчыя магчымасці кампаніі Raytheon, магчымыя шляхі супрацоўніцтва для ўмацавання СПА і павелічэння дальнабойных магчымасцей Украіны, перспектывы ўкраінска-амерыканскай вытворчасці.
Прадстаўнікі кампаніі Raytheon са свайго боку запэўнілі ў гатоўнасці падтрымаць Украіну.
* * *
Украіна і Расія не гатовыя заключыць мірнае пагадненне, нягледзячы на «энергічную дыпламатыю» прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс у інтэрв'ю выданню Newsmax.
Паводле яго слоў, вайна паміж Расіяй і Украінай працягваецца, нягледзячы на месяцы перамоваў, паколькі ніводны з бакоў не жадае дасягнуць мірнага пагаднення. «Энергічная дыпламатыя прэзідэнта Злучаных Штатаў не можа прымусіць людзей перайсці мяжу дыстанцыі ў адзін ярд, павінны быць два бакі, якія гатовыя заключыць пагадненне», — лічыць ён.
«Я думаю, што існуе фундаментальная неадпаведнасць чаканняў, калі рускія схільныя думаць, што яны спраўляюцца на полі бою лепш, чым ёсць на самай справе», — адзначыў віцэ-прэзідэнт ЗША. Паводле яго пераканання, менавіта гэта ўскладніла дасягненне пагаднення на працягу апошніх некалькіх месяцаў — нават нягледзячы на пэўны прагрэс.
* * *
Еўрапейскі Саюз разглядае магчымасць пашырэння ініцыятывы па выкарыстанні замарожаных расійскіх актываў. Да ўжо заблакаваных 140 мільярдаў еўра Брусель можа дадаць яшчэ каля 25 мільярдаў, піша Politico.
Як вядома, асноўная частка замарожаных актываў знаходзіцца ў фінансавым дэпазітарыі Euroclear, які базуецца ў Бельгіі. Але дадатковыя 25 мільярдаў еўра ляжаць на прыватных банкаўскіх рахунках па ўсім блоку, і выканаўчы орган ЕС таксама хоча абмеркаваць выкарыстанне гэтых сродкаў для выдачы крэдытаў Кіеву.
Юрыдычная магчымасць распаўсюджвання падыходу да Рэпарацыйнага крэдыту на такія актывы не была дэталёва ацэненая, аднак такая ацэнка павінна быць праведзена да прыняцця рашэння аб далейшых кроках, лічаць у ЕС.
23 кастрычніка ў Бруселі адбудзецца пасяджэнне Еўрапейскага Савета, дзе будуць разглядаць выкарыстанне замарожаных актываў РФ для прадастаўлення Украіне фінансавай дапамогі на бліжэйшыя гады.