Былога палітвязня з Гомеля абвясцілі ў вышук. Хронікі рэпрэсій 5 лістапада

 Экс-супрацоўнік «Беларуснафты» Міхаіл Лапенас, які адбыў тры гады за каментары ў інтэрнэце, зноў трапіў пад пераслед. Жывучы ў Польшчы, ён выпадкова даведаўся, што з жніўня знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі. Тым часам у судах працягваюцца палітычныя працэсы.

1_1097_1.png

Былога палітвязня з Гомеля абвясцілі ў вышук

Экс-супрацоўнік «Беларуснафты», гамяльчанін Міхаіл Лапенас, які адбыў тры гады зняволення па палітычна матываваных артыкулах за каментары ў сацсетках, зноў абвешчаны ў вышук у Беларусі.

Былы палітвязень зараз жыве ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, і пра тое, што ён знаходзіцца ў вышуку са жніўня 2025 года, даведаўся выпадкова. За ім лічыцца аўтамабіль, які знаходзіцца ў Беларусі і які ён хацеў перааформіць. Аднак у ДАІ заявілі, што гэта немагчыма, паколькі ўладальнік праходзіць як асоба, якая знаходзіцца ў вышуку.

Прычына яму невядомая, як і тое, у чым яго абвінавачваюць беларускія сілавікі, піша flagshtok.

Пры гэтым у афіцыйных базах вышуку МУС Беларусі і Расіі, выкладзеных на сайтах ведамстваў, Міхаіла пакуль няма.

Вярхоўны суд 14 лістапада разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд журналісту Ігару Ільяшу 

Пасяджэнне пачнецца а 9:30, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Ваганаў — дзед жонкі Ільяша палітзняволенай Кацярыны Андрэевай, піша @pozirkonline.

16 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў Ігару чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У апошнім слове Ільяш адхіліў усе абвінавачанні, віну не прызнаў. Яму інкрымінавалі «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Пачаўся завочны суд па справе ініцыятывы «Сумленныя людзі»

Віцебскі абласны суд пачынае разгляд завочнай справы ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага.

Ім інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК); «абраза і паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 368, ч. 1 арт. 367 КК); «закліка да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і іншыя.

Па версіі Генпракуратуры, удзельнікі ініцыятывы «Сумленныя людзі» з ліпеня 2020 года па верасень 2025 года «ажыццяўлялі злачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы».