МУС працягвае пашыраць колькасць «экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 6 лістапада
Цяпер у афіцыйным «спісе экстрэмістаў» — ужо 5957 чалавек. Большасць з новых фігурантаў абвінавачаныя ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Тым часам у Мінску прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі трэш-стрымера Мелстроя, КДБ выклікае на «гутаркі» антыкрызісных кіраўнікоў, а адвакатку Кацярыну Жаўтаногу асудзілі па крымінальнай справе.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 15 прозвішчаў — цяпер у ім 5957 чалавек
6 лістапада МУС зрабіла абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод гэтых 15 чалавек у абвінавачванні 13 прысутнічае арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
Сацсеткі стрымера Мелстроя прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска 4 лістапада па ініцыятыве ГУБАЗіК.
Пад забарону трапілі «рэсурсы, лагатыпы і знакі» стрымера Андрэя Бурыма (Мелстроя).
Паведамляецца, што гэта зроблена з-за «пачасціўшыхся хуліганстваў, парушэнняў грамадскага парадку і правакацый, да якіх заклікаў Мелстрой за нібыта грашовую ўзнагароду».
КДБ пачаў выклікаць на «гутаркі» антыкрызісных кіраўнікоў
Паводле інфармацыі «Люстэрка», у іх пытаюцца пра палітычныя погляды, некаторых затрымліваюць на суткі, а кагосьці схіляюць да супрацоўніцтва.
«Данаты, карта паляка, засвяціліся на маршах ці ў размовах адпаведнага характару. І пачынаюцца пытанні: «Ну што, усвядоміў свае шпацыры па праспекце пяць гадоў таму? Як ставішся да дзейнай улады?» У кагосьці проста размовы, кагосьці закрываюць на пару дзён (у пятніцу затрымалі, у панядзелак адпусцілі), кагосьці — на два тыдні. Выбудоўваць стройную карціну з урыўкавых звестак я б не рызыкнуў, але такога ніколі не было, каб камітэтчыкі тузалі кіраўнікоў».
Як паведамляе reform.news, на падставе інфармацыі органаў дзяржбяспекі спынена дзеянне атэстатаў 19 антыкрызісных кіраўнікоў. Такое рашэнне 6 лістапада прыняла Атэстацыйная камісія Дэпартамента па санацыі і банкруцтве.
У якасці падставы для спынення дзеяння атэстата кіраўніка паказана «паступленне ў Дэпартамент ад органаў дзяржаўнай бяспекі інфармацыі аб здзяйсненні атэставаным асобай дзеі, які стварае пагрозу нацыянальнай бяспекі».
Па крымінальнай справе асудзілі Кацярыну Жаўтаногу, адвакатку Сцяпана Латыпава
Адвакацкае бюро, у якім працавала Жаўтанога, спецыялізавалася на кансультаванні бізнэса, але ў 2020-м перакваліфікавалася на адміністратыўнае права і бясплатна дапамагала затрыманым на Акрэсціна, піша «Наша Ніва».
У Кацярыны забралі ліцэнзію ў ліпені 2021 года.
Як выявілася, цяпер юрыстку асудзілі па крымінальнай справе за «распальванне варожасці». Хутчэй за ўсё, Жаўтанога атрымала хімію з накіраваннем.