Вобшукі дзяцей у школах, новыя прысуды і затрыманні пасля вяртання. Хронікі рэпрэсій 7 лістапада

 Беларускія сілавікі не спыняюць ціск на грамадства. У школе правялі «дагляд» дзяцей, які бацькі называюць незаконным вобшукам. Па вяртанні з Польшчы затрыманы музыкант і педагог Уладзімір Патапенка, а ў Гомельскім абласным судзе асудзілі Анастасію Грыцкевіч — меркавана, па «справе Гаюна».

1_1097_1.png

У школе сілавікі правялі «дагляд» дзяцей. Бацькі называюць гэта вобшукам і звярнуліся са скаргамі ў міліцыю, піша Еўрарадыё.

У школу аднаго з абласных цэнтраў прыйшлі супрацоўнікі інспекцыі ў справах непаўналетніх (ІСН) і прымусілі дзяцей выкласці змесціва заплечнікаў. Правяралі ўсё — ад падручнікаў да торбаў з формай для фізкультуры. Сын аднаго з бацькоў адмовіўся адкрываць заплечнік. 

Супрацоўнікі ІСН казалі хлопчыку, што бацькі не патрэбныя, маўляў, міліцыя мае права праводзіць дагляд.

У адказе РАУС на скаргу бацькоў пазначана, што дагляд вучняў праводзіўся ў адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх», а таксама тое, што «мерапрыемствы па асабістым даглядзе непаўналетніх з мэтай выяўлення і канфіскацыі прадметаў, здольных прычыніць шкоду іх здароўю, будуць працягвацца на сістэмнай аснове».

Бацькі ў чаце адзначаюць, што гэты закон сапраўды дазваляе асабісты дагляд непаўналетніх — але толькі ў дачыненні да тых, хто дастаўлены ў органы ўнутраных спраў, прыёмнікі-размеркавальнікі, сацыяльна-педагагічныя або лячэбна-выхаваўчыя ўстановы.

Гаворка ідзе пра падлеткаў, якія знаходзяцца ў спецыяльных установах або затрыманыя міліцыяй, а не пра звычайных школьнікаў.

Бацькі звяртаюць увагу, што ў законе прама сказана: дагляд рэчаў непаўналетняга праводзіцца “ў мэтах выяўлення і канфіскацыі прадметаў і рэчываў, здольных прычыніць шкоду іх здароўю”. І такая мера дапускаецца толькі пры наяўнасці прыкмет адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства, і абавязкова складаецца пратакол.

Па вяртанні з Польшчы затрымалі заснавальніка школы музыкі Уладзіміра Патапенку

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманне адбылося праз некалькі дзён пасля вяртання мужчыны з Варшавы.

Папярэдне, яно звязанае са «справай Гаюна».

Па «справе Гаюна» асудзілі мінчанку 

У Гомельскім абласным судзе засудзілі 31-гадовую жыхарку Менску Анастасію Грыцкевіч. Яе абвясцілі вінаватай у так званым “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. Жанчыне прысудзілі рэальны тэрмін пазбаўлення волі або абмежавання волі з накіраваннем у карную ўстанову. Канкрэтны прысуд зараз высвятляюць праваабаронцы, піша Гомельская Вясна.

Анастасію Грыцкевіч, імаверна, затрымалі ў траўні. У сваіх сацсетках яна змяшчала шмат фотаздымкаў з Мазыра, мае вялікую колькасць сяброў з гэтага горада. Імаверна яна паходзіць з Мазыра і мае там родзічаў і сяброў. У лютым-сакавіку 2022 года, падчас падрыхтоўкі і ажыццяўлення паўнамаштабнага ўзброенага ўварвання ва Украіну ў Мазыры размяшчалася вялікае скапленне акупацыйных войскаў Расіі. Менавіта з Мазыра быў здзейснены асноўны ўдар на Кіеўшчыну. У Мазыр уцяклі рэшткі расійскіх войскаў пасля разгрому іх пад Кіевам Узброенымі Сіламі Украіны ў канцы сакавіка 2022 года.

Імаверна, крымінальны пераслед Анастасіі Грыцкевіч звязаны з гучнай справай маніторынгавага канала “Беларускі Гаюн”, які адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі пры ажыццяўленні ёю ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.