Былому палітвязню ў выгнанні пагражаюць судовыя выканаўцы. Хронікі рэпрэсій 14 лістапада

Прымусова выдварылі — але працягваюць патрабаваць «аплаты». Новыя прысуды, новыя палітвязні, абнаўленне «спісаў экстрэмістаў» і чарговыя захады па канфіскацыі маёмасці — сабралі галоўнае з тыдня рэпрэсій у Беларусі.

1_1097_1.png

Былому палітвязню, якога ўлады выдварылі з Беларусі, пагражаюць судовыя выканаўцы

Журналіст Ігар Карней быў у ліку палітвязняў, якіх вызвалілі 21 чэрвеня і прымусова вывезлі з краіны. Цяпер жа былы палітвязень атрымаў інфармацыю, што ім цікавіцца аддзел прымусовага выканання.

«Канешне, там не ў курсе, што іх калегі з “прымусовага выгнання” амаль пяць месяцаў таму вызначылі мой лёс без майго ж удзелу — выдварылі к чарцям сабачым. А цяпер паралельныя структуры грозна папярэджваюць, што калі не з’яўлюся “на кавёр”, то буду “подвергнут приводу”. Яшчэ смяшней, бо колькі часу таму тыя самыя “падвяргацелі” шукалі мяне аж у маці пад Смаргонямі — за сотню кіламетраў ад сталічнай прапіскі. Мабыць, па іх недалёкай логіцы, гэта апошняе месца, дзе мог схавацца. Выглядае, таемныя людзі з “жоўтага дому” з калонамі не ўдасужыліся папярэдзіць, што шукаць трэба яшчэ далей — за зачыненымі межамі. А ў саміх інтэрнэту няма, каб праманіторыць і супаставіць», — напісаў Ігар Карней у фэйсбуку.

Ён адзначае, што ўвайшоў у становішча паднявольных клеркаў і напісаў у Viber, што прыйсці хоча, але не можа, таму просіць расказаць, што магло «набегчы» за пару гадоў адсутнасці. Пасля гэтага спачатку сыпаліся запрашэнні і пагрозы, а потым наступіла мёртвая цішыня — хаця паведамленне прачыталі.

Пэўнасць прыйшла толькі пасля таго, як на сувязь выйшлі бацькі яшчэ аднаго палітвязня, які цяпер застаецца за кратамі. Яму таксама прыйшла аналагічная паперка. Яны схадзілі да судовага выканаўцы і даведаліся, што патрабуюць пагасіць запазычанасць за «атрыманыя паслугі» на Валадарцы за 2023 год — паўтары базавыя велічыні, гэта 63 рублі. Пры гэтым юрысты сцвярджаюць, што такое спагнанне незаконнае: пакуль чалавек у статусе падазраванага, следства яшчэ высвятляе абставіны «злачынства», і ніякіх «паслуг» з яго браць не могуць.

Ігар Карней таксама згадвае, што літаральна перад аперацыяй «дэпартацыя» са здзіўленнем убачыў у мазырскай калоніі «спіс ганьбы» — даўжнікі, на якіх вісяць матэрыяльныя пазовы. У яго выпадку — за ўніформу, атрыманую ў зоне №17. Ён яе амаль не насіў, бо ўвесь час адбываў пакаранне ў ізалятарах. Тая «хімічная роба», у якой летам абліваешся потам, а зімой прамярзаеш да касцей, ацэненая ў 200 рублёў. «Спадзяюся, яна некалі стане музейным экспанатам разам з іншымі сведчаннямі катавальняў», — піша журналіст. Ён дадае, што такія «рахункі» яшчэ могуць вылезці ў будучыні: «За капейку ў дэфіцытным бюджэце задушацца, можна не сумнявацца…»

Эканамістку з Жлобіна пакаралі «хатняй хіміяй» па палітычных артыкулах

39-гадовую Таццяну Лук'янцаву, эканамістку і жыхарку Жлобіна, асудзілі на «хатнюю хімію» адразу па двух палітычных артыкулах.

Яе прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) і «грубым парушэнні парадку» (ч. 1 арт. 342 КК).

Як паведамляе «Наша Ніва», апошнім месцам працы Таццяны была кіраўнічая кампанія холдынгу «Беларуская цэментная кампанія». Раней яна працавала эканамісткай у МТС і іншых прыватных кампаніях.

У чым менавіта яе абвінавачваюць — невядома. Існуюць здагадкі, што справа можа быць звязаная з «Беларускім Гаюном». На пачатку лютага 2025 года сілавікі ўзламалі чат-бот канала і атрымалі доступ да асабістых звестак карыстальнікаў.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У пералік трапілі TikTok-акаўнт «andreialfa76», а таксама Telegram-стыкеры «Hitler919» і «Hitler12».

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 5989 чалавек

14 лістапада МУС чарговы раз абнавіла спіс грамадзян, якіх рэжым абвінавачвае ў «экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іх — псіхалагіня Таццяна Мінец, фігурантка справы «дваровых чатаў» Алеся Вяроўкіна, фігурантка «справы Гаюна» Яраслава Храмчанкова.

Таксама «экстрэмістамі» абвясцілі былых журналістаў Intex-Press — Наталлю Семяновіч, Мікіту Пятроўскага, Руслана Равяку і Людмілу Зелянькову. Іх асудзілі да «хатняй хіміі» за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суд адбыўся ў жніўні 2025 года.

Акрамя чатырох названых журналістаў, па справе праходзяць яшчэ некалькі чалавек, якія застаюцца за кратамі. Сярод іх — былы дырэктар Уладзімір Янукевіч.

«Вясна» публікуе актуальны спіс.

У Беларусі +9 новых палітвязняў

Гэта Андрэй Бакурэнка, Аляксандр Хомчык, Мікалай Люцкевіч, Аляксандр Ваўчок, Яўген Дземянёў, Аляксандр Казак, Антон Раван, Аляксандр Скараход, Аляксандр Елісееў.

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Ігару Ільяшу

Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Ігару Ільяшу. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Ігара Любавіцкага адхіліла скаргу асуджанага журналіста і пакінула ў сіле рашэнне першай судовай інстанцыі, піша БАЖ.

Нагадаем, 16 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў Ігару чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У апошнім слове Ільяш адхіліў усе абвінавачанні, віну не прызнаў. Яму інкрымінавалі «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Улады хочуць канфіскаваць маёмасць ліквідаваных партый і арганізацый

Урад унёс у Палату прадстаўнікоў законапраект, які ўдакладняе парадак звароту маёмасці ліквідаваных партый і грамадскіх арганізацый у даход дзяржавы. 

З 2020 года ліквідаваныя або ў працэсе ліквідацыі ўжо 1977 беларускіх арганізацый.