Праваабаронцы: 203 палітвязня за кратамі ў асаблівай рызыцы. Хронікі рэпрэсій 7 красавіка
У Сусветны дзень здароўя праваабаронцы нагадваюць, што па стане на 7 красавіка вядома не менш чым пра 203 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі.

Гэта людзі, якія маюць праблемы са здароўем, непаўнагадовыя на момант здзяйснення дзеянняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лекаванні ў закрытых установах. Таксама ў гэтую лічбу ўваходзяць палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: інкамунікада, зняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакарання сышоў.
У зняволенні мінімум 76 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 7 чалавек маюць інваліднасць, 30 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з ментальнымі разладамі.
Да пажылой маці праваабаронцы Леаніда Судаленкі прыходзілі сілавікі
Былы палітзняволены праваабаронца, які выехаў за мяжу пасля выхаду з турмы, лічыць, што гэты візіт не выпадковы, піша @viasnaHomel.
«Прымусілі 87-гадовую жанчыну падпісаць пратакол пра маю адсутнасць у доме, які я пакінуў яшчэ ў часы СССР. Яны ведаюць, дзе я — і ўсё роўна прыйшлі! Ім абыякавы яе ўзрост, здароўе, сэрца. Яны прыйшлі, каб зламаць. Каб учыніць боль. Каб сказаць: «Твой сын — злачынец. Ён у вышуку», — напісаў Леанід у Facebook.
Нават знаходзячыся за кратамі праваабаронца бярог маці:
«Казаў, што працую за мяжой. Бераг яе здароўе. Пасля вызвалення паспеў развітацца з ёю назаўсёды. Але і тады не сказаў праўду — проста паўтарыў: «Паехаў працаваць за мяжу». А нядаўна, віншуючы з днём нараджэння, пачуў: «Сынок, калі ты да мяне прыедзеш?» Я не змог яе раніць. Адказаў: «Восенню, мама. Абавязкова прыеду». Хоць дакладна ведаю — хутчэй за ўсё, не атрымаецца...».
Экс-каліноўца Максіма Ралько затрымалі на беларуска-польскай мяжы
На АНТ паказалі новы прапагандысцкі сюжэт — гэтым разам пра былога байца палка Каліноўскага Максіма Ралько. Стала вядома, што мужчыну затрымалі ў 2024 годзе пры ўездзе ў краіну праз беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску «Брэст». Раней было толькі вядома, што ён звольніўся з палка, жыў у Варшаве, а потым нечакана апынуўся ў мінскім СІЗА.
У сюжэце прадэманстравалі відэазапісы з кабінета органаў, дзе Максім знаходзіўся ў розны час. Цяпер Ралько, як сказана ў сюжэце, «чакае суда» і «актыўна супрацоўнічае са следствам, распавядае пра былых змоўшчыкаў, дапамагае апазнаваць па фатаграфіях».
Паводле якіх артыкулах Крымінальнага кодэкса цяпер абвінавачваюць экс-добраахвотніка — не паведамляецца.
Палітвязня Дзяніса Сальмановіча перавялі ў турму
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што палітзняволенага Дзяніса Сальмановіча перавялі у турму № 4, што месціца ў Магілёве.
Раней ён адбываў сваё пакаранне ў папраўчай калоніі №3 «Віцьба». Апошнім часам ён утрымліваўся ў штрафным ізалятары, нягледзячы на праблемы са здароўем.
Нагадаем, Брэсцкі абласны суд 30 верасня 2022 года прысудзіў Дзянісу пазбаўленне волі тэрмінам на 10 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 6 400 рублёў.
Максіма Урбановіча ўтрымліваюць у камеры СІЗА КДБ
Пра гэта паведамляюць крыніцы @belsat.
Малодшага брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Урбановіча, затрымалі 2 красавіка.
У ноч на 6 красавіка скончыліся трое сутак, якія Максіма Урбановіча згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі маглі трымаць без прад’яўлення абвінавачання на час праверкі.
Максім на волю не выйшаў. Гэта дае падставы меркаваць, што следчыя арыштавалі яго яшчэ як мінімум на 10 дзён. Невядома? ці распачата крымінальная справа і ў якім статусе трымаюць Максіма Урбановіча за кратамі.
У Віцебскай ПК-3 «Віцьба» палітвязням скарацілі колькасць тэлефонных званкоў да двух у месяц
У сакавіку і красавіку графікі тэлефонных і відэазванкоў, якія складаюцца загадзя адміністрацыяй папраўчай установы на кожны месяц не выконваюцца для ўсіх вязняў. А для асуджаных па палітычных артыкулах колькасць званкоў зменшана ўдвая — да двух у месяц. «Палітычных» водзяць на званкі па асобным графіку, які вядомы толькі начальству.
Рашэнне кіраўніцтва ПК-3 ніяк не тлумачыць. Але ў канцы сакавіка праваабаронцы паведамлялі аб перанакіраванні часткі асуджаных у іншыя калоніі ў сувязі з рэарганізацыяй прамзоны ПК-3. У снежні мінулага года стала вядома аб планах па закрыцці там дрэваапрацоўчай вытворчасці. Верагодна, калонію чакаюць маштабныя змены.