Хронікі рэпрэсій за 30 снежня: 64-гадовага ксяндза з Валожына асудзілі на 11 гадоў за «здраду дзяржаве»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 30 снежня.

hroniki_represij2_4_1_1_1.png

Палітзняволенага ксяндза Генрыха Акалатовіча  асудзілі на 11 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»

photo_2024_12_30_19_15_48.jpg

Пробашч касцёла ў Валожыне не прызнаваў сябе вінаватым, паведамляе katolik.life

Справу святара з 25 лістапада ў закрытым рэжыме разглядалі ў Мінскім абласным судзе. 30 снежня прысуд па справе Акалатовіча вынес суддзя Уладзімір Арэшка.

Каталіцкаму святару 64 гады. Родам ён з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Апошнім часам Генрых служыў у каталіцкім храме святога Язэпа ў Валожыне. Яго затрымалі 17 лістапада 2023 года.

Акалатовіч раней перанёс інфаркт і хварэў на рак, таму незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Святару трэба асаблівы дагляд і медыцынская дапамога. Але яго трымаюць у СІЗА КДБ, а стан здароўя невядомы.

За атаку дрона на базу АМАПа двух вайскоўцаў завочна асудзілі да вялікіх тэрмінаў і штрафаў

У Мінскім гарадскім судзе 23 снежня быў вынесены завочны прысуд добраахвотніку ва Украіне Паўлу Кулажэнку і былому вайскоўцу Віталю Пацехіну. Іх абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «акце тэрарызму», за атаку дронам на базу АМАПа ў ноч з 24 на 25 верасня 2021 года.

Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў ім 24 і 23 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў) кожнаму. Апроч гэтага Пацехіна пазбавілі воінскага звання «капітан у адстаўцы».

Стэндап-коміка Славу Камісаранку завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі

Ягоную справу ў Мінскім гарадскім судзе разглядала суддзя Анастасія Папко.

Вячаслава абвінавачвалі ў «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).

Адбываць свой тэрмін Камісарэнка павінен у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Сёння пачалі судзіць адміністратара Telegram-чата «Propovednik»

Справу 52-гадовага Уладзіміра Шпака ў Мінскім гарадскімі судзе разглядае суддзя Вера Галаўкова. Уладзіміру інкрымінаваныя ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяй)).

Нагадаем, МУС прызнаў праект «Propovednik» «экстрэмісцкім фармаваннем» 24 ліпеня. Аднак пра затрыманне адміністратара тэлеграм-канала «Propovednik» сілавікі адсправаздачыліся яшчэ ў траўні. Тады паведамлялася, што мужчына «распальваў нацыянальную і сацыяльную нянавісць, заклікаў да гвалту, выступаў за радыкалізацыю і тэрарызм».

У Віцебску зноў судзяць былога палітвязня Аляксандра Жалязоўскага

Яго вінавацяць паводле ч.2 арт.19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмізму». Справу Жалязоўскага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбірае суддзя Ганна Кот. 

Падобна, што гэта працяг разбору, і што справу экс-палітвязня суддзя адпраўляла на дапрацоўку ў міліцыю. Бо 3 снежня  імя Аляксандра Жалязоўскага ўжо фігуравала ў раскладзе суда Кастрычніцкага раёна, дзе мусіла разглядацца справа з такім самым нумарам. 

7 снежня 2021 года Аляксандра Жалязоўскага асудзілі за абразу ў інтэрнэце прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) да трох гадоў «хіміі» і выплаты кампенсацыі маральнай шкоды (1000 рублёў) участковаму міліцыянту з Бабруйска Андрэю Комару, якога суд прызнаў пацярпелым.  У судзе Жалязоўскі цалкам прызнаў сваю віну. І ў апошнім слове прасіў даць яму «апошні шанец», прыгадваючы, што ён сам калісьці меў дачыненне да сістэмы выканання пакаранняў ахоўваў зняволеных падчас службы ва ўнутраных войсках.

 Сёлета ён выйшаў на волю, адбыўшы тэрмін «хіміі».

За 2024 год асудзілі не меней за 1721 чалавека: вынікі крымінальнага пераследу

Не меней за 1721 чалавек асуджаныя па палітычных крымінальных справах у Беларусі за 2024 год. З іх 1241 мужчына (72,1%), 480 (27,9%) жанчынаў, распавядае Вясна пра крымінальны пераслед гэтага году. Сярод агульнай колькасці асуджаных 21 чалавек пенсійнага веку: 14 жанчын і 7 мужчынаў. Сёлета ў нашай краіне працягваецца практыка завочных судоў. На 144 чалавекі заведзена спецвытворчасць.

Больш за ўсё палітычных судоў адбылося ў Мінску, меней за ўсё — у Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Самы распаўсюджаны від пакарання па палітычна матываваных крымінальных артыкулах — пазбаўленне волі. Да зняволення асудзілі агулам 55,4 % беларусаў. А самай папулярнай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту — паводле арт. 342 КК асудзілі 1019 чалавек.