Хронікі рэпрэсій за 2 студзеня: стала вядома дата суда над былымі сілавікамі, якія выступілі супраць гвалту

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 2 студзеня.

hroniki_represij2_4_1_1_1_1.png

Пяць былых сілавікоў, якія ў 2020-м годзе запісалі зварот супраць гвалту, будуць судзіць па крымінальнай справе

Імёны былых сілавікоў з Жодзіна Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошкі, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага з'явіліся ў раскладзе судоў, піша «Наша Ніва».

12 жніўня 2020 года яны запісалі моцны і шчыры зварот да сілавікоў. На пачатку адзначаецца, што ўсе мужчыны аддалі службе больш за 20 гадоў. Сам зварот выглядае хутчэй як адчайны крык у пустэчу, а не як выклік. 

Суд над былымі сілавікамі пачнецца 13 студзеня ў Мінскім абласным судзе. Усіх былых сілавікоў судзяць па двух артыкулах — «нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК). Ім пагражае да 12 гадоў калоніі. Судовы працэс будзе ўзначальваць суддзя Сяргей Васілеўскі.

photo_2025_01_02_17_50_00.jpg

Сваякі асуджаных сутыкнуліся з новай формай махлярства — «натарыяльнай»

Зламыснікі карыстаюцца тым, што адміністрацыя калоній абмяжоўвае магчымасці зняволеных у карыстанні юрыдычнымі паслугамі, паведамляе MAYDAY.

У сацсетках і мэсэнджарах у родных асуджаных вымагаюць грошы, прапаноўваючы паслугі натарыуса ў індывідуальным парадку. Для гэтага нібыта трэба перавесці грошы на банкаўскую карту, фота якой скідваюць у перапісцы. 

Сумы часта супадаюць з натарыяльнымі тарыфамі, але да натарыяльных кантор такія прапановы не маюць ніякага дачынення. Некалькі чалавек ужо трапіліся на вуду махляроў. І адбылося гэта ў тых рэгіёнах, дзе натарыусы часта адмаўляюцца ехаць у папраўчыя калоніі для аказання дапамогі зняволеным.

Памёр экс-дырэктар тэатра лялек, якога нядаўна судзілі за «экстрэмізм»

photo_2025_01_02_17_50_06.jpg

Сёння, 2 студзеня, памёр экс-дырэктар Гомельскага тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік. Яму было 63 гады. Пра гэта піша Люстэрка са спасылкай на паведамленні ў сацыяльных сетках.

Дзмітрый Гарэлік атрымаў адукацыю ў будаўнічым тэхнікуме. Але паралельна сам арганізаваў аматарскі калектыў у Доме настаўніка. Калі ў другой палове 1980-х пачаўся кааператыўны рух, ён з таварышам стварыў кааператыў, які займаўся тым, што вырабляў тэатральныя лялькі для продажу дзіцячым садам, школам, аматарскім гурткам. Некаторы час працаваў інжынерам тэхнагляду, а з 1 чэрвеня 1992 года стаў дырэктарам Гомельскага тэатра лялек.

У студзені 2024 года Гарэліка судзілі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). 

Праваабаронцы тады так і не даведаліся, у чым абвінавачвалі мужчыну і якое рашэнне прыняў суд. У жніўні гэтага года стала вядома, што Гарэліка звольнілі. Калі менавіта гэта здарылася, невядома. Па стане на 14 мая 2024 года пасада ўжо была вакантнай. Дарэчы, пасада дырэктара так і засталася незанятай.

Жлобін — самы пацярпелы ад рэпрэсій горад Гомельшчыны

Праваабаронцы падлічылі колькасць вядомых ім выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу ў Жлобіне ад пачатку масавых рэпрэсій у 2020 годзе, піша Гомельская вясна

Праваабаронцы Гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» звяртаюць увагу, што ім могуць быць вядомыя далёка не ўсе выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій, бо карныя структуры ўсяляк спрабуюць схаваць інфармацыю аб рэпрэсіях — крыміналізавалі любыя кантакты людзей з праваабарончымі арганізацыямі і недзяржаўнымі медыямі, пазбавілі людзей магчымасці прысутнічаць на судовых пасяджэннях і пашыраць інфармацыю пра іх, абвяшчаюць суды закрытымі, запужваюць вязняў ды іхніх родзічаў тым, што пры трапленні інфармацыі пра рэпрэсію да праваабаронцаў стаўленне да зняволенага пагоршыцца. Тым не менш, нават тыя лічбы рэпрэсій у раённым цэнтры, якія вядомыя праваабаронцам, уражваюць.

Ад жніўня 2020 і па канец 2024 года праваабаронцам вядома пра 168 выпадкаў вынясення палітычна матываваных крымінальных прысудаў жыхарам Жлобіна і Жлобінскага раёна. Пры гэтым пераважную большасць людзей рэпрэсавалі за рэалізацыю імі ў жніўні 2020 года права на мірныя сходы, гарантаванага артыкулам 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэта карныя органы інтэрпрэтуюць паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса як арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх.

Праваабаронцы адзначаюць, што пад крымінальны пераслед патрапілі не толькі тыя, хто намагаўся чыніць супраціў карным структурам 9 жніўня 2020 года, але і ўсе ўдзельнікі гэтай і наступных мірных пратэсных акцый, якіх у Жлобіне было некалькі. Міліцыянты самымі рознымі спосабамі высвятляюць асобы ўдзельнікаў і пераследуюць іх. Пры гэтым пераслед не спыняецца і дагэтуль. Цягам 2024 года Жлобін стаў лідарам сярод раённых цэнтраў Гомельшчыны ў колькасці крымінальных судоў. Болей толькі ў абласным цэнтры — паўмільённым Гомелі.

У Мёрскам райсудзе за «распаўсюд экстрэмізму ў інтэрнэце» будуць судзіць трох жанчын

Адміністрацыйную справу, распачатую супраць бібліятэкаркі з Дзісны Святланы Яроменак паводле ч.2 арт.19.11 КаАП,  прызначана разбіраць суддзя Вераніка Кісляк. Яна ж 3 студзеня будзе судзіць і яшчэ адну жыхарку Мёраў Святлану Шаўлюгу. 

Суддзя Ірына Яскевіч будзе судзіць па тым самым артыкуле Ірыну Нарэйка. Гэтая жыхарка райцэнтра ў 2017 годзе актыўна выступала супраць «аптымізацыі» школ у раёне, калі адну з навучальных установаў расфарміроўвалі, а дзяцей паводле распараджэння ўладаў пераводзілі ў іншыя школы.

Новыя правілы: дзяцей могуць прызнаць у СНС праз палітычную актыўнасць бацькоў

З 1 студзеня 2025 года ўлады пашырылі падставы для прызнання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Цяпер сям'я можа атрымаць такі статус, калі бацькоў прыцягвалі да адказнасці па «палітычных» артыкулах, у тым ліку па артыкуле 19.11 КаАП за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Паводле новых правілаў, акрамя палітычных падстаў, да прызнання дзяцей у СНС могуць прывесці:

- Кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане

- Адсутнасць працы ў бацькоў больш за тры месяцы

- Няправільнае выкарыстанне сацыяльных выплат

- Перашкода атрыманню агульнай сярэдняй адукацыі.

Важна адзначыць, што на практыцы дзяцей і раней прызнавалі ў СНС праз удзел бацькоў у «няправільнай» палітычнай актыўнасці. Новыя правілы фармалізуюць гэтую практыку і пашыраюць магчымасці дзяржаўнага кантролю над сем'ямі.