Сем падзей, якія запалілі для беларусаў «кволую свечку надзеі» ў 2024-м

Год, з якім неўзабаве развітаемся, на жаль не прынес беларусам доўгачаканай вялікай радасці. І ўсё ж у ім было тое, што сагравала, яднала, натхняла нас. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота Павел Хадзінскі

Ілюстрацыйны здымак. Фота Павел Хадзінскі

100-годдзе Васіля Быкава

19 чэрвеня 2024 года мы святкавалі стогадовы юбілей беларускага класіка – Васіля Быкава, якога часта па праву называюць «сумленнем нацыі».

Сяргей Навумчык пісаў, што «улады фактычна праігнаравалі 100-годдзе Васіля Быкава. Некалькі выставаў (адна з якіх зачынілася неўзабаве пасля адкрыцця), кароткія інфармацыі ў некалькіх выданнях — вось, бадай, і ўсё».

«Замоўчванне імя Быкава, зьневажанне ягонай памяці — цалкам у рэчышчы гэтай антынацыянальнай, і, па сутнасці, антынароднай палітыкі», — падкрэсліваў спадар Навумчык.

Але ж каму патрэбныя віншаванні ад Лукашэнкі? Дакладна не Быкаву. Затое ў дзень народзінаў нашага класіка сацсеткі беларускіх маладзёнаў запаланілі ягоныя цытаты, незалежныя журналісты падрыхтавалі якасныя матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці Быкава, а суполка «Скарына» у Празе выдала кнігу ўспамінаў пра класіка. Гэта значыць, што Васіль Быкаў – модны, жывы, яго словы гучаць і натхняюць нас.

Выява з Васілём Быкавым і яго цытатамі ў Варшаве. Фота: Радыё Свабода

Выява з Васілём Быкавым і яго цытатамі ў Варшаве. Фота: Радыё Свабода

Танк пад бел-чырвона-белым сцягам

У жніўні ўсе мы былі ўзрушаныя ўкраінскім наступам на Курскую вобласць Расіі. Але надзвычай духаўздымным стала відэа з танкам пад бел-чырвона белым сцягам, якім ваяр пад пазыўным Жэрар падзяліўся з «Белсатам», дадаўшы, што танк «імчыць у бок Курскай вобласці для выканання баявых задач».

Танк пад бел-чырвона-белым сцягам. Фота Белсат

Танк пад бел-чырвона-белым сцягам. Фота Белсат

Адно з падраздзяленняў Збройных сілаў Украіны ў Курскай вобласці – гэта танкавае падраздзяленне «Тур» у складзе 225-га Асобнага штурмавога батальёну (АШБ). Касцяк «Туру» складаюць беларускія добраахвотнікі, тлумачыў «Белсат». Жэрар – камандзір аддзялення эвакуацыі бранятэхнікі 225-га асобнага штурмавога батальёну. Ён расказаў журналістам, што войскі заходзілі ў Расію «як нож у масла», што набралі шмат палонных, што не сустрэлі варожасці з боку мясцовых.

Гэтыя гістарычныя кадры сапраўды даюць надзею, што пры нашым жыцці будзе створанае незалежнае беларускае войска. І што расійская агрэсія абавязкова будзе спыненая.

Гаага для Лукашэнкі

30 верасня ўрад Літвы перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэр'ялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, паведамляла прэс-служба Аб'яднагага Пераходнага Кабінету.

«Упершыню ў нашай гісторыі беларускі кантэкст будзе разглядацца Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда», — адзначыў Павел Латушка.

«Лукашэнка хацеў увайсці ў гісторыю як першы прэзідэнт незалежнай Беларусі. І ён выканае сваю мару — ўвойдзе ў гісторыю, але як апошні дыктатар у Еўропе, як міжнародны злачынца, які здзейсніў сотні тысяч злачынстваў супраць беларускага народа. Ён увойдзе ў гісторыю як асоба, якая пацясе адказнасць за гэтыя злачынствы. Пытанне толькі часу, —  лічыць Павел Латушка, — Вярнуць гэтую справу з Міжнароднага крымінальнага суду ўжо не мачыма». 

І хаця беларусы сустрэлі гэтую навіну з вельмі стрыманым аптымізмам, ды і праца Міжнароднага крымінальнага суда апошнім часам выклікае пытанні, усё ж падставаў спадзявацца на аднаўленне справядлівасці стала, бясспрэчна, больш.

Глядзіце таксама

Вызваленне Андрэя Гнёта

31 кастрычніка беларускі рэжысёр Андрэй Гнёт нарэшце пакінуў Сербію і апынуўся на волі!

Нагадаем, роўна за год за вызвалення, напрыканцы кастрычніка-2023 наш суайчыннік быў затрыманы ў аэрапорце Бялграда па «чырвоным апавяшчэнні» Інтэрпол, на запыт беларускіх уладаў. 7 месяцаў беларускі актывіст правёў у цэнтральнай турме сербскай сталіцы. 6 чэрвеня 2024 года ён быў пераведзены пад хатні арышт. Сербскі суд намагаўся выдаць Андрэя Гнёта рэжыму, нягледзячы на тое, што на радзіме яму пагражаў палітычны пераслед і катаванні.

Але дзякуючы нястомнай працы беларускіх адвакатак Андрэя – Ганны Маціеўскай і Марыі Колесавай-Гудзілінай, а таксама сербскіх адвакатаў, дзякуючы салідарнасці і падтрымцы беларусаў, прастаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл, замежных палітыкаў, прадстаўнікоў кінаіндустрыі Андрэй Гнёт сёння на волі. Новый 2025 год ён сустрэне ў бяспецы, з новымі жаданнямі і надзеямі.

«Іліяда» па-беларуску

Вядомы грамадскі дзеяч, перакладчык, філолаг Лявон Баршчэўскі сёлета зрабіў для нас вялікі падарунак – пераклаў «Іліяду» Гамера са старажытнагрэцкай на беларускую мову. 

Другое выданне «Іліяды» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага. Фота: Polackija Labirynty

Другое выданне «Іліяды» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага. Фота: Polackija Labirynty

Прынамсі 227 палітзняволеных беларусаў выйшлі на волю па «памілаванні»

З чэрвеня 2024 года Лукашэнка падпісаў некалькі Указаў аб памілаванні палітвязняў. Агулам на волю па памілаванні выйшлі 227 чалавек, паведамляюць праваабаронцы ПЦ «Вясна». Сярод іх людзі з цяжкімі захворваннямі, шматдзетныя бацькі, пенсіянеры. У тым ліку былі памілаваныя 67-гадовы Рыгор Кастусёў, анкахворы палітвязень Павел Кучынскі і журналістка Ксенія Луцкіна. Акрамя гэтага, пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене як палонных.

У той жа час праваабаронцы канстатуюць: штодзённа па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні дзясяткаў чалавек. Cітуацыя з палітвязнямі ў нашай краіне застаецца на стабільна крытычным узроўні.

І ўсё ж канец пакутаў кожнага несправядліва асуджанага беларуса, яго ўз’яднанне з блізкімі і магчмыасць атрымаць належны доступ да медыцыны – вялікая радасць. Няхай жа нашыя навагоднія пажаданні нарэшце споўняцца, і ўсе беларускія палітвязні апынуцца на волі як мага хутчэй.

Беларус беларусу беларус. У 2024 мы зноў ратавалі адно аднаго праз BYSOL

BYSOL паведамляе, што цягам 2024 года на сайце фонда быў адкрыты 251 асабісты зборы для пацярпелых ад рэжыму.

«Нам разам удалося сабраць 619 363 еўра на дапамогу людзям. Усе гэтыя грошы трапілі да адрасатаў», – пішуць прадстаўнікі фонда.

У ліку адкрытых асабістых збораў – 21 збор для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне на суму 58 827 еўра.

«Гэта зборы на лячэнне і рэабілітацыю, а таксама на набыццё тэхнікі, якая ратуе жыцці. Таксама аказана дапамога ў прамых закупках, сумесна з партнёрамі Фонду на суму 24 тыс. еўра», – удакладнілі ў фондзе.