Ксяндза Анджэя Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зняволення. Хронікі рэпрэсій 30 красавіка

 30 красавіка ў Шуміліне вынесены прысуд ксяндзу Анджэю Юхневічу, пробашчу санктуарыя Маці Божай Фацімскай і святару ордэна місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі (OMI), піша katolik.life. Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў 13 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачванне патрабавала 15 гадоў. Працэс прайшоў у закрытым рэжыме, пры гэтым святар цалкам адмаўляў віну і спрабаваў даказаць яе сфабрыкаванасць.

1_1097_1.png

Анджэя Юхневіча абвінавацілі ў злачынствах супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх — па трох артыкулах КК. Справа нібыта тычылася падзей дзесяцігадовай даўніны, і, паводле інфармацыі вернікаў, абвінавачванне будавалася на сумнеўных паказаннях, як мяркуецца атрыманых пад ціскам. Скаргаў на ксяндза Юхневіча ніколі не паступала, у судзе ён трымаўся з годнасцю.

Юхневіч вядомы як актыўны каталіцкі святар, кіраўнік каардынацыйнай групы настаяцеляў манаскіх абшчын Беларусі. Ён быў затрыманы 8 мая 2024 года. Першапачаткова яму інкрымінавалі «дыверсійную дзейнасць», а падставай для арышту сталі фота з бел-чырвона-белым і ўкраінскім сцягамі. Ужо тады яго прызналі палітвязнем. У СІЗА святар, па паведамленнях, падвяргаўся катаванням.

У адрозненне ад выпадку з ксяндзом Генрыхам Калятовічам, на суд над Айцом Анджэем прыязджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч — мясцовыя жыхары бачылі, як ён маліўся ў капліцы побач з судом.

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, чакаецца апеляцыя.

Прыняты законапраект аб амністыі — «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» яна не закране

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 красавіка прынялі ў двух чытаннях законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», піша Позірк са спасылкай на прэс-службу ніжняй палаты парламента.

Дакумент мусіць ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Лукашэнка.

Амністыю мяркуецца прымяніць у дачыненні да 7630 асуджаных. Асноўнымі ўмовамі для яе прымянення з’яўляюцца «поўнае пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам», а таксама «станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбывання пакарання».

Як і раней, амністыя не будзе прымененая «да асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці» (у апошнія гады ўлады папаўняюць адпаведныя спісы пераважна імёнамі асуджаных па справах палітычнага характару). 

Палітзняволеная Вікторыя Кульша распачала бестэрміновую галадоўку

Пра гэта паведаміла Паліна Шарэнда-Панасюк, якая сядзела з Вікторыяй у Рэчыцкай калоніі:

«Вікторыя Кульша з моманту знаходжання ў СІЗА-3 Гомеля распачала бестэрміновую галадоўку! Гэта будзе яе шостая галадоўка ў зняволенні, гэтым разам — да канца: альбо мы даможамся яе вызвалення, альбо яна загіне!».

Рэжым працягвае здзекавацца з Вікторыі: пятая крымінальная справа, чацвёрты суд па артыкуле 411 — за нібыта «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».

Паліна згадвае, у якім стане пакідала Вікторыю ў калоніі №24:

«Яна выглядала як жывы нябожчык: бляклага колеру скура, моцна схуднелая, ледзьве ішла, у яе быў вялізны ацёк твару. Я ведала, што на той момант праз папярэднія галадоўкі і жахлівыя катаванні бясконцымі ШІЗА ў яе распачаліся вельмі цяжкія праблемы з сэрцам, ныркамі, гінекалогіі — ажно да крывацёкаў».

Вікторыя была затрыманая за адміністраванне чату «Кіроўцы 97%» яшчэ ў 2020 годзе. З таго часу — бесперапынны пераслед, шматлікія суды, спагнанні, і новая справа напярэдадні чаканага вызвалення 6 красавіка 2025.

Мінінфарм абнавіў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі дадало новыя рэсурсы ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

акаўнты ў Instagram «aleh_maiseyeu», «belarusinbrazil», «eduofficefornewbelarus», «shodbelarus»;

канал у YouTube «Данута»;

акаўнты ў TikTok «user308950759», «Sapraŭdny Biełarus», «Belarus♥️♥️♥️», «Belarussian_Mapper».

Былым журналісткам Tut.by вынеслі завочныя прысуды і назвалі «экстрэмістамі»

Закрыты завочны працэс над Вольгай Лойка і Аленай Талкачовай пачаўся 4 лютага 2025 года, пра тое, што адбывалася ў ходзе слухання, не ведалі ні грамадскасць, ні самі фігуранткі. Пра прысуды таксама невядома. Пры гэтым сярод абвінавачаных значылася і былая юрыдычная кансультантка Tut.by Кацярына Ткачэнка, у абноўленым «спісе экстрэмістаў» яе прозвішча няма, піша Свабода.

Згодна з абноўленым 26 красавіка «спісам экстрэмістаў» на сайце МУС Вольга Лойка і Алена Талкачова нібыта «адбываюць пакаранне». Насамрэч, журналісткі пакінулі Беларусь у 2022 годзе пасля вызвалення з СІЗА, паведаміў БАЖ.