У Беларусі з'явіліся новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Хронікі рэпрэсій 2 траўня

«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя структурныя падраздзяленні «Партызанскай хвалі» і «ХАЙ ТАК TV», а таксама праекты «Беларуская Грэнадзёрская Харугва», «Народны Дэпутат» і «Partyzanka».

1_1097_1.png

Паводле МУС і КДБ, дачыненне да згаданых ініцыятыў маюць:

  • «Беларуская Грэнадзёрская Харугва»: Жахоўскі Барыс, Асадулаеў Руслан, Барталевіч Аляксандр, Баяранка Кіра, Баяранка Антон, Будзько Віталь, Васільеў Дзмітрый, Грыц Марыя, Ёрш Сяргей, Зямлянская Дар'я, Ільяшэнка Святлана, Казакевіч Раман, Касперчык Арцём, Комлік-Ямацін Андрэй, Кулікоў Юрый, Лавар Рэгіна, Ляўчук Віталь, Лісоўскі Уладзімір, Малюцін Яўген, Мась Аляксандр, Масюк Аляксандр, Надзейка Уладзіслаў, Радзькова Алена, Саўчанка Марына, Седышова Марыя, Шчасны Аляксандр, Храмянкова Яўгенія, Шаранкевіч Антон, Юрэвіч Аляксей, Янчук Сяргей.
  • «Народны Дэпутат»: Кавалёў Аляксандр, Корнышаў Аляксандр, Карняенка Дзмітрый, Марэцкая Кацярына.
  • «Partyzanka»: Маціеўская Ганна, Шостак Яна.

«Яе жыццё пад немінучай пагрозай». Еўрапейскі парламент выступіў з заявай з нагоды галадоўкі Вікторыі Кульшы

Бюро дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю выступілі з заявай з нагоды галадоўкі палітзняволенай Вікторыі Кульшы. Гэта яе шостая галадоўка з моманту затрымання на знак пратэсту з яе незаконным утрыманнем у няволі.

У Еўрапейскім парламенце заклікалі беларускія ўлады прадаставіць Вікторыі неадкладны доступ да медыцынскай дапамогі і спыніць усе формы палітычнага пераследу ў дачыненні да яе і іншых мірных актывістаў у Беларусі. Акрамя таго, Еўрапейскі парламент заклікаў Еўрапейскі Саюз увесці адрасныя санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за пераслед Вікторыі Кульшы, а таксама актывізаваць дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на забеспячэнне неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітзняволенай. 

«Ёсць асцярогі, што яна можа стаць першай жанчынай-палітзняволенай, якая памрэ ў беларускім зняволенні пры рэжыме Лукашэнкі».

Да 25 гадоў калоніі: стаў вядомы прысуд па справе аб спробе падрыву чыгуначнага складу ў Талочынскім раёне

Як стала вядома, Мінскі гарадскі суд 18 снежня 2024 года асудзіў па «справе аб спробе падрыву чыгуначнага складу ў Талочынскім раёне» беларусаў Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага да 11 і 25 гадоў калоніі адпаведна, а ўкраінца Івана Ліхалата — да 20 гадоў зняволення. Прысуд вынесла Анжэла Касцюкевіч.

Беларусы падалі апеляцыйныя скаргі на прысуд: яны аспрэчвалі кваліфікацыю сваіх дзеянняў, а таксама прасілі змяніць прысуд і знізіць тэрмін пакарання. Грамадзянін Украіны не падаваў апеляцыю. Але прысуд уступіў у сілу, у хуткім часе палітвязняў этапуюць у калоніі.

Нагадаем, пра затрыманне шасці чалавек КДБ паведаміў 11 верасня. Пра гэта стала вядома з фільма 11 верасня, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, некаторых на следчых дзеяннях водзяць на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ.

Аўтамабіль завочна асуджанага актывіста Ежы Грыгенча выставілі на аўкцыён

Пра гэта мужчына напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.

«Грабеж пачаўся з маёмасці жонкі. Вось так улады адказна захоўваюць ці спецыяльна знішчаюць маёмасць палітычных апанентаў. Здымкі якая была машына і што з ёй зрабілі прыкладаюцца. А вы людзі думаеце што вы купляеце і якія будуць наступствы».

Аўтамабіль Ежы з'явіўся на старонцы «БелЮрЗабеспячэнне» — яго гатовыя прадаць за 13 800 BYN. У апісанні пазначана, што «даўжнік: Грыгенча Ежы Іванавіч».

Ежы Грыгенча — вядомы гродзенскі грамадска-палітычны актывіст, якога раней неаднаразова затрымлівалі. З 2020 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. У мінулым лістападзе яго асудзілі да 6 гадоў калоніі завочна.

Беларускія ўлады летась даслалі запыт на выдаленне 50 відэа з YouTube. Ім адмовілі

Google выпусціў штогадовую справаздачу, у якой расказвае, колькі запытаў ён атрымаў на выдаленне кантэнту і якое прыняў рашэнне.

За 2024 год ён атрымаў 7 запытаў на выдаленне кантэнту з Беларусі — усяго 58 адзінак кантэнту. З іх 56 — гэта відэа на ютубе, адзін — вэб-пошуку і яшчэ адзін не названы.

Два звароты былі ад неназванага дзяржаўнага органа. Адзін з іх — на выдаленне 51 відэа з ютуба. Прычына не пазначана. Па запыце ім адмовілі, піша «Наша Ніва».

На сайце прыводзяцца выбраныя кейсы, па якіх прымаў рашэнне Google. Сярод кейсаў ёсць адзін за 2020 год — тады Міністэрства інфармацыі падало пазоў на выдаленне відэа з «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Google адмовіў, бо ніякіх «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у відэа не адшукаў.

Калі меркаваць па звестках Google, то пасля жніўня 2020-га ніводны запыт ад дзяржаўных структур Беларусі не быў ухвалены.

Блогера Сяргея Бяспалава завочна асудзілі да 18 гадоў калоніі

Мінскі абласны суд у межах спецвытворчасці разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Бяспалава. Суддзя Аляксандр Рыбакоў прызнаў яго вінаватым паводле шэрагу крымінальных артыкулаў і прызначыў 18 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 1 000 базавых велічынь (42 000 рублёў), паведамляе Генпракуратура.

Паводле следства, Бяспалаў з'яўляецца стваральнікам і кіраўніком «экстрэмісцкага фармавання» «Мая краіна Беларусь».

Паведамляецца, што ў выніку яго дзеянняў дзяржаве нібыта нанесены ўрон у суме звыш 30,9 мільёна рублёў.

У Беларусі адбываюцца масавыя затрыманні за ўдзел у пратэстах і па «справе Гаюна»

Пра гэта распавядаюць затрыманыя, якія выйшлі з Акрэсціна. Паведамляецца, што вельмі шмат затрыманняў адбываецца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) па «справе Гаюна». Большасць затрыманых — мужчыны. Фігурантаў «справы Гаюна» адпраўляюць у СІЗА.

Апроч гэтага, працягваюцца затрыманні паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Паведамляецца пра вялікія лічбы затрыманых. Гэта звязваюць з тым, што ў жніўні гэтага года сыходзіць тэрмін даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах. На Акрэсціна па-ранейшаму затрыманых утрымліваюць у нечалавечых умовах у перапоўненых камерах. 

Генпракуратура адхіліла скаргу праваабаронцы Леаніда Судаленкі на завочны прысуд

Вось, як праваабаронца пракаментаваў тое, што адбылося:

«Генеральная пракуратура адхіліла маю наглядную скаргу пра завочнае ў 2024 годзе пазбаўленне волі на 5 гадоў ва ўмовах строгага рэжыму. Падставай для пераследу сталі інтэрв’ю, у якіх я распавядаў пра парушэнні ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі.

У адказе намесніка генеральнага пракурора Аляксея Стука сцвярджаецца, што мае інтэрв’ю былі размешчаныя на сайтах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», у тым ліку Вясна. Правы чалавека ў Беларусі / Viasna. Human rights in Belarus, Белсат TV, Радыё Свабода, charter97.org і Наша Ніва. Пры гэтым нават мае выказванні, зробленыя за мяжой пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах, таксама былі прызнаныя «садзеяннем экстрэмісцкай дзейнасці».

Генпракуратура адхіліла довады пра парушэнне маіх канстытуцыйных правоў, уключаючы прынцып спаборнасці, права на абарону і справядлівае судовае разбіральніцтва, заяўляючы, што пры завочным судзе «закон быў выкананы».

Я называю адмову Генпракуратуры дэманстрацыяй прававога нігілізму: «Генпракуратура не аспрэчвае змест маіх словаў – яны проста кажуць: гаварыць нельга. Нават за межамі краіны. Гэта абсурд. Але я выкарыстаў усе ўнутраныя сродкі прававой абароны і цяпер іду далей – у Канстытуцыйны суд і міжнародныя інстанцыі. Мая барацьба працягваецца».