У Беларусі за кратамі — мінімум дзевяць палітвязняў з інваліднасцю. Хронікі рэпрэсій 5 траўня
5 траўня па ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы людзей з інваліднасцю. У гэты дзень у зняволенні ў Беларусі знаходзіцца мінімум дзевяць палітзняволеных з інваліднасцю, піша Вясна. Некаторыя людзі з інваліднасцю выйшлі на волю пасля некалькі хваляў памілавання.

Па звестках ініцыятывы dissidentby, з 2020 года як мінімум 143 чалавекі з праблемамі здароўя падвергліся крымінальнаму пераследу за сваю грамадзянскую пазіцыю. З іх:
- 84 маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем
- 33 — людзі з інваліднасцю
- 26 маюць парушэнні псіхічнага здароўя і былі накіраваныя на прымусовае лячэнне.
Акрамя гэтага, у месцах несвабоды загінулі ўжо 7 чалавек — 5 з іх мелі інваліднасць або іншыя цяжкія захворванні. Гэта трагічнае сведчанне таго, што людзі з асаблівымі патрэбамі трапілі ў прамую небяспеку.
Умовы ўтрымання ў беларускіх турмах ніяк не адпавядаюць патрэбам людзей з інваліднасцю або хранічнымі захворваннямі. Медычная дапамога часта не аказваецца наогул, або ў ёй свядома адмаўляюць.
5 траўня незалежныя эксперты ААН заклікалі вызваліць палітвязняў з інваліднасцю і сур’ёзнымі захворваннямі, асуджаных за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года:
«Мы заклікаем беларускія ўлады разгледзець магчымасць неадкладнага вызвалення або замены зняволення на іншыя, не звязаныя з пазбаўленнем волі, санкцыі для ўсіх палітычных зняволеных, звязаных з вышэйзгаданымі падзеямі, якія маюць інваліднасць або сур’ёзныя захворванні, каб прадухіліць незваротную і цяжкую шкоду іх жыццю і здароўю».
Працягваецца збор сродкаў для людзей з інваліднасцю, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Падтрымаць яго можна тут.
Стала вядома, што цяпер адбываецца з палітзняволеным Юрасём Зянковічам, якога вызвалілі па просьбе ЗША
Пра першыя дні Юрася пасля вяртання ў Тэхас «Нашай Ніве» распавяла яго жонка Алена Дзенісавец.
«Урад ЗША мае спецыяльную праграму рэабілітацыі. Яна ўключае медыцынскае абследаванне, псіхалагічную дапамогу, дапамогу з уладкаваннем на працу, падтрымку сям’і і гэтак далей. Усе людзі, каго ўрад ЗША вызваляе з палону, праходзяць яе. І потым іх яшчэ падтрымліваюць некалькі гадоў. Вось Юрась цяпер удзельнічае ў такой праграме», — расказвае яна.
Па словах Алены, Зянковіч ужо паспеў прайсці поўны медыцынскі агляд — і са здароўем у яго ўсё добра. Але ж яму патрэбны некаторы час, каб прыйсці ў сябе.
YouTube-канал гурта «BRUTTO» прызнаны «экстрэмісцкім» — на яго падпісаныя больш за 225 000 чалавек
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Ганцэвічскага раёну 26 красавіка.
Таксама экстрэмісцкі спіс папоўнілі YouTube-каналы «Кабинет Никитенко», «Novaja Ziamlia», TikTok-старонка «zloybelevrey», старонка ў Instagram «krok.kult», суполка ва «Укантакце «Вольная Беларусь», Telegram-каналы, чаты і боты «Молодёжное движение ДоЛГБ», «Долгонутый чат», «Минск», «Должностная анкета», «Долгонутые предложения», а таксама сайт і старонкі ў сацсетках праекту «BY teatr».
Ігар Аліневіч амаль месяц быў у ШІЗА
Ігар Аліневіч — актывіст анархісцкага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адрас для лістоў:
Аліневіч Ігар Уладзіміравіч
Турма № 8, вул. Савецкая, 22А
г. Жодзіна, 222163