У «спіс экстрэмістаў» у красавіку дадалі 139 чалавек. Хронікі рэпрэсій 6 траўня

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падсумаваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў красавіку. Калі коратка, то яна застаецца вельмі цяжкай і суправаджаецца рэпрэсіямі, якія працягваюцца супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, крытыкаў улады і іншадумцаў. Нягледзячы на ​​імкненне ўладаў схаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, праваабаронцам працягваюць паступаць даныя аб затрыманнях і пераследзе па палітычных падставах. 

1_1097_1.png

Агулам «Вясне» вядома пра больш за 6 940 асуджаных (у тым ліку 33 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года.

Нягледзячы на ​​тое, што з калоній была вызвалена частка палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на 1 мая 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 206 палітвязняў (з іх 159 — жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 41 чалавек. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да больш як 3 920 чалавек. 2 716 чалавек, з якіх 572 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;

Падвяргаюцца рэпрэсіям журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры. Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец красавіка 2025 года знаходзіцца ў зняволенні 40 прадстаўнікоў медыя. БАЖ фіксуе новую хвалю рэпрэсій: спецслужбы ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і родных прадстаўнікоў медыя, якія вымушана працуюць за мяжой. У большасці выпадкаў сілавікі прыходзілі па месцы рэгістрацыі недзяржаўных журналістаў, якія зараз вымушана працуюць за межамі Беларусі. У некаторых выпадках візіты сілавікоў суправаджаліся аглядам памяшкання ў сувязі з узбуджанай супраць журналіста ці журналісткі крымінальнай справай.

Працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у красавіку 2025 года «Вясна» зафіксавала больш за 50 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана ў асноўным са спыненнем доступу да раскладу судоў — адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі.

Праваабаронцы працягваюць сістэматычна фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых форм недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні пакаранняў па такіх справах — як крымінальных, так і адміністрацыйных.

Свабода сходаў і выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаецца атакам уладаў: за ўдзел у пратэстах 2020 года людзей працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці, улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі.

Рэгулярна папаўняюцца спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», «экстрэмісцкіх» фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій.

На дзяржТВ паказалі відэа затрымання каліноўца і актывіста апазіцыйнай партыі, а таксама інтэрв'ю з палітзняволеным палякам

У вечаровым выпуску навінаў на дзяржаўным тэлебачанні «Беларусь 1» пятага траўня паведамілі пра затрыманне актывіста партыі «Народная Грамада» Паўла Бялюціна і каліноўца Васіля Грачыхі. Абодвух затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Васіля перавозілі з чорным мяшком на галаве.

У траўні 2022 года Паўла асудзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Яму прызначылі «хатнюю хімію», аднак дакладны вынік суда невядомы. Начальнік Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак называе дастаўку Бялюціна ў Беларусь «апагеем аперацыі знешняй выведкі, якая доўжылася 732 дні».  

Таксама ў перадачы паказалі відэа затрымання каліноўца Васіля Мікалаевіча Грачыхі з пазыўным «Васіліск». Паводле відэароліка, яго затрымалі недзе ў балоцістай мясцовасці па-за горадам некалькі супрацоўнікаў КДБ з аўтаматамі. Мужчыну перавозілі верталётам.

Акрамя таго, дзяржаўнае тэлебачанне паказала фільм пра палітзняволенага грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу. Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі яго справу паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Вынік суда — 14 гадоў у калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

У сюжэце распавядаецца, што Бяроза быў завербаваны польскімі спецслужбамі ў Бяла-Падляску ў 2010 годзе, калі вучыўся ў Акадэміі фізвыхавання. Адметна, што рэпартаж і інтэрв'ю вядзе польскі журналіст: яны гутараць з палітвязнем на польскай мове з паралельным перакладам размовы на расейскую мову. 

У фільме паказалі, як затрымлівалі Томаша. У тым ліку, на кадрах затрымання бачныя супрацоўнікі ДАІ, да якіх паляк сеў у машыну для праверкі. Пасля гэтага на мужчыну з усіх бакоў «накінуліся» супрацоўнікі міліцыі. Пасля на галаву Томаша апранулі мяшок, заламалі рукі і перавезлі ў КДБ. 

«Гэта тэндэнцыя». Звычайным зняволеным у жаночай калоніі № 4 пачалі прысвойваць «экстрэмісцкі статус»

Гомельская жаночая калонія № 4 вядомая сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрымання для палітзняволеных: «клетка ганьбы», прымусовая праца, адсутнасць якаснай медыцынскай дапамогі, спагнанні па надуманых прычынах. Апроч гэтага, палітзняволеных ставяць на 10-ы «экстрэмісцкі» прафулік і вешаюць жоўтую бірку, а таксама прысвойваюць статус «злоснага парушальніка рэжыму».

Але цяпер рэжым Лукашэнкі пашырыў сваю практыку і на іншых зняволеных. Паводле праваабаронцаў, на восень у ПК-4 знаходзіліся прыкладна 10 жанчын, асуджаных у тым ліку паводле «эканамічных» і «наркатычных» артыкулаў, якія зазналі той жа ціск з боку адміністрацыі, што і палітычныя зняволеныя. 

Супраць Ніны Багінскай узбудзілі крымінальную справу за адзіночныя пікеты

Супраць 78-гадовай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай узбуджаная крымінальная справа паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Прычынай сталі шпацыры са значакам бел-чырвона-белага колеру на адзенні і дэманстрацыя нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінску ў 2024 годзе.

Неўзабаве распачнецца разбіральніцтва ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Гэта сёмая справа паводле гэтага артыкула з моманту яго ўвядзення ў Крымінальны кодэкс, якая дайшла да суда.

Вядома, што падчас следства па крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псіхіятрычную экспертызу.

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі TikTok ксяндза Вячаслава Барка Андрэя Дзмітрыева

Адпаведнае рашэнне прыняў 2 траўня суд  Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. 

Здарылася гэта праз два тыдні пасля прызнання святара, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, «экстрэмісцкім фармаваннем». У «экстрэмісцкім» пераліку на сайце МУС згадваліся  YouTube-канал «Ксёндз Барок», Telegram-канал «Ксёндз Барок», старонка ў Facebook «Вячаслаў Барок» і  адрас  элекстроннай пошты. Некаторыя з іх раней прызнавалі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Цяпер дайшло і да канала ў TikTok. 

Пад увагу сілавікоў святар трапіў яшчэ 4 гады таму : у снежні 2020 г. ён быў асуджаны да 10 сутак арышту па арт. 17.10 КаАП (прапаганда нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) — за публікацыю ў сацыяльных сетках плаката мастака Уладзіміра Цэслера. Тады ж СК ініцыяваў праверку выказванняў ксяндза ў ягоным відэаблогу на прадмет заклікаў да экстрэмізму і распальвання варажнечы.

Рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкай» TikTok-старонкі палітыка і былога палітвязня Андрэя Дзмітрыева было прынятае судом Дзяржынскага раёну 2 траўня. На гэтую старонку падпісаныя амаль 8000 чалавек.

У сакавіку «экстрэмісцкай» прызналі Instagram-старонку Дзмітрыева.

Акрамя таго, у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі YouTube-канал «Дизайнер Кос», а таксама TikTok-старонка «natalliam3», Instagram-старонка культурнага абхяднання беларусаў і ўкраінцаў у Славакіі «Крок». 

Жыхарам Гомельшчыны, прызнаным «дармаедамі», рассылаюць позвы з міліцыі

Жыхары Гомельскай вобласці, якія ўключаныя ў спісы «незанятых у эканоміцы», сталі атрымліваць лісты з міліцыі. Аддзелы аховы правапарадку і прафілактыкі раённых АУС рассылаюць «дармаедам» апавяшчэнні, якія больш падобныя на позвы, піша @flagshtok. У выпадку неяўкі пагражаюць адміністрацыйнай адказнасцю.

Раней такія пасланні «незанятым у эканоміцы» не прыходзілі. Усе мінулыя гады «дармаеды» атрымлівалі толькі лісты з прапановай пацвердзіць свой статус або звярнуцца па дапамогу ў працаўладкаванні. Таксама ў паведамленні гаворыцца аб неабходнасці прыйсці ў рэгіянальнае ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне, а для пацвярджэння занятасці або цяжкай жыццёвай сітуацыі прынесці патрэбныя дакументы ў раённую камісію па садзейнічанні занятасці.