Улады абнавілі спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 8 траўня

 Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы дзесяці чалавек. Сярод іх Павел Лашчанка, Андрэй Варонін, Аляксандр Кендысь, Уладзімір Карней, Максім Солап, Вячаслаў Дземянчонак, Таццяна Марыніч, Анастасія Хамянкова, Яўген Пугач, Ірына Суржык. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1286 чалавек, з іх 592 — беларусы.

1_1097_1.png

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 29 прозвішчаў — цяпер у ім 5257 чалавек

8 траўня МУС зрабіла традыцыйны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі аналітыка Андрэя Паротнікава, перакладчыка Сяргея Горлава, а таксама беларускамоўную IT-спецыялістку з EPAM Марыну Леановіч.

Цалкам спіс можна паглядзець тут.

Улады прызналі Instagram пра палітзняволеную праваабаронцу Насту Лойку «экстрэмісцкім»

Instagram-акаўнт @let_nasta_go, створаны для падтрымкі палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойкі, уключаны ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Проста за тое, што людзі не забыліся пра яе і патрабуюць свабоды.

Таксама экстрэмісцкімі прызналі:

▪️ Facebook kalinouskipolk

▪️ Telegram-канал «Мінскі Абласны Савет БССР»

▪️ Instagram galya_remishkina, dushi_jabatek

▪️ YouTube-канал Basta!

▪️ TikTok-акаўнты «Антитаракан» і Aliaksandr Apeikin

▪️ Праект MIDGARD ASYLUM

Брэсцкага бізнесоўца завочна асудзілі да 3 гадоў калоніі

Брэсцкі абласны суд 28 лютага ў межах спецвытворчасці разгледзеў крымінальную справу супраць бізнесоўца Андрэя Вароніна, які некалькі гадоў знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Яго прызналі вінаватым у «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, а таксама здзяйсненні іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК).

Вядома, што ў 2020 годзе мужчына ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады па Брэсцкай вобласці. 26 жніўня 2020 года Андрэй паведаміў, што да яго прыйшлі сілавікі. У той жа дзень ён разам з жонкай пакінуў Беларусь.

Мінімум 26 палітвязняў у красавіку цалкам адбылі тэрміны, яшчэ аднаго — памілавалі

На дадзены момант у Беларусі праваабаронцы налічваюць 1176 палітвязняў, а іх колькасць павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».

Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», агулам па заканчэнні тэрмінаў з 2020 года з папраўчых установаў выйшлі больш за 1 500 чалавек. У красавіку на волю выйшлі мінімум 27 чалавек: 26 цалкам адбылі тэрміны, яшчэ адзін палітвязень быў памілаваны.

У Беларусі пачалі часцей пераследаваць людзей за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Па інфармацыі праваабаронцаў, у Беларусі павялічылася колькасць выпадкаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паведамляецца, што ў некаторых справах нават няма прамых доказаў ва ўзаемадзеянні чалавека з «экстрэмістамі» — аднак гэта не спыняе палітычны пераслед людзей.

Улады працягваюць папаўняць «экстрэмісцкія» і «тэрарыстычныя» спісы арганізацый, а значыць не проста забараняюць іх дзейнасць, але і крыміналізуюць стварэнне, удзел і любое ўзаемадзеянне з імі на падставе адпаведных артыкулаў. Паводле інфармацыі «Вясны», за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) асудзілі не менш за 254 чалавекі.

Былы праграміст Полацкага райвыканкама вярнуўся з Варшавы — яго асудзілі па палітычнай справе і дадалі ў спіс «тэрарыстаў»

Сілавікі дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» 32-гадовага жыхара Наваполацка Вячаслава Дземянчонка. Яго палітычны прысуд па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса набыў моц.

Дземянчонка абвінавачвалі ў «шкодзе нацыяльнай бяспецы Беларусі». Яму маглі прысудзіць ад 4 да 12 гадоў зняволення, аднак прысуд у любым разе звязаны з калоніяй. Сутнасць абвінавачвання і дакладны тэрмін невядомыя, піша «Наша Ніва».

У 2021-м Дземянчонак скончыў факультэт інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля чаго працаваў інжынерам-электроншчыкам у Наваполацкай цэнтральнай раённай бальніцы, адкуль звольніўся восенню 2022 года.

За наступныя гады ў сацсетках былі пазнакі, што хлопец жыў у Гродне і ў Варшаве. Апошні раз Дземянчонак быў анлайн у канцы 2023 года.

45-гадовую жыхарку Глыбокага Алену Шарабайку асудзілі па «народным» артыкуле

Яе прозвішча з'явілася ў абноўленым «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Там пазначана, што ў дачыненні да яе «набыў моц прысуд Глыбоцкага раённага суда Віцебскай вобласці паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса». Пазначана, што яе судзімасць не пагашана.