«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі даўно ліквідаваную партыю. Хронікі рэпрэсій 12 траўня

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). Адпаведнае рашэнне было прынятае МУС 7 траўня. Паводле ведамства, дачыненне да партыі маюць Ігар Барысаў, Ігар Маслоўскі, Ганна Канюс.

1_1097_1.png

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — палітычная партыя, якая была ўтворана 2 сакавіка 1991 года. БСДП працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай Грамады (1902—1918) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1918—1924).

20 верасня 2023 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада).

КДБ апячатаў дзверы мінскай кватэры беларускага фотажурналіста Генадзя Верацінскага

Пра гэта мужчына, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, паведаміў @pozirkonline. На пячатцы можна прачытаць: «Апячатана. Накладзены арышт. Уваход забаронены». Папера падпісаная супрацоўнікам КДБ Смірновым Н.Э.

«Калі апячатана тымі, хто надрукаваў, то ў мяне крымінальная справа і ўсё астатняе. Я яўна не проста сведка. Мне пры гэтым нічога не паведамлялі», — адзначыў Верацінскі. Паводле яго слоў, не было папярэджанняў і ў паштовай скрыні.

«Калі з’язджаў у 2023 годзе з Беларусі, мне прыходзілі позвы, пастаянна тэлефанавалі. Тады я быў у шпіталі, у рэанімацыі. Калі іх набралі па тым нумары, перапыталі, то даведаліся, што гэта быў Следчы камітэт», — прыгадаў журналіст.

Верацінскі адзначыў, што сябры тады расцэньвалі сітуацыю як вельмі небяспечную і раілі з’ехаць. «Пасля гэтага ніякіх справаў з сілавікамі я не меў», — дадаў ён.

У Гомельскім СІЗА № 3 масавыя захворванні — вязняў замарозілі праз адчыненыя вокны 

Паводле інфармацыі MAYDAY.TEAM, у сярэдзіне красавіка, калі на Гомельшчыне было сапраўды летняе надвор'е, у камерах, вокны якіх выходзяць на поўдзень, стала надта спякотна — там проста немагчыма было знаходзіцца, не было чым дыхаць. На летні час адміністрацыя карнае ўстановы вымае шкляныя шыбы, каб у камеры трапляла паветра з вуліцы. 

Але з 28 красавіка ў Гомелі рэзка пахаладала, уночы тэмпература апускалася ніжэй за 0. Тым не менш, шыбы ў гэты час адміністрацыя ў вокны не вярнула. 

Праз гэта многія вязні ў СІЗА прастудзіліся і зараз ва ўстанове масавая ўспышка прастудных захворванняў.