Адвакатку Мікалая Дзядка пазбавілі ліцэнзіі. Хронікі рэпрэсій 13 жніўня

Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адвакатку Святлану Гарбаток, піша @mediazona_by са спасылкай на прэс-службу ведамства. Святлана была абаронцай Мікалая Дзядка і Уладзіміра Кнігі, якога судзілі па «справе Ціханоўскага».

1_1097_1.png

Як сказана ў прэс-рэлізе, Святлана Гарбаток больш не можа працаваць адвакаткай «з прычыны недастатковай кваліфікацыі», такое рашэнне прыняла кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце.

Арганізацыя «Юрысты ў небяспецы» адзначала, што ў 2021 годзе ў краіне практыкавалі 2,2 тыс. адвакатаў, а цяпер засталося толькі 1,6 тыс. Такім чынам, за чатыры гады іх колькасць скарацілася больш як на 27%, звяртае ўвагу «Позірк».

Паводле звестак арганізацыі, у 2020–2024 гадах як мінімум адзінаццаці беларускім адвакатам выстаўлялі абвінавачанні ў межах крымінальных спраў, шэсць адвакатаў знаходзяцца за кратамі, чацвёра зазналі катаванні падчас затрымання, не менш за 139 пазбаўленыя права на прафесію.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1735 дзён, Дзяніс Івашын — 1615 дзён. Блізкія дагэтуль не атрымліваюць тэлефонных званкоў ад Дзяніса Івашына, забарона на іх цягнецца ўжо 8,5 месяцаў. І прычыны, як і тэрмін забароны, а таксама яе ініцыятар невядомыя.

Дзярждэп ЗША: цягам года ў Беларусі не адбылося значных зменаў у галіне правоў чалавека

Дзярждэпартамэнт ЗША выпусціў даклад аб правах чалавека ў Беларусі за 2024 год.

Да ліку значных праблем у галіне правоў чалавека ў Беларусі адносяцца дакладныя паведамленні аб:

  • катаваннях або жорсткім, бесчалавечным або зневажальным годнасць абыходжанні або пакаранні;
  • недобраахвотных або прымусовых медыцынскіх або псіхалагічных практыках; адвольных арыштах або затрыманнях;
  • транснацыянальных рэпрэсіях у дачыненні да асоб, якія знаходзяцца ў іншай краіне;
  • свядомым супрацоўніцтве з іншай краінай у мэтах ажыццяўлення актаў транснацыянальных рэпрэсій;
  • сур'ёзных парушэньнях падчас канфлікту, зьвязаных з саўдзелам Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны;
  • сур'ёзных абмежаванняў свабоды слова і свабоды СМІ, уключаючы гвалт або пагрозы гвалту ў дачыненні да журналістаў, неабгрунтаваныя арышты або пераследу журналістаў, цэнзуру і сур'ёзныя абмежаванні ў Інтэрнэце;
  • гандлю людзьмі, уключаючы прымусовую працу;
  • забароны незалежных прафсаюзаў і сістэматычных абмежаванняў свабоды асацыяцый работнікаў;
  • гвалту або пагроз у дачыненні да працоўных актывістаў або членаў прафсаюзаў.

«Урад не зрабіў дакладных крокаў або дзеянняў для выяўлення і пакарання службовых асоб, вінаватых у парушэннях правоў чалавека», – сказана ў дакладзе Дзярждэпу ЗША.