Палітэмігрантам пагражаюць штрафамі з-за пратэрмінавага пашпарту. Хронікі рэпрэсій 14 жніўня
Праваабаронцам стала вядома пра тое, што беларускія палітычныя эмігранты, якія маюць пратэрмінаваны пашпарт і не могуць прыехаць у Беларусь і замяніць яго, пачалі атрымліваць лісты па месцы прапіскі ў Беларусі. У іх гаворыцца, што людзям трэба прыйсці ў аддзел па міграцыі і замяніць пашпарт — інакш, штраф.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1736 дзён, Дзяніс Івашын — 1616 дзён.
Як цяпер пераследуюць за «экстрэмізм» на Гомельшчыне
Паводле сведчанняў жыхароў Гомельскай вобласці, у рэгіёне не змяншаецца маштаб адміністрацыйнага пераследу за «падпіскі» і «лайкі» інфармацыйных рэсурсаў, якія ўлады абвясцілі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і ўключылі ў адпаведны спіс, піша Флагшток.
Жыхар Гомельшчыны, якога за «падпіску» затрымалі і накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання да суду, распавёў:
«Такіх як я, «адміністрацыйных экстрэмістаў» было вельмі шмат. Мяне некалькі разоў за суткі перакідвалі ў розныя камеры. І толькі ў адной я сустрэў звычайных правапарушальнікаў, крымінальнікаў, а ў астатніх — выключна «адміністрацыйныя экстрэмісты» былі».
Умовы іх утрымання не змяніліся: па-ранейшаму «палітычных» водзяць у кайданках тварам уніз, забараняюць перадачы, будзяць па начах:
«У камеры са «звычайнымі» было значна лепей, бо ў іх была хаця б папера для прыбіральні. Ім забаронена дзяліцца з такімі як я ежай і ўвогуле ўсім. Але яны ставіліся да мяне са спачуваннем. Распавялі, што ІЧУ перапоўнены «экстрэмістамі», таму крымінальнікаў да адпраўкі ў СІЗА міліцыянты вымушаныя трымаць па райаддзелах. Гэта таксама катаванне, бо ў ІЧУ ўмовы, зразумела, лепшыя».
Што тычыцца пакарання, то ў апошні час за «падпіскі» і «лайкі» часцей даюць штрафы, чым «суткі» – у першыя гады масавых рэпрэсій было наадварот:
«Тым, з кім размаўляў, давалі, у асноўным штраф 10–15 базавых велічынь (420–630 рублёў). Некаторым і міліцыянты казалі, што нібыта цяпер рэдка на «суткі» асуджаюць. Казалі, што грошай у бюджэце не хапае, таму стараюцца максімум з людзей выбіць».
У Светлагорску школьнікаў запалохвалі рэпрэсіямі
Падчас летніх вакацый светлагорскіх шкаляроў сагналі на так званую «дыялогавую пляцоўку» на тэму «Профилактика экстремизма в молодежной среде: нет права на ошибку» (мова арыгіналу), піша Гомельская Вясна.
Пра тое, што такое «моладзевы экстрэмізм», дзецям распавядалі старшая памочніца пракурора Светлагорскага раёна Таццяна Хрысцюк і следчая ў асабліва важных справах Светлагорскага аддзела Следчага камітэта Дар’я Аляксеева.
Як паведамілі светлагорскія прапагандысты, Таццяна Хрысцюк распавяла дзецям, якія віды палітычна матываваных рэпрэсій узаконілі ў сваіх крымінальным і адміністрацыйным кодэксах улады Беларусі.
Пры гэтым сама Таццяна Хрысцюк неаднаразова ўдзельнічала ў палітычна матываваным пераследзе жыхароў Светлагорска.