Ніну Багінскую ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 15 жніўня

Імя 78-гадовай пенсіянеркі Ніны Багінскай з'явілася ў абноўленым спісе МУС «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

1_1097_1.png

Нагадаем, 30 красавіка суддзя Максім Трусевіч разгледзеў крымінальную справу супраць актывісткі паводле ч. 2 арт. 342-2 КК. Падставай для крымінальнага пераследу сталі неаднаразовыя адміністрацыйныя пастановы за 2024 год. Пенсіянерку прызналі вінаватай, але замест пакарання прызначылі «прафілактычнае назіранне».

Акрамя Багінскай у «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 31 прозвішча — цяпер у ім 5621 чалавек.

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.

У Гомелі па палітычнай справе асудзілі адваката Сяргея Хлыстова

Яго абвінавачвалі па двух палітычных артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Які менавіта прысуд вынеслі чальцу Гомельскай абласной калегіі адвакатаў — невядома.

Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», Хлыстова затрымалі разам з іншымі двума адвакатамі, у тым ліку з загадчыкам юрыдычнай кансультацыі аднаго з раёнаў Гомеля. Пазней дваіх адвакатаў вызвалілі, а загадчыка юркансультацыі звольнілі з пасады.

Маладога айцішніка з Магілёва асудзілі па чатырох палітычных артыкулах і адправілі ў калонію

Цімафею Караткевічу 23 гады. Ён родам з Магілёва.

У школе Цімафей удзельнічаў у алімпіядах па гісторыі. У 2018-2019 гадах заняў трэцяе месца на абласной алімпіядзе. Пасля гэтага, у 2019 годзе, ён паступіў у Беларуска-расійскі ўніверсітэт на бюджэт на спецыяльнасць «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», набраўшы 310 балаў з 400 магчымых, піша «Наша Ніва».

Цімафей цікавіцца анімэ, коміксамі і камп'ютарнымі гульнямі.

Дата затрымання Цімафея невядомая, але ён знік з сацсетак увесну. Яго ўжо паспелі асудзіць па чатырох артыкулах — «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 1 арт. 367 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «ўступленне ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1).

Хлопцу пагражала да шасці гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачання, як і дакладны прысуд, невядомыя.