Траіх чалавек асудзілі да пазбаўлення волі па справе ініцыятывы «письмо.бел». Хронікі рэпрэсій 18 жніўня

На мінулым тыдні ў Мінску вынеслі прысуд тром палітвязням, якіх абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса): Аляксандру Мазуру, Паўлу Каранюхіну і Аляксандру Лыкшыну. Суд прызначыў Мазуру і Каранюхіну тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Лыкшыну — тры гады і сем месяцаў зняволення. Таксама ім прызначылі па 1000 базавых велічыняў штрафу. 

1_1097_1.png

Па версіі КДБ, мужчыны маюць дачыненне да ініцыятывы «письмо.бел», якую прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» праз месяц пасля затрымання палітвязняў.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1740 дзён, Дзяніс Івашын — 1620 дзён.

MAYDAY TEAM: у адной з калоній Беларусі адменяць жоўтыя біркі для зняволеных на прафуліку

У адной з калоній Беларусі (яе нумар не называецца з меркаванняў бяспекі), адміністрацыя папярэдзіла вязняў пра некаторыя змены з наступнага месяца, паведамляе @MAYDAYMog.

Так, незалежна ад статусу асуджанага (уключаючы «злосных парушальнікаў рэжыму»), кожны вязень цяпер мае права на тры аўдыё і тры відэазванка, а іх працягласць стане прыкладна аднолькавай (на дадзены момант «злоснікам» дазваляюць па адным званку да трох хвілін).

Акрамя таго, адміністрацыі далі наказ больш не пазначаць «жоўтымі біркамі» асуджаных, якія стаяць на «экстрэмісцкім» прафілактычным уліку.

Як мінімум 40 чалавек затрыманы па справе «Беларускага Гаюна»

Паводле звестак «Вясны», у Беларусі дагэтуль працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну» — апошнія з іх адбыліся ў жніўні. Як паведамлялі былыя вязні Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.

Ужо распачаліся суды па гэтай справе — праваабаронцам вядома пра як мінімум шэсць судовых працэсаў.

Праваабаронцам вядома таксама пра як мінімум 40 пацверджаных(!) фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрымання пад вартай на некалькі месяцаў.

Маладую прадпрымальніцу са Слоніма асудзілі за ўдзел у пратэстах

Стала вядома, што 31-гадовую Ганну Кулак са Слоніма ў 2025 годзе асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу. Меркавана ёй прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатнюю хімію»). Дакладны тэрмін невядомы. Тыдзень таму яе ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў».

Ганна Кулак закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. У 2024 годзе адкрыла ІП па рамонту бытавой электронікі. У 2024 жа зноў паступіла на завочнае ў БДЭУ на спецыяльнасць «Маркетынг». Дзяўчына любіць падарожнічаць.

Мужчыну асудзілі за сацыялагічнае даследаванне пра кавід у Беларусі

43-гадоваму Яўгену Краснянскаму вынеслі прысуд за сацыялагічнае даследаванне пра кавід у Беларусі. Яго асудзілі да 7,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу — 25 тысяч рублёў. 

8 жніўня 2025 года Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Канчатковы прысуд вынесены шляхам складання пакаранняў паводле двух артыкулаў. Паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) КК яго асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Паводле ч. 1 арт. 243-3 (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, што прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры) КК яму прысудзілі шэсць месяцаў пазбаўлення волі, а таксама штраф: 25 тысяч рублёў.

У Гродне распачаўся чарговы масавы суд па справе «дваровых чатаў» над жыхарамі Ваўкавыску

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у Гродне 11 жніўня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць васьмі жыхароў Ваўкавыску. Працэс вядзе суддзя Зінаіда Барцэвіч. 

Фігурантаў справы абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Усе фігуранты знаходзяцца пад вартай амаль 10 месяцаў — з канца кастрычніка 2024 года. 

«Прававая ініцыятыва» звярнулася ў ААН з заявай аб парушэнні правоў жанчын у беларускіх турмах

Беларуская праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» накіравала ў Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) афіцыйны зварот з патрабаваннем пачаць расследаванне, піша «Свабода».

Арганізацыя заявіла, што мае доказы таго, што ў беларускіх турмах, калоніях і ізалятарах на працягу многіх гадоў адбываюцца сур'ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў жанчын, у тым ліку катаванні, знявагі і дыскрымінацыя па полавай прыкмеце:

«Гаворка ідзе не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сістэму рэпрэсій, у якой гендэрна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжанне сталі нормай, асабліва ў дачыненні да жанчын-палітвязняў.

Гэтыя парушэнні падпадаюць пад вызначэнне дыскрымінацыі ў сэнсе артыкулаў 1, 2, 3, 5(a), 7 і 12 Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, у тым ліку ў інтэрпрэтацыі Камітэта ў Агульных рэкамендацыях № 19, № 24, № 28 і № 35».

Арганізацыя заявіла, што сабрала «шматлікія сведчанні жанчын, якія прайшлі праз ізалятары часовага ўтрымання, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, следчыя ізалятары і папраўчыя калоніі. У тым ліку дзве калоніі ў якіх утрымліваюцца толькі жанчыны – ПК № 4 у Гомелі і ПК № 24 у Зарэччы.

Сярод найбольш сур'ёзных парушэнняў, апісаных арганізацыяй:

  • адсутнасць належных гігіенічных умоў і даступных сродкаў асабістай гігіены,
  • зневажальныя агляды, ператрусы і адсутнасць прыватнасці, уключаючы распрананне перад мужчынамі-супрацоўнікамі месцаў зняволення,
  • сэксісцкія выказванні, пагрозы.
  • адмовы ў медыцынскай дапамозе і леках, што прыводзіць да сурʼёзных праблем са здароўем, у тым ліку рэпрадуктыўным.

Сітуацыя асабліва пагоршылася пасля падзеяў 2020 года, піша арганізацыя:

«Масавыя арышты жанчын-актывістак, праваабаронцаў і журналістак працягваюцца: паводле звестак на 15 жніўня 2025 года ў Беларусі налічваецца 178 жанчын-палітвязняў».