За антываенную дзейнасць асуджаны евангельскі пастар. Хронікі рэпрэсій 20 жніўня

 Сёння ў Гомелі суддзя Сяргей Салоўскі прысудзіў пастара царквы ХВЕ з в.Небытаў Хойніцкага раёна і кіраўніка місіі «Вяртанне» Алега Лойку да 3,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе Хрысціянская Візія.

1_1097_1.png

Яго абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК РБ («спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») за нібыта перадачу інфармацыі аб перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі праекту «Беларускі Гаюн». Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Пастар Лойка вядомы служэннем у місіі «Вяртанне», што дапамагае людзям, якія пакутуюць наркатычнай залежнасцю. Ён не прызнае віны і кажа, што яго сумленне чыстае перад Богам.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1742 дзень, Дзяніс Івашын — 1622 дзень.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «MTN DEW», «Uмлаўт», «МАЛОРИТА | NEWS»;
  • Старонкі ў Instagram «freemarfa», «free_marfa», «annajay.bу», «amialeshka», «freedomwomenbel», «listy.warszawa», «belpride.wro», «lenatrizno», «belfilmacademy», «studfreedombelarus», «hanna_slip_», «cascade, forever», «Karalina Tsiarentsyeva», «ihar.sluchak»;
  • Старонкі ва «Укантакце» «Медиа Полесье», «Каролина Терентьева»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Татьяна Сидорович», «игорь маньковский», «Сергей Гавриленко», «Берёза и Белоозёрск», «АНТИМАИДАН и нас миллионы», «Александр В», «Za Novuiu Belarus!»;
  • TikTok-старонкі «Еурарадыё.Лайт», «BIELARUSKI SAL», «Андрiй Миколайович».

Былога афганца з Віцебска асудзілі да калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Андрэй Матусенка, які паўтара года праслужыў у Афганістане, цяпер утрымліваецца за кратамі, піша «Наша Ніва». Мужчыне 56 гадоў. У асноўным працаваў дальнабойшчыкам, ездзіў паўсюль — Еўрасаюз, Расія, Беларусь, Украіна.

Суд над мужчынам адбыўся ў 2025 годзе ў Віцебскім абласным судзе. Андрэя Матусенку прызналі вінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).

Затрымалі мужчыну, меркавана, каля лютага 2025 года. Пасля суда ён застаўся за кратамі. Андрэю пагражала да сямі гадоў калоніі, але дакладны прысуд невядомы.

Супрацоўніка «Гроднажылбуд» затрымалі за «паклёп на Лукашэнку»

Пра гэта паведамляецца на сайце прадпрыемства. Вядома, што мужчына працаваў у арматурным цэху, цяпер ён у СІЗА.

З гэтай нагоды работнікаў «Гроднажылбуд» сабралі на размову, падчас якой кіраўніцтва прадпрыемства «асудзіла ўчынак былога супрацоўніка».

За першыя паўгода пракуроры Магілёўскай вобласці накіравалі ў суды 99 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

У прыватнасці, гаворка пра 24 старонкі ў Instagram, 13 акаўнтаў у TikTok, 12 каналаў на YouTube, 9 Telegram-чатаў і каналаў, 9 інтэрнэт-сайтаў, 4 акаўнты ў «X» (Twitter), 3 акаўнты ў Facebook, а таксама па адной старонцы ў «Аднакласніках» і «Укантакце».

«У шэрагу выпадкаў узнікала неабходнасць накіравання ў Магілёўскую абласную камісію па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі запытаў на прадмет наяўнасці прыкмет экстрэмізму ва ўстаноўленых матэрыялах».

Супраць вядоўцы «Белсата» Вольгі Старасцінай завялі другую крымінальную справу 

Першая была распачата у верасні 2024 года супраць аўтараў і гасцей белсатаўскага шоу «План:Б». Следчы камітэт па Гомельскай вобласці распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 361–4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яе ўзбудзілі за два выпускі праграмы «План:Б», якія выйшлі ў эфір 25 сакавіка і 1 красавіка 2024 года. Падазраваных «у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» — больш за дзясятак чалавек.

Другая тычыцца праграмы «Навіны з будучыні», паведамляе «Белсат». Яе вядучая Вольга Старасціна пакуль не ведае, паводле якога артыкула справу распачалі. Але, найверагодней, гэта абвінавачанне або ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», або ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».

У межах «спецвытворчасці» беларусы сумарна асуджаны на звыш за 1100 гадоў

Міжнародны крымінальны суд пачаў папярэдні разгляд сітуацыі ў Беларусі, чаму папярэднічала перадача доказаў злачынстваў рэжыму ўладамі Літвы ў верасні 2024 года. Ключавую ролю ў зборы і перадачы гэтых матэрыялаў сыграў Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, які сістэматычна дакументуе парушэнні правоў чалавека ў краіне.

Паводле звестак Камітэта, беларускі рэжым выкарыстоўвае механізм так званай «спецыяльнай вытворчасці» — завочных судоў — для пераследу апанентаў рэжыму, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Гэты інструмент, уведзены ў ліпені 2022 года, дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасці грамадзян, якія знаходзяцца за межамі краіны, па іх палітычных поглядах і актыўнай дзейнасці, накіраванай супраць дыктатарскага рэжыму.

Да мая 2025 года праз такую працэдуру прайшлі 147 чалавек. Усяго было вынесена 114 прысудаў, а некаторым з іх прысуды выносіліся двойчы. Сумарна людзі атрымалі звыш 1100 гадоў турэмных тэрмінаў і штрафаў на амаль 7,2 мільёна беларускіх рублёў. 

Акрамя таго, з асуджаных спагналі грашовыя сродкі на пагашэнне судовых выдаткаў, пакрыццё шкоды ад злачынстваў і кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым. Аналіз паказвае, што ў 53 выпадках «спецыяльная вытворчасць» ужывалася выключна як палітычны пераслед, выкарыстоўваючы як «палітычныя», так і агульнакрымінальныя артыкулы.

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі сцвярджае, што «спецыяльная вытворчасць» груба парушае ўсе міжнародныя стандарты, устаноўленыя для правядзення судоў. Абвінавачаны не інфармуецца належным чынам аб працэсе, пазбаўлены магчымасці асабіста ўдзельнічаць у судзе або забяспечыць удзел абранага ім абаронцы, а таксама рэальных магчымасцяў абараняць сябе або абскардзіць вынесенае рашэнне.

Літва, будучы дзяржавай-удзельніцай Рымскага статута, перадала запыт у Міжнародны крымінальны суд, аргументуючы гэта тым, што элементы меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыі і пераследы, былі часткова здзейсненыя на яе тэрыторыі або тэрыторыях іншых дзяржаў-удзельніц. У выніку, сітуацыя знаходзіцца на стадыі папярэдняга разгляду ў Міжнародным крымінальным судзе, дзе пракурор ацэньвае наяўнасць разумных падстаў для пачатку афіцыйнага расследавання.

Працэс у МКС важны, так як ён дазваляе прыцягваць да персанальнай адказнасці высокапастаўленых асоб, выдаваць ордэры на арышт без уліку нацыянальных імунітэтаў, ўсталёўваць крымінальную адказнасць, забяспечваць удзел ахвяр у працэсе і прысуджаць ім рэпарацыі, а таксама спрыяе развіццю міжнароднага права і прадухіленню будучых злачынстваў.