Саўладальніка Wargaming хутка пачнуць завочна судзіць за данаты. Хронікі рэпрэсій 12 жніўня

Справу Мікалая Кацалапава 26 жніўня будуць разглядаць у Мінскім гарадскім судзе. Яму інкрымінаваныя ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Мікалая запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці на свой суд з пашпартам.

1_1097_1.png

Нагадаем, раней прапагандысты паведамлялі, што Кацалапаў нібыта зрабіў «дзясяткі пераводаў у крыптавалюце» на «сотні тысяч даляраў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 яго ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1734 дні, Дзяніс Івашын — 1614 дзён. 

Dissidentby: удзельнікаў пратэстаў шукаюць па кнізе з фотаздымкамі з маршаў

Як паведамляе @dissidentBY, штодзень людзі паведамляюць, што да іх сваякоў у Беларусі прыходзяць з ператрусамі і допытамі. Справа тычыцца як тых, хто ўдзельнічаў у акцыях за межамі Беларусі (іх абвінавачваюць па артыкуле 361-4 КК), так і тых, хто быў удзельнкам пратэстаў у 2020 годзе (іх абвінавачваюць па арт. 342 КК або 293 КК). 

Некалькі новых фактаў з таго, як шукаюць удзельнікаў акцый пратэсту ў 2020: 

- на каналах спецслужбаў выкладаюць фотаздымкі з акцыі для апазнання ўдзельнікаў пратэстаў. Таксама вельмі шмат матэрыялаў для апрацоўкі знаходзіцца на тэлефонах і камп’ютарах ужо затрыманых (вы маглі трапіць на чужую камеру). 

- апрацоўваюцца фотаздымкі з кнігі «Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020» (112 старонак)».

Кніга «Marsz Białorusi. Sierpień–grudzień 2020» прадаецца на польскіх маркетплэйсах і змяшчае фотаздымкі з акцый пратэсту, якія публікавалі розныя СМІ.

Праваабаронцам стала вядома пра некалькі затрыманых у межах крымінальнай справы, якіх знайшлі па фотаздымках у кнізе.

19 жніўня ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд апеляцыі на завочны прысуд васьмі «каліноўцам» і намесніку камандзіра палка «Пагоня»

Гаворка пра Вадзіма Пракоп'ева, Аляксея Манчынскага, Рамана Яроменку, Паўла Кахновіча, Яўгена Каранкевіча, Аляксандра Пятроўскага, Яўгена Салохіна, Ягора Іспянькова, а таксама былога палітвязня Ціхана Клюкача.

Ім быў інкрымінаваны шэраг артыкулаў крымінальнага кодэксу, сярод якіх «масавыя беспарадкі», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім», «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і іншыя.

Які тэрміны прызначылі беларусам раней на судзе — невядома.

5 гадоў без Аляксандра Віхора

12 жніўня 2020-га ягонае жыццё абарвалася ў 25 гадоў. Ён не ўдзельнічаў у пратэстах — проста ехаў да сваёй дзяўчыны. Па дарозе яго затрымалі. Ён паспеў паведаміць маці: «Мяне схапілі», нагадвае Гомельская Вясна.

Далей былі тры дні болю, зняваг і катаванняў.

— У аўтазаках без паветра.

— Пад дубінкамі і газам.

— Без лекаў і належнай дапамогі, калі яму станавілася дрэнна.

Сведкі расказваюць: пасля суда ён задыхаўся, клікаў маму і прасіў дапамогі. Замест шпіталя яго завезлі ў псіхіятрычную бальніцу. Калі нарэшце звярнулі ўвагу на сімптомы, сэрца ўжо спынілася. Лекары змагаліся, але было позна.

«Мой сын не памёр — мой сын загінуў ні за што», — казала яго маці падчас пахавання Аляксандра.

Афіцыйная версія — праблемы з сэрцам. Крымінальную справу не завялі. 

Імя Аляксандра — у спісе загінулых ад дзеянняў сілавікоў. Еўрапарламент заклікаў да незалежнага расследавання, але вінаватыя і праз пяць гадоў не пакараныя.