Топ-10 фільмаў пра мары моладзі
У сьвеце, дзе будучыня часта выглядае як туманны далягляд, менавіта моладзь захоўвае здольнасьць бачыць далей. Гэта адбываецца праз музыку, каханьне, мастацтва, супраціў ці проста жаданьне быць сабой. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Харысты (Les Choristes). 2004

Французская стужка пра школу, ці нават хутчэй пра інтэрнат для небясьпечных падлеткаў. Крыстоф Барацье запрашае ў падарожжа па звычаях пасьляваеннай Францыі, дзе жорсткасьць дырэктара распадаецца на дробныя кавалкі пад уплывам ціхаха і кемлівага выкладчыка музыкі.
Фільм паказвае на працэс «прыручэньня» цяжкіх падлеткаў праз цікавую форму, якую прынес з сабою новы выкладчык. Ён стварае хор, дзе хлопчыкі так ці інакш становяцца прасякнутымі прыгажосьцю гэтага сьвету, няхай толькі і праз музыку. А гэта – ці не найлепшы лек для скалечаных душаў.
Нумар 9. Вялікі (Big). 1988

У фільме герой Тома Хэнкса прачынаецца аднойчы не хлопчыкам, якім ён быў дагэтуль, але 30-ці гадовым мужчынам. Каму ў дзяцінстве не жадалася стаць дарослым і рабіць дарослыя рэчы? Том Хэнкс уладкоўваецца на значную пасаду ў кампанію, што займаецца вытворчасьцю цацак.
Ён трапна пацэліў у мэтавую аўдыторыю арганізацыі, ідэі героя Хэнкса на ўсе сто адсоткаў адпавядаюць таму, што чакаюць дзеці па ўсёй Амэрыцы. Босы ў захапленьні і зьдзіўленьні: як яму гэта атрымліваецца рабіць? Адпаведным момантам пачынаецца і рамантычная гісторыя, дзе маленькі хлопчык у целе дарослага разгублена ня ведаю што рабіць. Захапляльная стужка Пэні Маршал.
Нумар 8. Таварыства мёртвых паэтаў (Dead Poets Society). 1989

Легендарны фільм Пітэра Ўіра з выкшталцоным выкананьнем сваёй ролі Робіна Ўільямса. Стужка перадусім распавядае пра сяброўства, давер і павагу. Вучні старой школы, з векапомнымі традыцыямі ад бацькоў-заснавальнікаў ЗША ў пасьляваенны час сутыкаюцца з выкладчыкам новай фармацыі.
Яго падыход да выкладаньня робіць яго сваім сярод навучэнцаў, і белай варона паміж прафэсараў. Прыгожыя колеры восені накладваюць сваё цёплае адценьне на ўвесь фільм. Паэзія, мастацтва і прыгажосьць на ўроках, у час, калі ў сьвеце жорсткае супрацьстаяньне паміж дзяржавамі.
Нумар 7. Бывай, Крыстафэр Робін (Goodbye Christopher Robin). 2017

Стужка, якая вартая для сямейнага прагляду. Сайман Кёрціс далікатна зьняў шчымлівую гісторыю пра пісьменьніка, які прыдумаў сьвет Віні-Пыха і яго сяброў. Вы ж памятаеце імя хлопчыка, які дзейнічае ў казцы? Так-так, гэта Крыстафэр Робін, і менавіта такое імя насіў сын пісьменьніка Алана Мілна.
Пачатак апісаньня інтрыгоўны, але ён цягне за сабою асабістую драму ў дачыненьнях паміж бацькам і сынам, апроч гэтага гледачы ўбачаць балючы, нават жорсткі бок творчасьці, калі літаратурнуя слава зьнішчае чалавечае аблічча чалавека і пераўтварае яго ў машыну. Донал Глісан і Марго Робі па-майстэрску перадаюць сямейныя складанасьці.
Нумар 6. Кляса (Entre les murs). 2008

Стужка Ларана Кантэ стала першым французскім фільмам за больш чым 20 гадоў, якой атрымалася перамагчы на Канскім кінафэсьце. Французы любяць фільмы пра адукацыю і школьныя драмы. Але гэты фільм яшчэ больш узьняў плянку: ён распавядае пра сучасную Францыю. Зусім нядаўна мы ўзгадвалі пра той Парыж, які ўжо ня вернецца, маючы на ўвазе эпоху Алэна Дэлона і Жан-Поля Бэльмандо.
Гэты фільм – жорстка ставіць тварам да твару з рэчаіснасьцю. Новы настаўнік, які поўны імпэту і ведаў, якімі прагне падзяліцца з вучнямі парыжскае школы сутыкаецца з маладымі людзьмі, для якіх і сама французская мова далёка ня родная, і зьнешні выгляд адрозьніваецца ад Вальтэра і Жан-Жака Русо.
Нутраная дылема настаўніка трапляе на жорсткую пазыцыю вучняў. Стужка пастаўленая па аўтабіяграфічным рамане Франсуа Бегадо, які стаў і сцэнарыстам фільма, а таксама выканаў галоўную ролю.
Нумар 5. Чатырыста ўдараў (Les quatre cents coups). 1959

Стужка Франсуа Труфо запрашае нас зазірнуць у францускую сям’ю 50-х гадоў. У той час як гульня маленькіх актораў, што здымаюцца ў галоўных ролях, такая пераканаўчая, выкарыстаньне ў фільме іншых дзяцей, якіх нібы здымаюць ледзьве не схаванай камэрай — так усё натуральна выглядае — робіць усю стужку сапраўднай, а таксама часам сьмешнай і трагічнай.
Не ўсе дзеці як тады, так і сёньня маюць такі экстрэмальны досьвед сталеньня, які мы бачым сярод галоўных герояў, якім прыйшлося зьбегчы з дому. Але любы дарослы можа ўзгадаць сябе ў тым пераходным узросьце, калі зь ім абыходзіліся як з дарослым і чакалі, што ён будзе выконваць законы дарослага жыцьця. Хаця па сутнасьці яны яшчэ заставаліся дзецьмі.
Нумар 4. Лэдзі Бёрд (Lady Bird). 2017

Грэта Гервіг пакінула моцны сьлед у шэрагу фільмаў пра сталеньне падлеткаў. Яна зьняла гісторыю, якая далікатна шчымлівая і шчырая ў сваёй складанасьці. Вечная праблема бацькоў і ўжо не-дзяцей падлеткавага ўзросту, з марамі, расчараваньнямі і жаданьнем вызваліцца. У стужцы здымаецца Цімаці Шаламэ з габрэйскімі каранямі.
Сірша Ронан, адна з самых таленавітых маладых акторак нашага часу, увасабляе дух падлетка на парозе дарослага жыцьця, якая адчайна імкнецца стварыць асобу, адрозную ад свайго кола. Лоры Меткалф у ролі маці Лэдзі Бёрд таксама вельмі пераканаўчая. Адносіны маці і дачкі ў стужцы нагадваюць гледачам пра тонкую мяжу, якая існуе паміж любоўю і раздражненьнем.
Дэбют рэжысэркі атрымаўся выдатным.
Нумар 3. Новы кінатэатар «Парадыза» (Nuovo Cinema Paradiso). 1988

Джузэпэ Тарнаторэ стварыў кранальную гісторыю, у якой маленькі хлопчык у маленькім сіцылійскім гарадку Багерыя так любіць кіно, што напрашваецца ў дапамогу сталаму чалавеку, які круціць запаветныя стужкі ў кінатэатры. Прыгожая гісторыя аб шчырым сяброўстве, якое нараджаецца ў хлопчыка і мужчыны.
Пасьля вайны ў Багерыі не засталося ніякай іншай радасьці, акрамя як схадзіць у кінатэатар. Апроч прагляду, жыхары пасьпяваюць пражываць там і ўсё жыцьцё – дамаўляцца аб працы, ладзіць спатканьні, забойствы і ўсё астатняе.
Кадры стужкі прапітаныя любоўю рэжысэра да роднага горада. Тарнаторэ нарадзіўся ў Багерыі і сам фільм можа быць апісаны як у значнай ступені аўтабіяграфічны.
Нумар 2. Гран Тарына (Gran Torino). 2008

Гэта моцная і непахісная заяўка на бессьмяротнасьць кіно, якое стварае Клінт Іствуд. Ён дасьледуе чалавека праз яго ўзаемадзеяньне з навакольным. У гэтай працы рэжысэр дасьледуе пытаньні ўзросту, расы, адкупленьня. Бліскучы фільм бліскучага майстра.
Іствуд грае нядаўна аўдавелага ветэрана Карэйскай вайны, які змагаецца з культурнымі зьменамі ў сваім раёне, дзе традыцыйныя амэрыканскія каштоўнасьці зьнікаюць, а бандыцкі гвалт каляровых меншасьцяў узмацняецца.
Мы ўбачым як зьмяняецца герой Клінта, шмат у чым насуперак уласным перакананьням. Іствуд грае да такой ступені пераканаўча, што зьдзіўляешся, у якім тонусе знаходзіцца паважанага веку (і гэта больш за 15 гадоў таму!) чалавек. Яму спадарожнічае юнак азіяцкага паходжаньня, які мусіць адыграць вялікую ролю ў гісторыі.
Што такое Гран Тарына? Гэта клясычная мадэль Форда, якая стаіць у гаражы героя Клінта Іствуда і чакае свайго часу, каб выбрацца ў сьвет.
Нумар 1. Тыя, што сьпяць (Sleepers). 1996

Стужка Бары Левінсана апавядае пра кампанію хлопцаў, якія жывуць і робяць дзіцячыя забавы на вуліцах Нью Ёрка. Сьцягнуць яблык ці заблытаць сталага чалавека – лёгка. Але аднойчы іх гульні сканчваюцца трагічным выпадкам, а ўсю банду скіроўваюць ў калёнію для непаўнагадовых.
Стужка падзеленая на дзьве часткі, у другой мы сустрэнем усё тых жа герояў, але пасьля іх вызваленьня, праз пятнаццаць гадоў. Хтосьці зь іх паспрабаваць забыцца на тое, што адбылос зь ім у калёніі, а нехта адчувае патрэбу ў выпраўленьні таго, што іх напаткала ў дзяцінстве.
Робэрт Дэ Ніра выконвае тут ролю сьвятара, які спрабуе вырваць дзяцей са шляху бандытызму, а потым – каб яны не сарваліся ў яго зноў.
Прыемнага прагляду!