Топ-10 фільмаў пра сяброўства
На гэтым тыдні адзначаўся міжнародны дзень, прысьвечаны сяброўству. Сябры, якія слухаюць і разумеюць, зь якімі можна дзяліць радасьць і сьлёзы, мары і страхі. Мы падрыхтавалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Мужчыны (The Men). 1950

Першая роля Марлона Брандо на вялікім экране, якая адразу прыцягнула ўвагу як гледачоў, так і крытыкаў. Новая зорка нарадзілася на вачах. Зьняты рэжысэрам Фрэдам Цынэманам фільм даў Брандо магчымасьць прадэманстраваць свае акторскія здольнасьці на поўную.
Гэта вельмі моцная драма пра спаралізаванага ветэрана Другой сусьветнай вайны, які змагаецца з новай рэальнасьцю ў шпіталі для ветэранаў.
Сам Марлон Брандо жыў цэлы месяц у шпіталі для ветэранаў, каб падрыхтавацца да ролі. Адпачатку кар’еры ён прадэманстраваў імпэт да ўвасабленьня досьведу сваіх герояў, узровень неверагоднай самаадданасьці, які стаў адметнай рысай Брандо.
Нумар 9. Колер грошай (The Color of Money). 1986

Марцін Скарсэзэ фактычна стварыў сіквэл фільма «Більярдыст», у якім здаўна граў той жа актор, што і ў гэтай стужцы. Стылёвы Пол Ньюман вяртаецца на экран у ролі былой зоркі гульні ў більярд, якую ўгаворваюць вярнуцца ў справу. Галоўны герой бачыць магчымасьць лёгкіх грошай і ўзгадвае вострае адчуваньні канкурэнцыі.
Партнэрам па здымках стаў Том Круз, якому пашанцавала паглядзець зблізу на майстар-клясу акторскай гульні. Праца Пола Ньюмана прынесла яму заслужаны Оскар.
Гэты фільм адразу і пра адносіны паміж настаўнікам і вучнем, а таксама пра супрацьстаяньне рэпутацыі мінулых дзён.
Колер амэрыканскіх грошай вельмі падобны да колеру білярднага стала.
Нумар 8. Харві (Harvey). 1950

Захапляльным падарожжам у вобразны сусьвет зьяўляецца фільм Генры Костэра. «Харві» пераносіць нас у сьвет, дзе нябачны трус вышынёй з чалавека — лепшы сябар галоўнага героя. Верагодна, іншы актор давёў бы сітуацыю на экране да абсурду, але Джэймс Сьцюарт уносіць праўдзівасьць у дзеяньні і мысьленьне свайго героя.
Вельмі ўражвае ў стужцы дасьледаваньне тонкай мяжы паміж розумам і вар'яцтвам. Гледачы стануць сьведкамі фантастычнай гісторыі, якая завалодае імі на ўвесь час прагляду.
Ніколі ня позна завесьці сабе ўяўнага сябра. Ці ў вас ужо такі ёсьць?
Нумар 7. Пудзіла (Scarecrow). 1973

Шчымлівае роўд-муві рэжысэра Джэры Шацбэрга кліча гледачоў і галоўных герояў у падарожжа па сэрцы Амэрыкі. Стужка малюе складаны партрэт сяброўства і мараў дваіх, у выкананьні Аль Пачына і Джына Хэкмэна.
Фільм распавядае пра жыцьцё героя Хэкмэна, былога крымінальніка з жорсткай зьнешнасьцю, але вельмі пяшчотным сэрцам, і героя Аль Пачына, які вярнуўся з флоту, і з дзіцячай наіўнасьцю сустракае навакольны сьвет. Іх выпадковая сустрэча прымушае завязаць неверагоднае сяброўства і адправіцца ў падарожжа па краіне з агульнай марай адчыніць аўтамыйку ў Пітсбургу.
Пудзіла — страшэннае і вуглаватае звонку, у сярэдзіне мае нешта зусім адваротнае. Але хіба нехта пра гэта будзе задумвацца?
Нумар 6. Баншы Інішэрына (The Banshees of Inisherin). 2022

Марцін МакДона стварыў па-за часовы фільм, дзеяньне якога адбываецца недзе на выспе каля Ірляндыі. На фоне – даносяцца зьвесткі аб нейкай барацьбе кагосьці з кімсьці са зброяй у руках, што праўда не вельмі зацягвае жыхароў Інэшырына. Яны жывуць простым жыцьцём, калі надвячоркам мужчыны зьбіраюцца ў бары, каб перамагчы пінту-другую піва.
Гледачы становяцца сьведкамі ідэальнай акторскай гульні ад Коліна Фарэла і Брэндана Глісана (тую ж пару той жа рэжысэр здымаў у культавай стужцы “Залегчы на дно ў Бруге”). Гэтым разам сябры, ці як мы заўважаем з першых кадраў, былыя сябры займаюцца вырашэньнем сваіх душэўных перажываньняў. Глісан адмаўляецца сябраваць далей з героем Фарэла праз яго “павярхоўнасьць”. У сваю чаргу той імкнецца наладзіць адносіны.
Сапраўдная, шчырая гісторыя пра сяброўства.
Хто такія Баншы, вынесеныя ў назву фільма? Гэта феі, якія зьяўляюцца прадвесьніцамі сьмерці.
Нумар 5. Два Папы (The Two Popes). 2019

Фільм рэжысэра Фэрнанда Мэйрэлеса бліскуча адлюстроўвае ключавы момант у найноўшай гісторыі Каталіцкага Касьцёла праз далікатнае дасьледваньне дзьвюх яго галоўных фігураў — Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Хорхе Бэрголіа, які пазьней быў абраны новым Папам Францішкам. Дзеяньне фільма разгортваецца на фоне прыгожа намаляванага Рыма і Ватыкана, і ён менш распавядае пра фізычны горад, а больш пра сымбалічную і гістарычную вагу, якую ён нясе як сэрца каталіцкага сьвету.
Энтані Хопкінс і Джонатан Прайс выконваюць вельмі глыбокія ролі Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Бэрголіа. У безьлічы шыкоўных дыялёгах гледачы знаёмяцца з узаемаадносінамі дваіх лідараў. Тое, што далейшыя погляды на будучыню Касьцёла былі дыямэтральна рознымі, паказвае кніга былога асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI, якая пабачыла сьвет летась.
Папа Бэнэдыкт XVI паказаны як вобраз традыцыйнага, кансэрватыўнага сьвятара, а будучы Папа Францішак – як прыклад сьвежага ветру. Вядома, ёсьць вялікае пытаньне, ці не зьнясе сьвежы вецер усё тое, што будавалася напрацягу двух тысячаў гадоў. І ці дзьме ён насамрэч у правільны бок – пакажа гісторыя.
Нумар 4. Чалавек дажджу (Rain Man). 1987

Калі вялікі рэжысэр знаходзіць “свайго” актора – нараджаюцца шэдэўры. У гэтай надзвычай кранальнай карціне партнэрам Дасьціна Хофмана па экране выступае Том Круз, які выконвае ролю малодшага брата Хофмана.
Сам жа Дасьцін Хофман неверагодна пераканальна грае чалавека з адхіленьнямі галавы, у якога аўтызм. Стужка паралельна дасьледуе як прыроду людзей з падобным сындромам, так і чалавечыя адносіны. Больш за тое, братэрскія адносіны: на што можа абаперціся знаёмства дваіх дарослых братоў, якія даведаліся пра існаваньне адно аднаго толькі пасьля сьмерці бацькі.
Для героя Круза зьяўляецца неабходнасьць нешта зрабіць з “адсталым” братам, каб атрымаць бацькавыя грошы. Што яны абодва зробяць адно для аднаго – невымерна больш, чым проста ўчынкі.
“Хто на першай базе? А хто на другой?”
Нумар 3. Уцёкі з Шаўшэнка (The Shawshank Redemption). 1994

Гэтая стужка амаль заўжды знаходзіцца сярод улюбёных у кожнага аматара кіно. Рэжысэр Фрэнк Дарабонт стаў сапраўдным майстрам турэмных гісторый. Узгадаем таксама і яго “Зялёную мілю”, што пабачыла сьвет у 1999, хаця там да ўцёкаў справа не дайшла.
Легендарная эпапея з вельмі працяглым зьняволеньнем галоўнага героя ў выкананьні Ціма Робінса, яго сяброўства са сталым крымінальнікам, якога грае Морган Фрыман, і шматлікіх канфліктаў як з кіраўніцтвам турмы так і з іншымі вязьнямі. Ніхто не чакаў ад ціхага чалавека такой гучнай справы.
Стужка не пакідае абыякавым нават чэрствае сэрца. Нягледзячы на тое, што мы разумеем, перад намі крымінальнікі, якія кагосьці забілі, абрабавалі, згвалтавалі – але ўсё адно яны застаюцца людзьмі, а ўжо потым любымі іншымі словамі, якімі іх можна апісаць.
Ці выконвае пеніцыярная сістэма функцыю, якую яна на сябе ўрачыста ўзяла – перавыхаваць чалавека за час яго ізаляцыі? Рытарычнае пытаньне – што да Амэрыкі, што тым больш да Беларусі. Якім чынам гэтая сістэма павінна функцыянаваць? Дзьве з паловай гадзіны фільма праляцяць хутчэй, чым дзесяцігодзьдзі ў зьняволеньні галоўных герояў.
Нумар 2. Дваццатае стагодзьдзе (Novecento). 1976

Вельмі амбіцыйны кінашэдэўр рэжысэра Бэрнарда Берталучы зьяўляецца творам, які апісвае надзвычай бурны сацыяльна-палітычны ляндшафт Італіі ХХ стагодзьдзя. З пільнай увагай да дэталяў Берталучы запрашае гледачоў у эпічнае падарожжа працягласьцю больш за пяць гадзінаў (майце на ўвазе перад пачаткам прагляду!).
Мы сустрэнем дваіх сяброў з вельмі рознага паходжаньня - землеўладальніка, якога грае Робэрт Дэ Ніра, і селяніна ў выкананьні Жэрара Дэпардзье. Дэ Ніра, у адной са сваіх самых тонкіх і моцных роляў, бліскуча адлюстроўвае ўнутраныя канфлікты героя.
Бэрнарда Берталучы паказвае гістарычныя падзеі ад Першай сусьветнай вайны да ўздыму фашызму і наступнай Другой сусьветнай вайны. У фільмы яны пераплятаюцца з асабістымі гісторыямі пра каханьне, здраду і сяброўства.
Нумар 1. Ідэальны сьвет (A Perfect World). 1993

Стужка зьяўляецца адной з самых перакальных працаў Клінта Іствуда ў якасьці як рэжысэра, так і актора. Гэты магутны фільм распавядае шматслойную гісторыю пра складаную сувязь паміж мужчынам і дзіцём, пераасэнсоўваючы нашыя ўяўленьні пра дабро і зло.
Кевін Костнэр выконвае ролю зьбеглага асуджанага, які, нягледзячы на сваю перадгісторыю, выяўляе нечаканую далікатнасьць, калі падчас уцёкаў бярэ ў закладнікі маленькага хлопчыка. Костнэр па-майстэрску паказвае збалансаванасьць пагрозы крымінальнага мінулага свайго героя з глыбокай чалавечнасьцю. Гледачы безумоўна інакш пачнуць успрымаць стэрэатып пра “злосных крымінальнікаў”.
А Клінт Іствуд грае дасьведчанага тэхаскага рэйнджара, які перасьледуе Костнэра. Іствуд напаўняе свайго героя глыбокім спачуваньнем да крыміналька.
Нягледзячы на відавочнасьць дзеяньня на экране, фільм увесь час падкрэсьлівае істотнасьць суперажываньня і разуменьня.
Прыемнага прагляду!