Топ-10 фільмаў, пастаўленых па п’есах

У тэатры ўсё трымаецца на слове, у кіно — на кадры. Але калі гэтыя сьветы сустракаюцца, нараджаецца магія. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак, сцэнар якіх базуецца на п’есах. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Чалавек на ўсе часы (A Man for All Seasons). 1956

a_man_for_all_seasons_2.webp

Фрэд Цынэман зьняў шыкоўнае кіно пра ангельскага сэра, які стаў каталіцкім сьвятым. Фільм адаптаваны паводле знакамітай п'есы Робэрта Болта. А распавядае ён пра Томаса Мора, выбітнага ангельскага юрыста і дзяржаўнага дзеяча часоў кіраваньня караля Генрыха VIII. Томас Мор сутыкнуўся з глыбокай маральнай дылемай, калі адмовіўся пагадзіцца з рашэньнем караля развесьціся з жонкай і парываньню манарха з каталіцкім касьцёлам.

Роля сэра Томаса Мора ў выкананьні Пола Скофілда – гэта прыклад ідэальнага акторскага майстэрства. Томас Мор паставіў усё на свае прынцыпы, на сваю веру, на свае перакананьні - і быў забіты за гэта кіраўніком дзяржавы, які праз спакусы згубіў усе арыентыры.

Нумар 9. Шафёр міс Дэйзі (Driving Miss Daisy). 1989

driving_miss_daisy_2.jpg

Праблемы расы, старэньня, сяброўства і звычайных адносінаў – гэтыя рэчы чакаюць вашай увагі напрацягу ўсёй шчымлівай стужкі Бруса Бэрэсфорда. Фільм адаптаваны па п'есе Альфрэда Угры, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію. Гледачы трапляюць у далікатныя абставіны амэрыканскага поўдня канца 1940-х гадоў.

Вобраз Джэсікі Тэндзі, сталай габрэйскай удавы, адлюстроўвае складанасьці жанчыны, якая змагаецца з уласнымі забабонамі і страхамі. Морган Фрыман у ролі кіроўцы робіць свайго героя цярплівым, годным, але разам з тым і сьцішана-упартым, чым самым вымушае шаноўную гаспадыню зьмяніць фанабэрства на павагу.

Спакойны, ціхі фільм, які верагодна стале ўлюбёнцам у вашай залатой калекцыі кіно.

Нумар 8. Бойня (Carnage). 2011

carnage_2.jpg

Тэатральная пастанова на вялікім экране – менавіта так можна апісаць камэрны фільм вялікага Рамана Паланскі. 4 чалавекі, дзьве пары бацькоў, вырашаюць абмеркаваць нядаўні інцыдэнт у школе іх дзяцей. Прыстойны выгляд, шляхетнае віно і, на першы погляд, фармальная сустрэча перарастае ў сапраўдную бойню.

Не, вы вядома не падумайце, гэта не крывавы хорар, але словы могуць рэзаць гэтак жа востра, як зброя. Шыкоўны акторскі склад, у якім Кейт Уінслет, Джодзі Фостэр, Крыстоф Вальц і Джон Сі Райлі.

Пасядзіце ціхенька ў куточку, бо адчуваньне пры праглядзе будзе вельмі падобным, і паназірайце: гэта мы з вамі, яны з тымі ў любой сітуацыі.

Нумар 7. Розэнкранц і Гільдэнстэрн памерлыя (Rosencrantz & Guildenstern Are Dead). 1990

rosencrantz___guildenstern_are_dead_1.jpg

Калі вы калі-небудзь задаваліся пытаньнем, што адбываецца пасьля дзеяньня найвялікшай п'есы ў сьвеце – шэкспіраўскага Гамлета, «Розэнкранц і Гільдэнстэрн памерлыя» Тома Стопарда прапануе надзвычай заблытаны адказ. Гэты фільм, адаптаваны па п'есе самога Стопарда, дэманструе пакручастыя прыгоды двух другарадных персанажаў з п’есы Шэкспіра – Розэнкранца і Гілдэнстэрна. У Стопарда яны трапляюць у цэнтр увагі ў гісторыі, якая падаецца настолькі ж абсурднай, наколькі і глыбокай.

Геніяльнасьць гэтага фільма (як і п’есы, якую мы таксама горача рэкамендуем да прачытаньня) у тым, як ён гульліва пераплятаецца з падзеямі Гамлета, але пры гэтым стаіць цалкам асобна, Стопард кідае герояў у экзістэнцыяльныя разважаньні і камедыйныя абставіны.

Гэры Олдман у ролі Розэнкранца (ці ён Гільдэнстэрн?) і Цім Рот у ролі Гільдэнстэрна (ці Розэнкранца?) – захапляльны дуэт, які часта не зьвяртае ўвагі на грандыёзныя махінацыі каралеўскага двара вакол іх.

Нумар 6. Бацька (The Father). 2020

the_father_3.jpg

Рэжысэрскі дэбют Фларыяна Цэлера атрымаўся звышудалым. Стужка запрашае гледачоў у сьвет, дзе жыве Энтані, якога грае сапраўдны Энтані – Хопкінс. Гэта чалавек, які імкліва старэе, і разам з гэтым змагаецца з пагаршэньнем стану свайго розуму. У той час як гісторыя нібыта круціцца вакол зьніжэньня здольнасьцей героя, насамрэч гэта аўтарскае разважаньне аб сямейных адносінах. Асабліва складанай іх частцы — паміж састарэлымі бацькамі і іх дарослымі дзецьмі.

Іх узаемадзеяньне з дачкой, якое чаргуецца момантамі пяшчоты, расчараваньня і гора, яскрава ілюструе эмацыянальны ўдар, які дэменцыя наносіць не толькі хворым, але і іх блізкім.

Не забывайцеся цаніць хвіліны радасьці з сям’ёй.

Нумар 5. Гамлет (Hamlet). 1948

hamlet.jpeg

На наш погляд, нягледзячы на цэлы шэраг іншых спробаў па ўвасабленьні гэтай п’есы на экране, менавіта праца сэра Лоўрэнса Аліўе зьяўляецца шыкоўным эталёнам для іншых.

Няма сэнсу прыгадваць сюжэт, які так ці інакш ведае кожны. Аліўе па-майстэрску пераўтварае сутнасьць п'есы ў візуальнае сьвята. Чорна-белыя колеры не абмяжоўваюць, а ўзмацняюць драму. Да таго ж, сэр Лоўрэнс усё ўзяў у свае рукі – і рэжысэрскі фатэль і выкананьне ролі Гамлета.

Звыш пераканаўча, неверагодна рэалістычна.

Нумар 4. Котка на распаленым даху (Cat on a Hot Tin Roof). 1958

cat_on_a_hot_tin_roof_2_1.webp

Выдатная драма Рычарда Брукса паводле п’есы Тэнэсі Ўільямса, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію. Дзеяньне фільма адбываецца ў душным, няўтульным маёнтку ў паўднёвым сьпякотным штаце Місісіпі, які служыць ідэальным фонам для разгортваньня драмы. Сам дом адлюстроўвае нутраную сьпёку і ўзрушэньні герояў.

Элізабэт Тэйлар і Пол Ньюман, які грае яе мужа, ствараюць магутную кінематаграфічную зброю, каб абязброіць гледачоў. Кожны з тых, хто пазнаёміцца з гісторыяй цяжкай сям’і, не застанецца без глыбокага ўражаньня. Рэжысэр прымусіць гледачоў адчуваць кожную гарачую спрэчку і шэпт, які цягне за сабою сямейныя тайны.

Нумар 3. Гленгары Глен Рос (Glengarry Glen Ross). 1992

glengarry_glen_ross_3.jpg

Калі вы любіце тэатар, калі вы аматар дыялёгаў, якія запаўняюць увесь час, гэты фільм Джэймса Фоўлі, які зьняты па п’есе — дакладна для вас. Героі Аль Пачына, Джэка Лемана і Алана Аркіна вядуць змаганьне ў офісе сваёй кампаніі, якая займаецца продажамі нерухомасьці, за сваё месца працы.

Дырэктар у выкананьні Кевіна Спэйсі паставіў умову: праз тыдзень толькі два лепшых супрацоўнікі застануцца на сваім месцы, астатніх чакае звальненьне. Супрацоўнікі, апроч працы з кліентамі, пачынаюць ваенныя дзеяньні супраць адно аднаго. Стужка пачынаецца ў кавярні, дзе за вакном ідзе моцны дождж. Дарэчы, значная частка бюджэту пайшла на стварэньне гэтых гукаў дажджу, якія мы чуем амаль палову фільма.

Нумар 2. Трамвай Жаданьне (A Streetcar Named Desire). 1951

a_streetcar_named_desire_1.webp

Рэжысэр Элія Казан адаптаваў для кінаэкрану галоўную п'есу Тэнэсі Ўільямса. Як бачым, драматург і Марлон Брандо апынуліся шчыльна зьвязаныя ў жыцьці.

Дзеяньне фільма разгортваецца на душным фоне пасьляваеннага Новага Арлеана і дасьледуе складаную гісторыю адносінаў паміж прыгажуняй у выкананьні Вівіен Лі і яе жорсткім шваграм, якога грае Брандо.

Жорсткае супрацьстаяньне, якое пачынаецца пасьля прыезду сястры-няўдахі жонкі галоўнага героя правядзе гледачоў праз лабірынты розных разьвілак. Шлях, які неабходна пераадолець шероям – неверагодна заблытаны. Што чакае ў фінале жыцьцёвай паездкі – ня ведае ніхто. І толькі зьнянацку, як пранізьлівы гук трамвая, усе стае на свае месцы.

Нумар 1. Хто баіцца Вірджыніі Вульф? (Who's Afraid of Virginia Woolf?). 1966

who_s_afraid_of_virginia_woolf_1.jpg

Стужка Майка Нікалса была яго рэжысэрскім дэбютам. Дзякуючы нахабнай гульні Элізабэт Тэйлар фільм стаў кінашэдэўрам. Акторка пазбавілася ад свайго глямурнага вобразу, і тут увасабляе ролю грубай жонкі такім чынам, што адначасова шакуе гледачоў і застаецца ў той жа час вельмі кранальнай.

Гэтая адаптацыя п'есы Эдварда Олбі кідае ўсіх ахвотных паназіраць за складанымі сямейнымі адносінамі пары, якая пражыла ў шлюбе ўжо 20 гадоў, і нявыказаныя прэтэнзіі і крыўды вось-вось вылязуць на ўсеагульны агляд.

Дзея адбываецца напрацягу аднаго вечара, і адным доме, куды сямейна пара ў выкананьні Элізабэт Тэйлар і Рычарда Бёртана запрашае сваіх знаёмых. Іх узаемадзеяньне напоўненае адчувальным напружаньнем. Фільм зьяўляецца пакутлівым падарожжам у глыбіні сямейных праблемаў. І гэта напраўду фэнаменальная роля спадарыні Тэйлар.

Прыемнага прагляду!