Топ-10 фільмаў з агучкай па-беларуску

Усе людзі падзяляюцца на тых, хто любіць глядзець фільмы ў арыгінале, ці з субтытрамі, ці з роднай яму агучкай. Беларускія сэрвісы прапануюць такія магчымасьці. Мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых фільмаў, якія можна ўключыць дома па-беларуску. Прыемнага прагляду! 

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Леў зімою (The Lion in Winter). 1968

the_lion_in_winter_3.jpg

Гістарычная драма пра сярэднявечную Англію. Кэтрын Хёпбэрн, Пітэр О’Тул, а таксама малады Энтані Хопкінс (так, ён калісьці быў не адразу сярэдніх гадоў) выконваюць галоўныя ролі ў фільме Энтані Харві. На экране — 1183 год, калі кароль Англіі зьбіраецца прызначыць свайго спадкаемца на трон. Шмат прэтэндэнтаў, яшчэ больш інтрыгаў, але карона дастанецца камусьці аднаму. Гісторыя, дзе сярод вялікай сям’і ёсьць вялікія пляны, якім спадарожнічае вялікая ўзаемная нянавісьць.

Кэтрын Хёпбэрн грае жонку караля Элеанору Аквітанскую, якая мае ўласныя ідэі што да будучыні манархіі. Дададзім, што каралева Элеанора, як даведваемся напачатку, ужо пасьпела быць палітычнай зьняволенай пасьля спробы замаху на свайго мужа.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 9. Пакінутыя (The Holdovers). 2023

the_holdovers_2.jpg

Ідэальны фільм Аляксандра Пэйна, які дакладна застанецца ў шэрагу карцінаў, да якіх можна вяртацца праз гады і нават дзесяцігодзьдзі.

Існуюць стужкі, у якіх нават мэбля, падаецца, заўжды на сваім месцы. Такім параўнаньнем можна апісаць выбар актораў на галоўныя і іншыя ролі ў карціне Пэйна. Пол Джамаці, дэбютант Дамінік Сэса, максімальна дарэчная Давайн Джой Рэндальф і ўсе іншыя – ствараюць выключны ансамбль.

Стужка зьвяртаецца да адносна нядаўняга гістарычнага перыяду – часу позьняй вайны ў В’етнаме, на фоне якой гледачы трапляюць у кампус элітарнай навучальнай установы напярэдадні Раства. Кожны жыве хуткімі вакацыямі, калі можна будзе кінуць занудныя заняткі і бавіць час з сям’ёю. І тут, пад уплывам розных акалічнасьцяў, мы трапляем у сітуацыю, калі разьвітацца са свамі плянамі вымушаныя некалькі навучэнцаў, нудны і раздраджальны выкладчык антычнай гісторыі, а таксама супрацоўніца кухні, якая засталася адна пасьля сьмерці сына на в’етнамскай вайне.

Пакінутыя іншымі, яны вымушаныя застацца ў кампусе на два доўгія тыдні. Кожны са сваёй ранай у сэрцы.

Гэта натхняльная і моцная карціна, дзе дыялёгі гучаць настолькі натуральна, а героі выглядаюць жывымі, а не кардоннымі, як у шматлікіх іншых сёлетніх намінантах на лепшы фільм, што не жадаецца, каб ён сканчваўся.

Кіно павінна быць такім якасным, як новая праца Аляксандра Пэйна.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 8. Сорам (Skammen). 1968

skammen_1.jpg

Дзеяньне стужкі адбываецца параўнальна недалёк ад Беларусі, у Балтыйскім моры. А дакладней – на невялікай выспе, куды героі Макса фон Сюдава і Ліў Ульман прыяжджаюць, каб паправіць здароўе аднаго з сужонкаў.

Мірнае жыцьцё на ізаляванай выспе парушаецца, калі вайна ўрываецца ў іх дом. Інгмар Бэргман па-майстэрску паказвае, як вайна жахлівым чынам зьмяняе іх спакойнае існаваньне ў змрочную барацьбу за выжываньне. Адносіны пары, якія пагаршаюцца ўсё больш і больш, зьяўляюцца напамінам таго, як вайна дэгуманізуе людзей.

Моцнае палітычнае выказваньне рэжысэра актуальнае сёньня як ніколі.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 7. Маўчаньне ягнятак (The Silence of the Lambs). 1990

the_silence_of_the_lambs_2.jpg

Стужка – выбітны твор мастацтва. На адпаведнай цырымоніі Оскар яна атрымала ўсе самыя галоўныя статуэткі: лепшы фільм года, лепшы рэжысэр – Джонатан Дэмэ, лепшы сцэнар, жаночая роля Джодзі Фостэр і, вядома, лепшая мужчынская роля Энтані Хопкінса.

Ганібал Лектар з тых часоў стаў адным з самых цікавых герояў, што зьяўляліся ў кіно. Згадзіцеся, шляхетнага выгляду чалавек, які зь нейкіх прычынаў пачаў есьці людзей, але не становіцца тым, каго не можа вынесьці глядач – гэта інтрыгуе. І калі вы яшчэ не знаёмыя з гэтым фільмам, не хвалюйцеся, сцэнаў у духу «Тэхаскай разьні бэнзапілой» тут няма ўпрынцыпе.

Інтэлектуальныя размовы Хопкінса з Джодзі Фостэр захапляюць, і з іншага боку здольныя спужаць проста тэмбрам голаса (паспрабуйце паглядзець у арыгінале!).

І калі заснуць вы такі ня зможаце, тады варта ўмацаваць уражаньне стужкай-працягам – «Ганібал», якая выйшла ў 2001 годзе.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 6. Форэст Гамп (Forrest Gump). 1994

forrest_gump_4.jpg

Неразумны Форэст Гамп (Том Хэнкс) ніколі не лічыў сябе абяздоленым, і дзякуючы сваёй падтрымліваючай маці (Салі Філд) ён вядзе зусім не абмежаваны лад жыцця. Форэст натхняе людзей сваім дзіцячым аптымізмам, незалежна ад таго, дамінуе ён на турнірнай сетцы ў якасці зоркі футбольнага каледжа, змагаецца ў В'етнаме або ўзначальвае лодку, якая ловіць крэветак. Але аднаго чалавека, які больш за ўсё клапоціцца Форэсту, можа быць цяжэй за ўсё выратаваць - яго дзіцячае каханне, мілую, але праблемную Джэні (Робін Райт).

Лепшы фільм, рэжысэр, галоўная роля на Оскары. Седзячы на аўтобусным прыпынку, Форэст Гамп — не вельмі разумны, але добры і адкрыты хлопец — расказвае выпадковым сустрэчным гісторыю свайго незвычайнага жыцця.

З самага маленства хлопец пакутаваў ад захворвання ног, суседскія хлапчукі дражнілі яго, але ў адзін цудоўны дзень Форэст адкрыў у сабе неверагодныя здольнасці да бегу. Сяброўка дзяцінства Джэні заўсёды яго падтрымлівала і абараняла, але неўзабаве дарогі іх разышліся.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 5. Сёмая пячатка (Det sjunde inseglet). 1957

det_sjunde_inseglet_4.jpg

Стужка пераносіць нас у сярэднявечча, дзе герой Макса фон Сюдава, расчараваны швэдзкі рыцар, вяртаецца дадому пасьля аднаго з чарговых крыжовых паходаў. Пакуль ён змагаўся на чужыне, яго родная краіна ў палоне спусташальнай чумы.

Рыцар сустракае Сьмерць і кідае ёй выклік: згуляць партыю ў шахматы на сваё жыцьцё. Сьмерць, вядома, згаджаецца: хто зь людзей можа быць ёй супернікам.

Рыцар сумняецца ў быцьці Бога, калі той маўчыць, пакуль лютуе Сьмерць, і адпраўляецца ў дарогу, каб крыху адцягнуць непазьбежныя хады ў шахматнай партыі. Бездакорная апэратарская праца і шыкоўная акторская гульня прынясуць асалоду, як і бліскучыя дыялёгі, якія спадарожнічаюць усёй дзеі. Шах, а потым і мат абавязкова павінны быць пастаўленыя. У гэтым — уся гульня, у гэтым — усё жыцьцё.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 4. Гэта цудоўнае жыцьцё (It's a Wonderful Life). 1946

it_s_a_wonderful_life_5.jpg

Яшчэ адным цудам зьяўляецца гэтая стужка. Пасьля вайны відавочна лунаў запыт на нешта, што здолее падараваць надзею для ўсяго чалавецтва. Фрэнк Капра зьняў шэдэўр кінематографу. У галоўнай ролі — супэрзорка Джэймс Сьцюарт, які грае чалавека, што зьбіраецца скончыць жыцьцё самагубствам. Вы можаце заўважыць — такі сабе пачатак для фільма на Раство.

У гэтую ж сэкунду дзеяньне фільма спыняецца, і мы прысутнічаем на нарадзе анёлаў, дзе яны дзівяцца, што ж прывяло чалавека на самы край яго існаваньня. Яны перамотваюць жыцьцё патэнцыйнага самагубцы назад, каб разабрацца. Дзе тыя шляхі, якія вядуць у прорву.

Па вэрсіі амэрыканскага істытута кіно — гэтая стужка самая натхняльная ў гісторыі. Калі вайна і дыктатура падкашваюць вашае жыцьцё – гэта яшчэ не канец. Нам, безумоўна, неабходна натхненьне ў гэтыя часы.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 3. Твар са шнарам (Scarface). 1983

scarface_5.webp

Гісторыі Тоні Камонтэ і Тоні Мантаны, расказаныя адпаведна ў вэрсіях «Твару са шнарам» 1932 і 1983 гадоў, даюць адказ на зьменлівы час і лёс крымінальнага сьвету. Абодва фільмы паказваюць узьлёт і падзеньне маладога амбіцыйнага імігранта ў злачынным сьвеце.

«Твар са шнарам» Браяна Дэ Пальмы пераносіць дзеяньне ў Маямі 1980-х гадоў, і гледачы бачаць кубінскага ўцекача ў выкананьні Аль Пачына. У рымэйку захоўваецца грубы вобраз крымінальнага злачыннага сьвету, але ўзмацняецца яго экстравагантнасьць і куды больш натуралістычны гвалт.

Адно істотнае адрозьненьне паміж двума фільмамі заключаецца ў паказе амбіцый галоўных герояў. У вэрсіі 1932 году амбіцыі выяўляюцца ў жаданьні ўлады і кантролю галоўнага героя. У экранізацыі 1983 году амбіцыі абумоўленыя скажонай інтэрпрэтацыяй амэрыканскай мары ў імкненьні да багацьця і статусу.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 2. Малышка на мільён (Million Dollar Baby). 2004

million_dollar_baby_4.webp

Гэтая стужка не пакіне сухімі вашыя вочы, можаце не сумнявацца. Тут сышлася ідэальная камбінацыя: вялікі рэжысэр Клінт Іствуд зьняў фільм з выдатным акторам Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Падцьверджаньне гэтаму: узнагароды Оскар за лепшы фільм, рэжысэрскую працу, жаночую ролю Хілары Суонк і мужчынскую Моргана Фрымана.

Іствуд грае трэнера па боксу, якому жадалася мець чэмпіёна сярод тых, з кім ён працаваў, але за доўгую кар’еру гэтага так і не адбылося. Аднойчы ў яго залю прыходзіць звычайная, ужо дарослая афіцыянтка, якая чамусьці жадае пачаць трэнеравацца ў 31 год. Трэнер вельмі олдскульны і займацца з дзяўчынкамі — гэта не яго ўзровень. Але з часам ён дазваляе сабе даць ёй некалькі ўрокаў.

Па-сапраўднаму выбітная акторская гульня зробіць з вас спецыялістаў у арганізацыі турніраў па боксу за кароткі час. І безумоўна, гэты фільм не пра бокс, ён пра жыцьцё, па якім часам наносяцца страшэнныя ўдары, нібы па грушы, што вісіць у старой залі.

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Нумар 1. Добры, кепскі, злы (The Good, the Bad and the Ugly). 1966

the_good__the_bad_and_the_ugly_1.jpg

Вяршыня ў гісторыі кінематографу ў жанры вэстэрн. Заключны фільм трылёгіі Серджыа Леонэ з Клінтам Іствудам у галоўнай ролі.

Калі я быў маленькі і праводзіў лета ў дзядулі з бабуляй, дагэтуль памятаю той канкрэтны вечар. Мой дзед Анатоль сказаў, што ўвечары будуць паказваць добры фільм (хаця кінаманам яго нельга было назваць), і я цэлы дзень чакаў прагляду. Як толькі пачаліся першыя кадры, мяне нельга было зварушыць з фатэля на працягу трох гадзінаў, што цягнулася тая стужка. Гэта былі гадзіны, якія перагарнулі ўспрыманьне майго кінамастацтва. Добры, кепскі, злы.

Музыка, якая стварала сабою ўражаньне свайго асабістага сьвету, прымусіла ўвабраць у сябе сцэну за сцэнай, і я несьвядома адчуваў сябе часткай дзікага Дзікага Захаду. Гэтыя пачуцьці пранёс і праз усе з тых часоў пройдзеныя гады, і са шчырым сэрцам вельмі рэкамендую ўбачыць гэты шэдэўр.

Скажыце, ці змаглі б вы прыгадаць сцэну на 10 хвілінаў, дзе не адбываецца нічога, апроч таго, што тры чалавекі стаяць, не прамаўляючы ні слова – і ад гэтага немагчыма адвесьці позірк ні на долю сэкунды? Гэтая сцэна ў фільме Леонэ.

«Ты ведаеш, што ў гэтым сьвеце ёсьць два віды людзей, мой сябар – тыя, у каго зараджаная зброя і тыя, хто капае. Ты капаеш».

Старонка з фільмам у беларускай агучцы тут.

Прыемнага прагляду!