Топ-10 фільмаў пра прыгоды і небясьпекі ў падарожжах

Зараз самы час зьбіраць валізкі і скіроўвацца ў прыемныя месцы. Сярэдзіна лета – традыцыйны перыяд адпачынкаў і паездак. Аднак тут і там можа чакаць небясьпека, альбо нечаканая прыгода. З гэтай нагоды мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Фінч (Finch). 2021

finch_3.jpeg

Дастаткова сьвежы фільм з Томам Хэнксам у галоўнай ролі. У іншай галоўнай — сабака. Як вы ўжо напэўна разумееце, нас чакае гісторыя, прасякнутая клопатам, любоўю і самотай. Мігель Сапачнік (той самы, які зьняў самыя знакамітыя эпізоды «Гульні Тронаў») зрабіў кранальны фільм пра жыцьцё пасьля нейкай катастрофы (мы дакладна не ведаем, што адбылося: вайна ці нешта іншае).

Паўсюль на зямлі радыяцыя, а герой Хэнкса ў суправаджэньні сабакі і робата спрабуюць адшукаць месца, дзе магчыма ёсьць яшчэ людзі. Роўд-трып у Сан-Францыска, падчас якога цэлы фільм мы бачым аднаго актора. Том Хэнкс з тых, хто не зможа надакучыць за дзьве гадзіны.

Нумар 9. Турыст (The Tourist). 2010

the_tourist_1.jpg

Некалькі чалавек прыяжджае ў горад, які славіцца самім сабою. Вэнэцыя яшчэ больш становіцца зачараваным месцам, калі героі Анджэліны Джалі і Джоні Дэпа становяцца заблытанымі ў захапляльную гісторыю. Трылер, напоўнены рамантычнасьцю і лёгкім гумарам – тое што трэба ў летні час.

Неверагодных, сьвежых, новых хадоў у гэтай працы Флярыяна Хенкель фон Донэрсмарка чакаць не выпадае. Але калі вы прыхільнік адной з двух суперзорак, што ўдзельнічаюць у стужцы – сьмела ўключайце гэты фільм.

Нумар 8. Трохкутнік смутку (Triangle of Sadness). 2022

triangle_of_sadness_3.webp

Вельмі іранічная камедыя швэдзкага рэжысэра Рубэна Эстлунда ўжо пасьпела перамагчы на апошнім Канскім кінафэсьце. Стужка складаецца з трох частак, кожная зь якіх раптоўна выходзіць з папярэдняй. Трэба адзначыць, што гумарам насычаны амаль увесь экранны час, і бліжэй да фіналу можна нават стаміцца ўсьміхацца.

Фільм – цудоўны прыклад правільнага і іранічнага падыходу да сучаснага сьвету, і дзякуючы гэтай працы мы можам без пагрозы кэнсэлінгу ад душы пасьмяяцца з самых тонкіх тэмаў сёньняшняга дня. Вудзі Харэльсан грае капітана круізнага лайнэра, які зьяўляецца ідэйным марксістам, дадайце туды самалійскіх піратаў, пару мадэляў, брытанскіх вытворцаў зброі, расейскага алігарха, і нямецкую кабету-інваліда – усе зьмяшаюцца ў прывабны ансамбль. Кожны са шматлікіх герояў фільма вельмі таленавіта раскрываецца і ўдзельнічае ў трагікамічных сцэнах.

Гэтая стужка вартая таго, каб быць прагледжанай, але лепш не ўжываць ежу падчас прагляду, бо марская хвароба, як і ў герояў, можа распаўсюдзіцца і на вас.

Нумар 7. Вайсковы фургон (The War Wagon). 1967

the_war_wagon_2.jpg

Выдатны вэстэрн ад Бэрта Кэнэдзі з Кіркам Дугласам і каролём гэтага жанру Джонам Уэйнам у галоўных ролях. Іх экраннае партнэрства па-сапраўднаму ўзьвялічвае гэтую не самую складаную на першы погляд гісторыю пра помсту і рабаваньне.

Рэжыср Бэрт Кэнэдзі ўмела ўраўнаважвае традыцыйныя перастрэлкі, якія можна чакаць ад вэстэрну, з тонкасьцямі і напружанасьцю плянаваньня рабаваньня. Аднайменны «Вайсковы фургон» - гэта браняваная крэпасьць на колах, якая становіцца сымбалем індустрыяльнай магутнасьці новага часу, супраць якой героі павінны супрацьстаяць сваім розумам і здольнасьцямі, набытымі на Дзікім Захадзе.

Ці атрымаецца Дугласу і Ўэйну абрабаваць фургон?

Нумар 6. Занадта далёкі мост (A Bridge Too Far). 1977

a_bridge_too_far_1.jpg

Эпапея сэра Рычарда Атэнбара пра Другую сусьветную вайну ўключае безьліч зорак сусьветнага кіно. Фільм стаў адной з самых амбіцыйных рэканструкцый вайны ў гісторыі кініматографа. Сярод галівудзкіх легендаў, такіх як Шон Конэры, Робэрт Рэдфард, Энтані Хопкінс, Лоўрэнс Аліўе, Джэймс Каан, а Джын Хэкман зьзяе ў вобразе польскага генэрала.

Яго герой стаіць у апазіцыі да аптымізму камандаваньня хаўрусьнікаў, асабліва калі ён выказвае свае ідэі адносна шанцаў апэрацыі па разгрому нямецкіх сілаў пасьля высадкі ў Нармандыі.

Пралікі, неахайнасьць і звычайныя памылкі будуць каштаваць вельмі дорага. Маштабныя здымкі і насычаныя падзеі чакаюць гледачоў у гэтым доўгім фільме.

Нумар 5. Зямля качэўнікаў (Nomadland). 2020

nomadland_1.jpg

Стужка магла пабачыць сьвет як сто гадоў таму, так і ўчора – выглядае абсалютна гарманічна. Бязьмежныя прасторы Амэрыкі, дыліжанс (ці ў нашым выпадку – трэйлер) і бясконцыя магчымасьці.

З магчымасьцямі, праўда, больш складана, чым з тэрыторыямі, на якіх іх можна адшукаць. Хлоя Чжао зьняла выдатнае кіно. Фрэнсіс МакДорманд, як амаль заўжды, ідэальна выканала сваю ролю.

Пасьля эканамічных цяжкасьцяў на малой радзіме, гераіня МакДорманд зьбірае ўсё неабходнае і рушыць у падарожжа. Яно адбываецца не толькі па краіне, але і ўсярэдзіну сябе. Надзвычай цікавы шэраг качэўнікаў, якія сустракаюцца па-дарозе, кожны зь якіх па-свойму ўносіць нешта ў асобу галоўнай гераіні.

Прыгожай «разынкай» стужкі зьяўляецца і тое, што некаторыя героі – граюць саміх сябе, і нават іх дыялёгі з гераіняй МакДорманд не напісаныя загадзя, а вельмі часта – палёт шчырай размовы.

Нумар 4. Уцёкі з Алькатраса (Escape from Alcatraz). 1979

escape_from_alcatraz_3.jpg

Верагодна самая знакамітая вязьніца ў сьвеце, аб якой існавала безьліч легендаў і мітаў. Адна з легендаў пачыналася так: ніхто ніколі не змог уцячы з Алькатрасу. Ніхто, акрамя аднаго. Ролю гэтага адважнага чалавека бліскуча выканаў Клінт Іствуд. Хто як ня ён умее сказаць сотні фразаў, ня вымавіўшы ні слова? А ў Алькатрасе неабходна звыкаць да жорсткіх абставінаў.

Стужка заснаваная на рэальных падзеях, а таму ў кожнага з нас застаецца спадзяваньне, што можна выбрацца нават з таго месца, пра якое ходзяць легенды пра немагчымасьць. Уцёкі ад несправядлівасьці. Выдатны олдскульны фільм.

Нумар 3. Рымскія вакацыі (Roman Holiday). 1953

roman_holiday_2.webp

Стужка зьнятыя легендарным Уільямам Уайлерам, – гэта цудоўная рамантычная камедыя. Галоўнае, што ёсьць у фільме – чароўны дуэт Одры Хёпбэрн і Грэгары Пэка, якія з кожным новым праглядам даруюць асалоду кінематаграфічным прыгодам сярод маляўнічых відаў Рыма.

Дагэтуль кадры, на якіх галоўныя героі на Веспе расьсякаюць вуліцы вечнага горада, зьяўляюцца неад’емным атрыбутам у кожнай сувэнірнай краме Рыма.

Рым зьяўляецца такім жа персанажам фільма, як героі Пэка і Хёпбэрн. Ад знакавых Гішпанскіх лесьвіцаў да велічнага Калізея. Уайлер па-майстэрску адлюстроўвае гістарычны шарм Рыма і вулічнае жыцьцё, прымушаючы гледачоў закахацца ў горад гэтак жа моцна, як і галоўныя героі фільма.

У сюжэце – прынцэса, якая прагне пабыць інкогніта, і журналіст, якому неабходныя сенсацыі. Але ў выніку становіцца неабходным нешта зусім іншае.

Нумар 2. Дыліжанс (Stagecoach). 1939

stagecoach_3.webp

Гэтая стужка Джона Форда — самае лепшае што можна абраць для азнаямленьня з клясычным фільмам у жанры вэстэрн. Менавіта тут набраў абароты самы галоўны каўбой Дзікага Захаду — Джон Уэйн. Чалавек, які на дзесяцігодзьдзі стаў сынонімам слова «вэстэрн». Менавіта Джон Уэйн, а ня Рональд Рэйган, мог стаць першым прэзыдэнтам, які раней быў акторам. Шалёная папулярнасьць і аўтарытэт Уэйна стаў прычынай яго вылучэньня ад рэспубліканскай партыі на выбарах у 1960-х, але сам Джон вырашыў не працягваць палітычную кар’еру.

Фільм Джона Форда зрабіў сапраўднае пераасэнсаваньне жанру ў вачах тагачасных гледачоў, бо папярэднія сотні і сотні карцінаў былі нібы экранізацыяй гатовых слайдаў са штампамі. Тут жа мы становімся сьведкамі, як цэлы акторскі ансамбль атрымлівае свой голас. Героі — не проста дэкарацыі на фоне пустыні, але жывыя і драматычныя героі. Сядайце на дыліжанс разам зь імі, і паехалі! Не забудзьцеся толькі адстрэльвацца ад дрэнных.

Нумар 1. Таксіст (Taxi Driver). 1976

taxi_driver_4.jpg

Майстар-кляс ад Марціна Скарсэзэ па стварэньні шэдэўра. Для гэтага неабходна спалучыць рэжысэра з лепшым акторам усіх часоў – Робэртам Дэ Ніра, і даць ім абодвум волю. У дадзеным выпадку да рэцэпту можна дадаць Джодзі Фостэр, якая грае 13-гадовую прастытутку, і Харві Кейтэля, яе сутэнэра. Ну а Дэ Ніра будзе проста езьдзіць на машыне.

Яго герой — самы звычайны ветэран вайны ў В’етнаме, які выконвае няхітрую працу — развозіць людзей па Ню-Ёрку. Смурод, бруд і дэкаданс сталіцы сусьвету застаецца па левы і па правы бок ад таксіста. А таксама на заднім сядзеньні.

Ён адзін сярод мільёнаў людзей, і ён сьведка таго, што напаўняе Вялікі Яблык сярэдзіны 70-х. Аднак так ці інакш ён становіцца ўцягнуты ў справы. А потым зьявіцца яна — анёл, якая працуе ў перадвыбарчым штабе.

Выкананьне Робэрта Дэ Ніра ў гэтай стужцы зьяўляецца эталонным.

Сядайце ў таксі, і паехалі.

Прыемнага прагляду!